Выказваньні Аляксандра Лукашэнкі аб дачыненьні габрэяў да карупцыі «непрымальныя і абуральныя». Пра гэта заявіў 16 чэрвеня міністар замежных спраў Ізраілю Ісраэль Кац.
Паводле яго слоў, якія перадае партал jns.org, такія камэнтары «гучаць як відавочна антысэміцкія».
Чарговае антысэміцкае выказваньне Лукашэнка дапусьціў, кажучы 14 чэрвеня на нарадзе з урадам пра карупцыйную справу, адным з фігурантаў якой зьяўляецца яго былы памочнік — інспэктар па Віцебскай вобласьці, экс-міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ігар Брыло.
Лукашэнка заявіў, што разам зь ім па крымінальнай справе праходзяць тры дзясяткі чалавек.
«Вось тры дзясяткі чалавек пералічаныя. Вы мяне прабачце, я не антысэміт, але больш за палову — габрэі. Яны што ў нас прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і ня думаюць пра сваю будучыню? Усе аднолькавыя перад законам — і габрэй, і беларус, і ўкраінец, і расеец, і паляк. Вінаваты — будзе сядзець», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў дапусьціў антысэміцкае выказваньне. Беларускі палітоляг напісаў пра гэта амбасадару Ізраіля