Дванаццаць чалавек не зьявіліся на першы цэнтралізаваны экзамэн (ЦЭ) з прычыны прызыву ў войска. То бок, яны зарэгістраваліся на экзамэн, але патрапілі ў вясновы прызыў і, такім чынам, не змаглі завяршыць навучаньне. Tochka.by пацікавілася ў Міністэрства адукацыі Беларусі, як такое магчыма.
ЦЭ зьяўляецца аналягам ранейшых выпускных экзамэнаў пасьля 11 клясаў школы. Іншых экзамэнаў для атрыманьня атэстату аб агульнай сярэдняй адукацыі ў Беларусі не прадугледжана.
Рэдакцыя Tochka.by яшчэ ў канцы траўня зьвярнулася па камэнтар у Міністэрства адукацыі Беларусі, але чыноўнікам спатрэбілася два тыдні, каб высьветліць сытуацыю.
Урэшце ў Мінадукацыі адказалі, што навучэнцаў для праходжаньня ЦЭ рэгіструюць установы адукацыі, і сёлета сярод удзельнікаў экзамэну аказаліся і тыя, хто раней не завяршыў навучаньне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Як патлумачылі ў Мінадукацыі, калі школьнік не завяршыў навучаньне, ён можа атрымаць атэстат «шляхам праходжаньня працэдуры выніковай атэстацыі ў парадку экстэрнату».
Прайсьці атэстацыю ў парадку экстэрнату ў Беларусі, паводле Кодэксу аб адукацыі, могуць:
- дзеці, якія цалкам або часткова самастойна асвоілі зьмест адукацыйнай праграмы базавай або сярэдняй адукацыі,
- навучэнцы ўстановаў адукацыі, якія не прайшлі або не пацьвердзілі дзяржаўную акрэдытацыю,
- дзеці, якія вывучалі або вывучылі вучэбныя прадметы пры атрыманьні прафэсійна-тэхнічнай адукацыі, але не атрымалі адпаведнай адукацыі.
У рамках працэдуры экстэрнату навучэнцу выстаўляюць адзнакі пасьля праходжаньня выніковых экзамэнаў. «Экстэрны ў абавязковым парадку здаюць цэнтралізаваныя экзамэны», — патлумачылі ў Мінадукацыі. Дапусьціць да атэстацыі ў парадку экстэрнату можа мясцовы орган улады ў сфэры адукацыі, для здачы выпрабаваньняў такога чалавека залічаюць у пэўную школу, гімназію і т.д.
Цікава, што заяву на праходжаньне атэстацыі ў фармаце экстэрнату трэба падаць у пэрыяд з 3 лютага да 25 красавіка году атэстацыі, пры гэтым рэгістрацыю на ЦЭ ўдзельнікаў праводзяць з 20 сакавіка па 5 красавіка — то бок, яна завяршаецца на 20 дзён раней, чым надыходзіць крайні тэрмін на падачу заяваў для экстэрнату.
Вясновы прызыў у армію сёлета праводзілі зь лютага па травень 2024 году. «Такім чынам, экстэрны, зарэгістраваныя на праходжаньне ЦЭ да 5 красавіка, маглі быць прызваныя на тэрміновую ваенную службу», — патлумачылі ў Мінадукацыі.
У ведамстве падкрэсьлілі, што сярод названых у статыстыцы 12 выпадкаў няяўкі на ЦЭ з прычыны прызыву ў войска ўсе навучэнцы праходзілі экстэрнат.
- У адпаведнасьці з Законам «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу для працягу адукацыі ў Беларусі даюць адзін раз.
- У адказе Мінадукацыі не ўдакладніла, ці будзе ў хлопцаў магчымасьць пасьля войска зноў зарэгістравацца на ЦЭ і прайсьці выпрабаваньні.
- Цэнтралізаваны экзамэн у Беларусі — адначасова і выпускны, і ўступны ў ВНУ, яго вынікі можна падаваць пры паступленьні. Да 2023 году выпускнікі здавалі выпускныя экзамэны ў школе, а пасьля цэнтралізаванае тэставаньне для паступленьня.