Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Удзельнікі саміту, якія сабраліся на курорце ў Апуліі на поўдні Італіі, абмяркоўваюць і іншыя важныя тэмы, у тым ліку фінансавую падтрымку Ўкраіны, вайну ў сэктары Газа, штучны інтэлект і зьмены клімату, а таксама прамысловую палітыку Кітая і эканамічную бясьпеку.
Міграцыя становіць асаблівую цікавасьць для гаспадыні саміту, Італіі. Людзі, якія ўцякаюць ад вайны і беднасьці ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе і Азіі, у многіх выпадках выбіраюць маршруты, якія праходзяць праз Італію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Італіі пачаўся саміт Вялікай сямёркі (G7), сёньня гаворка ідзе пра Ўкраіну«Італія хацела аддаць дастаткова месца іншаму кантынэнту, які мае асноватворнае значэньне для будучыні ўсіх нас, а менавіта Афрыцы зь яе цяжкасьцямі і магчымасьцямі», — заявіла прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні, выступаючы на саміце.
«З Афрыкай, дый ня толькі з Афрыкай, зьвязаная яшчэ адна фундамэнтальная праблема, якую Італія паставіла ў цэнтар свайго прэзыдэнцтва ў G7. Гаворка ідзе пра міграцыю, пра ўсё больш трывожную ролю арганізацый, якія займаюцца гандлем людзьмі, эксплюатуючы адчай людзей», — сказала яна.
Паводле дадзеных управы вярхоўнага камісара ААН па ўцекачах, з пачатку году ў Італію прыбылі морам больш за 22 тысячы чалавек. У 2023 годзе прыбылі больш за 157 тысяч, а каля 2 тысяч чалавек загінулі або прапалі бязь вестак пры спробе пераплыць Міжземнае мора.
Рашэньне праблемы міграцыі — гэта «агульная задача», заявіў кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль пасьля прыбыцьця на саміт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Ўкраіна падпісалі дамову пра бясьпеку. Што яна прадугледжвае?Папа Рымскі Францішак таксама стане першым пантыфікам, які выступіць на саміце «Вялікай сямёркі». Ягоная прамова ў пятніцу будзе прысьвечаная штучнаму інтэлекту.
Сярод іншых запрошаных — прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Бразыліі Луіз Інасью Лула да Сілва, прэмʼер-міністар Індыі Нарэндра Модзі і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган.