61-гадовы Ігар Пакусін памёр 11 чэрвеня. Прычына сьмерці пакуль не паведамляецца.
У студзені 2024 года суд у расейскім Абакане прызначыў Пакусіну 8 гадоў і 1 месяц калёніі, прызнаўшы яго вінаватым у спробе перайсьці на бок Узброеных сіл Украіны. Пракуратура прасіла для Пакусіна меншы тэрмін — 7 гадоў і 1 месяц у калёніі.
Упершыню Пакусіна, які нарадзіўся і вырас ва Ўкраіне, затрымалі ў траўні 2022 году праз падазрэньне ў пашкоджаньні банэраў у падтрымку вайны. Яму ставілі ў віну крымінальны артыкул аб вандалізьме за тое, што ён абліў жоўтай і сіняй фарбай банэр зь літарай Z і напісаў «Слава Ўкраіне» на сьцяне музэю ў Абакане, дзе да гэтага заявіўся сьветлавы экран з літарай Z.
Пакусіну прызначылі падпіску аб нявыезьдзе. У ліпені таго ж года яго затрымалі зноў — у краснаярскім аэрапорце «Емяльянава» — і пасадзілі пад хатні арышт.
7 сьнежня яму прызначылі паўгода ўмоўна ў справе аб вандалізьме. Ужо на наступны дзень яго затрымалі зноў, ужо ў справе аб дзяржаўнай здрадзе. Праз паўгода ў ФСБ вырашылі, што ў краснаярскім аэрапорце ён спрабаваў пакінуць краіну, каб далучыцца да Ўзброеных сіл Украіны.
У сьнежні супраць яго завялі крымінальную справу па артыкуле аб замаху на дзяржаўную здраду. Па вэрсіі ФСБ, ён спрабаваў пакінуць краіну, каб далучыцца да Ўзброеных сіл Украіны. Пазьней артыкул перакваліфікавалі на «падрыхтоўку да дзяржаўнай здрады». У справе фігуравалі размовы Пакусіна з сябрамі, у якіх ён прызнаўся, што хоча паехаць ва Ўкраіну і працаваць у цывільнай авіяцыі. Па дадзеных блізкага да сям’і Пакусіна, ён не плянаваў уступаць у войска Ўкраіны, а толькі хацеў выехаць з Расеі.
- У 2012 годзе Пакусін ладзіў адзіночныя пікеты ў Абакане з патрабаваньнем перагледзець справу сына, якога асудзілі за збыт наркотыкаў. Пакусін абвінавачваў суд у зьнішчэньні доказаў невінаватасьці сына.
- Ён арганізаваў грамадзкі рух «Доколе», члены якога змагаліся са злоўжываньнямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. У прыватнасьці, сябры руху сустрэліся з удзельнікамі Рады правоў чалавека пры прэзыдэнце, якія прыехалі ў Хакасію пасьля масавых скаргаў сваякоў, якія скардзіліся на дрэнную працу сьледчых.
- У 2013 годзе Ігар Пакусін, прадстаўляючы партыю «Парнас», спрабаваў атрымаць рэгістрацыю кандыдата на выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Хакасіі. Выбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі.
Раней, 16 лютага, у калёніі ў пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расеі памёр апазцыйны палітык Аляксей Навальны. Паводле афіцыйнай вэрсіі, сьмерць палітыка наступіла з натуральных прычын. Паплечнікі Навальнага лічаць, што яго забілі на загад расейскіх уладаў.
Расейскія ўлады ўнесьлі створаныя Навальным структуры ў сьпісы экстрэмісцкіх, яго паплечнікаў перасьледуюць. Паведамляецца, што ў шэрагу гарадоў улады рыхтаваліся да стыхійных акцыяў памяці 4 чэрвеня ў дзень народзінаў Навальнага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі апазыцыянэр Уладзімір Кара-Мурза атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за публікацыі з калёніі