14 чэрвеня на стадыёне ў Мюнхэне, а 22-й гадзіне менскага часу, пройдзе першы матч чэмпіянату Эўропы ў футболе, падчас якога сустрэнуцца нацыянальныя каманды Нямеччыны і Шатляндыі.
У чацьвер тэлеканал СТВ заявіў, што стаў афіцыйным партнэрам УЭФА ў трансьляцыі матчаў чэмпіянату Эўропы. Таму ўсе гульні будуць даступныя да прагляду на гэтым канале, а таксама на РТР-Беларусь.
Радыё Свабода зьвярнулася да Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА), і там пацьвердзілі, што чэмпіянат сапраўды будзе трансьлявацца ў Беларусі. Хаця на афіцыйнай старонцы арганізацыі такой інфармацыі пакуль няма.
Напярэдадні стала вядома, што Белтэлерадыёкампанія адмовілася паказваць «пірацкія» трансьляцыі чэмпіянату пасьля намёку з УЭФА пра санкцыі за такія дзеяньні.
Пасьля выключэньня Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу і накладзеных у 2022 годзе санкцый ЭЗ, яна ня можа паказваць матчы футбольных эўракубкаў.
Да таго ў студзені 2023 году Савет Міністраў Беларусі «легалізаваў пірацтва» кантэнту, які вырабляюць так званыя «недружалюбныя краіны» і зьвязаныя зь імі арганізацыі. А сёлета ў красавіку Міністэрства інфармацыі пашырыла гэты сьпіс, уключыўшы ў яго УЭФА. Белтэлерадыёкампанія плянавала скарыстацца гэтай магчымасьцю і не прасіць афіцыйнай згоды УЭФА.
Эўрапейская арганізацыя адрэагавала на гэты намер і абвясьціла, што ўвядзе санкцыі ў дачыненьні да Беларускай фэдэрацыі футболу і беларускіх клюбаў, калі ў краіне будуць весьціся пірацкія трансьляцыі матчаў чэмпіянату Эўропы.
Нягледзячы на тое, што Беларусь, у адрозьненьне ад Расеі, ня выключаная зь міжнародных футбольных матчаў, яна можа прымаць матчы толькі ў сваёй краіне. Беларуская каманда ні разу не выходзіла ні на чэмпіянат Эўропы, ні на чэмпіянат сьвету. Але і бяз выхаду ў групавы этап беларускія клюбы штогод зараблялі на эўракубках 1,5-2 мільёны эўра. Такім чынам, санкцыі УЭФА могуць стаць для іх значным фінансавым ударам.
Таму замест Эўра-2024 «Беларусь‑5» прапануе глядзець спартовыя гульні краінаў BRICS у Казані, чэмпіянат Беларусі, чэмпіянат Бразыліі і пляжны футбол.
Чэмпіянат Эўропы ў футболе будзе праходзіць з 14 чэрвеня па 14 ліпеня. У першынстве будуць змагацца прадстаўнікі 24 краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пакажуць футбольнае Эўра-2024