Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 14 чэрвеня пагражаў чыноўнікам жорсткім пакараньнем за карупцыйныя злачынствы:
«Больш я вас угаворваць і прасіць ня буду. Крок налева, крок направа — да сьценкі паставім. Публічна вам заяўляю. Як пытаньні нейкія вырашыць — ну проста бяда: сам вызначаеш пытаньні, сам ставіш заданьні і сам едзеш правяраеш і потым робіш замест вас. Апошняя размова з вамі. Якая б электаральная кампанія ні была. Я вам ужо казаў некалі. Я тут асабліва ня турбуюся наконт таго, падтрымаеце вы мяне ці не. Я дамоўлюся зь беларускім народам. Я знайду зь ім агульную мову. Я тры дзясяткі гадоў знаходжу зь ім агульную мову. А вось вы падумайце, з кім вы будзеце працаваць», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У якасьці апошняй гучнай ён назваў справу супраць першага намесьніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Дулуба.
«У схованках у кватэры і ў загарадным доме фігуранта канфіскавалі грашовыя сродкі на суму больш за 3,2 мільёна даляраў», — заявіў Лукашэнка.
13 чэрвеня ГУБАЗіК пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманьне за хабар аднаго з мэнэджараў Беларускай чыгункі, але імя затрыманага не назвалі. Пазьней гэтае паведамленьне выдалілі зь невядомых прычын.
Новае паведамленьне ГУБАЗіК апублікаваў пасьля сёньняшняй заявы Лукашэнкі. У ім адзначаецца, што адзін зь кіраўнікоў стварыў і курыраваў карупцыйную схему па лябіяваньні інтарэсаў камэрцыйных структур у сфэры грузаперавозак па Беларусі і за яе межамі.
Раней «Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў» пісала пра затрыманьне намесьніка кіраўніка БЧ Пятра Дулуба. Вядома, што ў гэтай справе ёсьць і іншыя затрыманыя.
Колькасьць затрыманых за хабары — больш за 30 чалавек
Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што за карупцыю затрымалі «тры дзясяткі чалавек». У тым ліку, як паведаміла дзяржаўнае выданьне sb.by, справы завялі:
- супраць першага намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Валянціна Зайчука за хабар у адказ на «спрыяльнае рашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў яго кампэтэнцыю»;
- супраць колішняга намесьніка міністра энэргетыкі Міхаіла Міхадзюка «за спрыяльнае рашэньне пытаньняў у выбары замежнай кампаніі ў якасьці падрадчыка для будаўніцтва і мадэрнізацыі высакавольтных падстанцый у Беларусі»;
- супраць колішняга памочніка — інспэктара па Віцебскай вобласьці, экс-міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло;
- супраць першага намесьніка кіраўніка справамі Дзьмітрыя Рыбка, якога Лукашэнка назваў «хабарнікам, кляйма ставіць няма дзе».
Як сьцьвярджае выданьне, калі Лукашэнка расказваў пра справу колішняга намесьніка міністра энэргетыкі Міхаіла Міхадзюка, у яго адбыўся наступны дыялёг з віцэ-прэм’ерам Пятром Пархомчыкам:
«Гэта значыць, нá табе падстанцыю, ідзі і мадэрнізуй, але ты мне дай хабар. Дзясяткі тысяч даляраў! Чалавек усё жыцьцё адпрацаваў у міністэрстве... Дзе ён цяпер?», — запытаў Лукашэнка.
«Ён там», — адказаў Пётра Пархомчык.
«Дзе „там“»? — удакладніў Лукашэнка.
«У СІЗА», — канкрэтызаваў віцэ-прэм’ер.
«Я цябе папярэджваў не адзін раз! Гэта твае падначаленыя!», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 9 гадоў калёніі: экс-дырэктара Добрускага фарфоравага завода і ягонага брата асудзілі за хабар ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З турмы — у калгас. Чаму Лукашэнка вяртае на кіраўнічыя пасады чыноўнікаў-карупцыянэраў