Youtube-канал «Міністэрства сэпультуры» расказвае пра беларускую музыку, беларускіх выканаўцаў і дзеячоў музычнай сфэры па-беларуску. Яго стварыў і вядзе журналіст Аляксандар Чарнуха. Канал існуе больш за год, з сакавіка 2023-га.
Аднак сёлета ў красавіку Чарнуха абвясьціў, што канал на паўзе, бо на працяг працы няма грошай. У канцы траўня журналіст прапанаваў гледачам самім сабраць сродкі, каб ён меў магчымасьць рабіць новыя выпускі.
За два дні беларусы сабралі неабходную суму. Як паведаміў Чарнуха, ягоны праект падтрымалі 155 чалавек, а 52 зь іх падпісаліся на штомесячную падтрымку. На гэтым тыдні выйшла першае пасьля двухмесячнага перапынку відэа. Яно расказвае пра джазавага трамбаніста Яўгена Ўладзімірава, які арганізоўвае ў Беларусі канцэрты з ужо памерлымі зоркамі.
Пачаўся сэзон серабрыстых аблокаў
Беларусы на гэтым тыдні выкладваюць у сетках фота зь серабрыстымі аблокамі.
Серабрыстыя аблокі можна назіраць у Беларусі толькі ў некаторыя ночы ў чэрвені і ліпені. Яны ўтвараюцца на вышыні 76-85 кілямэтраў, на мяжы з космасам. Гэта самая высокая атмасфэрная зьява на Зямлі. Серабрыстыя аблокі стварае мэтэорны пыл, на якім кандэнсуецца вільгаць. Убачыць зьяву можна толькі ў глыбокіх прыцемках, калі іх асьвятляе Сонца з-пад гарызонту, а ніжэйшыя пласты атмасфэры знаходзяцца ў зямным цені.
На гэтым тыдні ў Беларусі таксама назіралі паўночнае зьзяньне падчас моцнай магнітнай буры.
Сьпевы Караткевіча
Унікальны сьпеў «Цьвярдыня», які выконвае Ўладзімер Караткевіч, цалкам апублікавалі ўпершыню. Так беларусы змаглі паслухаць, як сьпявае пісьменьнік.
Гэта запіс 1967 году, ён быў зроблены для мастацкага фільму «Жыцьцё і ўзьнясеньне Юрася Братчыка» па матывах раману Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Аўтар словаў, імаверна, Уладзімер Караткевіч, аўтар музыкі — Алег Каравайчук.
Фільм трапіў на экраны толькі праз 22 гады. Поўны аўдыёзапіс у сеціве апублікавалі толькі цяпер, паведаміў кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.
«Нямногія заўважаюць, што Ўладзімер Сямёнавіч Караткевіч ня толькі напісаў сцэнар да стужкі, але й сыграў дзьве эпізадычныя ролі — ксяндза ды татарына. Акром таго, засьпяваў за кадрам! Песьня ў розных крыніцах пазначаецца як народная альбо як старадаўні гімн. Хутчэй гэта ўсё ж уласны твор Караткевіча са спасылкай на псальму Давіда, ды выкананы пісьменьнікам у лірніцкай манеры, хаця й пад цымбалы», — напісаў дасьледнік беларускай музыкі Віктар Сямашка.
Пачаліся будаўнічыя работы ў палацы Горватаў у Нароўлі
Уласьнікі атрымалі ўсе дазволы на будаўнічыя работы і пачалі іх. Пра гэта напісаў у Facebook адзін з уласьнікаў палаца Пятро Кузьняцоў.
Цяпер з тэрыторыі вывозяць горы будаўнічага сьмецьця, якое замінае доступу тэхнікі да аб’екту. Заказалі і чакаюць піламатэрыялы для перакрыцьцяў і даху. Замаўляюць мэтал на дах. Завяршаецца дэмантаж калёнаў, прыбудаваных за савецкім часам, каб вярнуць будынку ранейшы выгляд.
Уласьнікі запрашаюць дапамагчы ў аднаўленьні палаца — і рукамі на месцы, і ахвяраваньнямі.
Маленькую казулю ўратавалі ад сабак
Сабакі знайшлі дзіцяня казулі і загналі яго зь лесу ў вёску. Вяскоўцы абаранілі малое і перадалі ў горадзенскі заапарк. Малую казулю назвалі Молі.
Цяпер Молі жыве ў вэтэрынарным корпусе. Яе кормяць казіным малаком. Два разы на дзень яе выгульваюць на павадку ў двары вэтэрынарнага корпуса.
Вярнуць яе ў прыроду да маці не змаглі, бо ня ведалі, адкуль менавіта сабакі выпудзілі казулю. Молі застанецца жыць у заапарку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Добрыя навіны тыдня. Архідэя ў Белавескай пушчы, новая песьня Бенькі і пачатак грыбнога сэзону