Сьцісла:
- Узровень сустрэч Ціханоўскай паказвае, што яе працягваюць прымаць у Вашынгтоне на вельмі высокім узроўні.
- Беларусь — адзін з прыярытэтаў у фокусе палітыкі ЗША.
- Каманда Ціханоўскай працуе над фармалізацыяй адносінаў, якая дапамагае на будучыню працаваць з адміністрацыяй ЗША незалежна ад таго, да якой партыі належыць прэзыдэнт.
- Палітыка ЗША адносна Беларусі стала больш сыстэмнай, стратэгічна накіраванай.
— Як можна абазначыць галоўныя мэты візыту Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША? Ці ўдалося выканаць тыя задачы, якія каманда ставіла перад сабой, якім быў узровень сустрэч у Вашынгтоне?
— Мы задаволеныя і ўзроўнем сустрэч, і вынікамі. Вельмі важна адзначыць таймінг, час гэтага візыту. Ён адбываўся напярэдадні саміту «Вялікай сямёркі», а таксама за некалькі дзён да «Саміту міру» ў Швайцарыі.
Узровень сустрэч Ціханоўскай паказвае, што яе працягваюць прымаць у Вашынгтоне на вельмі высокім узроўні. Пра гэта сьведчыць сустрэча з Джэкам Саліванам, дарадцам прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, які выконвае вельмі важную ролю ў Белым доме і, фактычна, вызначальную ролю ў палітыцы Вашынгтону ў нашым рэгіёне. Гэта была паўнавартасная 30-хвілінная сустрэчы ў заходнім крыле Белага дома, за некалькі крокаў ад Авальнага кабінэту прэзыдэнта.
Таксама адбылася сустрэча зь Філам Горданам, дарадцам у нацыянальнай бясьпецы віцэ-прэзыдэнткі ЗША Камалы Гарыс. Менавіта Гарыс узначаліць амэрыканскую дэлегацыю на «Саміце міру» ў Швайцарыі. Таксама былі сустрэчы ў Дзярждэпартамэнце, з намесьнікам дзяржсакратара.
І на ўсіх гэтых сустрэчах прагучаў мэсыдж, што ў Вашынгтоне не забылі пра Беларусь, што Беларусь — гэта адзін з прыярытэтаў у фокусе палітыкі ЗША. Будзе працягвацца падтрымка дэмакратычных сілаў Беларусі і будзе ўзмацняцца ціск на Лукашэнку.
— Якія будуць практычныя вынікі візыту? Ці ёсьць нейкія рашэньні? Што зьменіцца пасьля сустрэчаў Сьвятланы Ціханоўскай у Вашынгтоне?
— Менавіта падчас візыту ЗША абвесьцілі пра новыя санкцыі супраць рэжыму, зьвязаныя з удзелам афіцыйнага Менску ў дапамозе Расеі ў вайне супраць Украіны.
Таксама былі асобныя сустрэчы ў Кангрэсе і Сэнаце, у камітэце замежных справаў. Абмяркоўвалі законапраект аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі (The Belarus Democracy Act), які, спадзяёмся, у хуткім часе будзе прыняты. Гэта закон, які ў практычным сэнсе дапаможа беларускім дэмакратычным сілам, грамадзянскай супольнасьці, мэдыя атрымаць большую падтрымку і ўвагу ад ЗША.
Вельмі шмат на сустрэчах гаварылі пра незалежныя мэдыя, пра падтрымку незалежных ютуб-каналаў, блогераў.
Натуральна, што асноўнай і вялікай тэмай былі палітвязьні. Я літаральна толькі што вярнуўся са слуханьняў у Хэльсынскім камітэце кангрэсу, куды завітала былая сьпікерка Кангрэсу Нэнсі Пэлосі. Гаварылі пра тое, як важна шукаць шляхі для вызваленьня палітвязьняў, узмацненьня ціску на Лукашэнку. У Пэлосі са Сьвятланай адбылася вельмі цёплая сяброўская сустрэча: відно, што Пэлосі вельмі паважае Ціханоўскую, што паміж імі існуе вельмі моцная сувязь і добрыя асабістыя стасункі.
Асобнай тэмай быў гуманітарны фонд, які нядаўна быў запушчаны разам з Нарвэгіяй і з дапамогай Швэцыі дзеля патрэбаў сям’яў палітвязьняў. Вядома, адзначалі важнасьць працягу працы стратэгічнага дыялёгу, пяці працоўных беларуска-амэрыканскіх групаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас візыту ў ЗША Ціханоўская сустрэлася з дыпляматамі краін G7 і амэрыканскімі сэнатарамі— Ці зьмяніліся нейкія аспэкты, тактычныя падыходы ў амэрыканскім стаўленьні да беларускага пытаньня за апошнія гады — з улікам таго, што за чатыры гады сытуацыя стала істотна іншай?
— Я б сказаў, што палітыка ЗША стала больш сыстэмнай, стратэгічна накіраванай. Стратэгічны дыялёг, сустрэчы на самым высокім узроўні, законапраект аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі паказваюць менавіта сыстэмны падыход.
Адзін з самых важных мэсыджаў, які мы пачулі на ўсіх узроўнях тут — тое, што сытуацыя ў Беларусі ня можа вырашацца без удзелу беларускага народу. Беларускі народ зьяўляецца гарантам і вызначальнікам лёсу і будучыні нашай краіны. Беларусь ніколі ня будзе аддадзеная як нейкі суцяшальны прыз для Расеі.
— У ЗША ўвосень пройдуць прэзыдэнцкія выбары, у выніку якіх можа прыйсьці новая адміністрацыя, зь іншымі падыходамі да замежнай палітыкі. Наколькі вялікая імавернасьць таго, што палітыка Вашынгтону ў беларускім пытаньні можа істотна зьмяніцца? Ці тут адчуваецца пэўны кансэнсус сярод дэмакратаў і рэспубліканцаў?
— У Кангрэсе падтрымка дэмакратычнай Беларусі двупартыйная, мы чуем пра гэта як ад дэмакратаў, так і ад рэспубліканцаў. І, як мне падаецца, гэтая падтрымка ня мусіць зьмяніцца. Мы працуем над фармалізацыяй адносінаў, якая дапамагае на будучыню працаваць з адміністрацыяй ЗША незалежна ад таго, да якой партыі належыць прэзыдэнт. Таму спадзяёмся, што такое стаўленьне захаваецца незалежна ад вынікаў выбараў восеньню.
Сьвятлана Ціханоўская атрымала падчас гэтага візыту ўзнагароду Democracy service medal ад фонду NED (National Endowment for Democracy).
Яна асабліва адзначыла, што гэтая ўзнагарода не для яе асабіста, а для ўсіх беларусаў, якія змагаюцца за свабоду. Гэта ўзнагарода яшчэ раз падкрэсьлівае важнасьць беларускага пытаньня для ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі фонд узнагародзіў Ціханоўскую мэдалём «За заслугі перад дэмакратыяй» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэсе ЗША прайшлі слуханьні пра беларускіх палітвязьняў