У Дзярждэпартамэнце ЗША заявілі, што расейскія ўлады ведаюць, што выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні лжывыя.
ЗША адпрэчылі абвінавачаньні ў шпіянажы, выстаўленыя супраць журналіста газэты Wall Street Journal Эвана Гершковіча, заявіўшы, што яны ня маюць пад сабой падстаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Да гэтых абвінавачаньняў няма абсалютна ніякага даверу», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Мэт’ю Мілер.
«Мы з самага пачатку ясна заяўлялі, што Эван не зрабіў нічога незаконнага, — працягнуў ён. — Яго наагул не павінны былі арыштоўваць: журналістыка — гэта не злачынства».
«Выстаўленыя супраць яго абвінавачваньні лжывыя, і ўрад Расеі пра гэта ведае, — працягнуў Мілер. — Ён павінен быць вызвалены неадкладна».
Мілер заявіў, што ўрад ЗША кожны дзень працуе над вяртаньнем Гершковіча і бізнэсоўца Пола Ўілана.
«Мы ўвесь час працуем над гэтым і ўвесь час імкнёмся да гэтага», — адзначыў Мілер.
Матэрыялы крымінальнай справы супраць журналіста Wall Street Journal, грамадзяніна ЗША Эвана Гершковіча, якога абвінавачваюць у шпіянажы, перададзеныя ў Сьвярдлоўскі абласны суд у Екацярынбургу для разгляду па сутнасьці.
Гершковічу выстаўлена абвінавачаньне ў канчатковай рэдакцыі. Пра гэта ў чацьвер паведаміла Генпракуратура Расеі. Калі пачнецца судовы працэс, у паведамленьні не гаворыцца.
Журналіст быў затрыманы ў Екацярынбургу і пасьля адпраўлены пад арышт у маскоўскім СІЗА «Ляфортава» ў канцы сакавіка 2023 года. Пазьней арышт неаднаразова працягвалі.
Па вэрсіі ФСБ, карэспандэнт амэрыканскага выданьня нібыта «па заданьні ЦРУ» зьбіраў інфармацыю аб дзейнасьці абароннага прадпрыемства «Уралвагонзавод», разьмешчанага ў Ніжнім Тагіле. Гэта новыя падрабязнасьці. Раней расейскія ведамствы сьцьвярджалі толькі, што Гершковіч нібы «ажыцьцяўляў збор зьвестак, якія складаюць дзяржаўную тайну аб дзейнасьці аднаго з прадпрыемстваў расейскага ваенна-прамысловага комплексу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі справу амэрыканскага журналіста Гершковіча накіравалі ў суд. Сталі вядомыя дэталі абвінавачаньня