Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі справу амэрыканскага журналіста Гершковіча накіравалі ў суд. Сталі вядомыя дэталі абвінавачаньня


Акцыя салідарнасьці з журналістам Эванам Гершковічам у ЗША, 13 чэрвеня 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Акцыя салідарнасьці з журналістам Эванам Гершковічам у ЗША, 13 чэрвеня 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Эвану Гершковічу інкрымінуюць артыкул 276 Крымінальнага кодэксу Расеі — за шпіянаж яму пагражае ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Журналіст сваёй віны не прызнае.

У Генэральнай пракуратуры Расеі зацьвердзілі абвінаваўчы акт у крымінальнай справе супраць амэрыканскага журналіста Эвана Гершковіча і накіравалі справу для разгляду па сутнасьці ў Сьвярдлоўскі абласны суд.

«Сьледзтва высьветліла і дакумэнтальна пацьвердзіла, што амэрыканскі журналіст газэты The Wall Street Journal Гершковіч паводле заданьня ЦРУ ў сакавіку 2023 году зьбіраў у Сьвярдлоўскай вобласьці сакрэтную інфармацыю пра дзейнасьць абароннага прадпрыемства АТ «НПК „Уралвагонзавод“» па вытворчасьці і рамонце вайсковай тэхнікі. Незаконныя дзеяньні Гершковіч зьдзяйсьняў з захаваньнем пільных захадаў кансьпірацыі», — адзначаецца ў паведамленьні Генпракуратуры Расеі.

Эвану Гершковічу інкрымінуюць артыкул 276 Крымінальнага кодэксу Расеі — за шпіянаж яму пагражае ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Журналіст сваёй віны не прызнае.

Сёлета ў красавіку прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна вызваліць амэрыканскіх журналістаў Эвана Гершковіча і Алсу Курмашаву, якіх утрымліваюць пад вартай у Расеі.

«Журналістыка — гэта дакладна не злачынства. Пуцін павінен вызваліць Эвана і Алсу неадкладна», — заявіў Джо Байдэн.

Карэспандэнта газэты Wall Street Journal у Расеі Эвана Гершковіча арыштавалі ў сакавіку 2023 году па абвінавачаньні ў шпіянажы, якое ён сам, ягоны працадаўца і ўрад ЗША рашуча адкідаюць. У красавіку яму падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ да канца чэрвеня.

Раней ЗША прапаноўвалі Расеі абмяняць журналіста на зьняволеных расейцаў з амэрыканскіх турмаў, але ў Маскве пакуль ня вызначыліся з кандыдатурамі для абмену.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG