На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае армянскі палітычны аналітык, супрацоўнік Армянскага інстытуту міжнародных дачыненьняў і праблемаў бясьпекі Рубэн Мэхраб’ян.
— Прэмʼер Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён і ніякія іншыя афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе. У чым прычына такой заявы?
— Першая прычына — гэта, вядома, заявы Лукашэнкі, зробленыя ў траўні падчас візыту ў Баку. Беларусь зьяўляецца (прынамсі фармальна) саюзьніцай Армэніі па АДКБ. Лукашэнка ў Баку адкрытым тэкстам прызнаўся ў тым, што заахвочваў краіну, якая не зьяўляецца чальцом гэтага вайсковага саюзу, да нападу на саюзьніка Беларусі. У Армэніі гэта было расцэнена як адкрыта варожы крок, які, у прынцыпе, не прадугледжвае іншых дзеяньняў у адносінах да гэтага чалавека, акрамя тых, якія былі зробленыя.
Другая прычына палягае ў тым, што Лукашэнка — узурпатар, чалавек, які душыць свой народ, крадзе ў яго выбары. Гэтая прычына не агучваецца. Аднак першая агучваецца, і яе дастаткова для прынятага рашэньня — пакуль Лукашэнка кіруе Беларусьсю, ніякіх афіцыйных прадстаўнікоў Армэніі там больш ня будзе. У практычным пляне — амбасадар Армэніі ў Менску адкліканы ў Ерэван для кансультацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмʼер Армэніі заявіў, што не прыедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Зь Менску і Ерэвану адклікалі амбасадараў— Вы сказалі пра другі фактар. Аднак прыгадваецца, што ў жніўні 2020 годау спадар Пашыньян павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах.
— У 2020 годзе яго віншаваньні мелі фармальны характар і былі прадыктаваныя чыста прагматычнымі меркаваньнямі, тым, што Беларусь усё ж юрыдычна саюзьніца Армэніі. У Армэніі было вядома, як прайшлі тыя выбары. У армянскім грамадзтве тады выказвалася шмат нараканьняў за гэтыя віншаваньні, гаварылася, што гэтага рабіць ня трэба было. Але цяпер, калі і дэ-факта, і дэ-юрэ інтарэсы Армэніі і Беларусі разышліся, калі рэжым Лукашэнкі фактычна саўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны, у Ерэвана больш няма ніякіх прычын — ні фармальных, ні маральных — каб падтрымліваць з рэжымам Лукашэнкі нейкія адносіны, за выключэньнем хіба што самых неабходных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян абвінаваціў «мінімум дзьве краіны АДКБ» у рыхтаваньні вайны супраць Армэніі— Некаторы час таму Нікол Пашыньян заявіў, што дзьве краіны АДКБ фактычна падтрымлівалі Азэрбайджан у цяперашнім канфлікце з Армэніяй. Ён тады не назваў, якія гэта краіны. Цяпер, пасьля ягонай заявы наконт Беларусі, можна меркаваць, што адна зь іх — гэта Беларусь. А якая другая? Заяваў і дзеяньняў, падобных да зробленых у дачыненьні да Беларусі, у дачыненьні да якой-небудзь іншай краіны зроблена не было. Можа, Пашыньян меў на ўвазе Расею? Калі так, то чаму ў дачыненьні да Расеі не было такіх дзеяньняў і заяваў?
— Па-першае, гэта сапраўды Расея. З Расеяй на дадзены момант праблемы іншага характару, Масква зараз вядзе гібрыдную вайну зь Ерэванам. Цяпер расейская прапаганда спусьціла ўсіх сабак на Армэнію і на яе кіраўніцтва. Але з Расеяй у Ерэвана больш доўгая гульня. Калі ад стасункаў з Лукашэнкам можна адысьці без цырымоніяў, то з Расеяй складаней. Армэнію і Расею пакуль яшчэ дэ-юрэ зьвязвае цэлы комплекс дамоўных прававых адносінаў. І за адну ноч ці адной заявай іх немагчыма скасаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян абвясьціў, што Армэнія выйдзе з АДКБ. Кіраўнік МЗС кажа, што таго няправільна зразумелі— Днямі Пашыньян зрабіў заяву, зь якой некаторыя зрабілі выснову, што Армэнія выходзіць з АДКБ. Міністар замежных спраў Армэніі растлумачыў, што гэта не зусім так. Дык выходзіць ці не выходзіць? Сяброўства Армэніі ў арганізацыі замарожанае. Краіна ня ўдзельнічае ў самітах АДКБ, спыніла фінансаваньне АДКБ. Але вось апошняя кропка — ці пастаўлена яна? У чым прычына некаторага разнабою паміж заявамі прэмʼера і міністра?
— Прычына — у падачы гэтых заяваў расейскімі СМІ, якія ў загалоўкі вынесьлі, што Армэнія нібыта выходзіць з АДКБ. Насамрэч пакуль не выходзіць. Але можа гэта зрабіць у любы момант. Пра гэта і было заяўлена.
— Які будзе лёс расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Армэніі, у Гюмры? Наколькі я разумею, там даволі вялікі вайсковы кантынгент, які можа адыграць і палітычную ролю.
— Кантынгент ужо невялікі. І ён даўно страціў сваё функцыянальнае прызначэньне. Невялікі, таму што асноўныя сілы і сродкі, паводле нашай дакладнай інфармацыі, ужо перакінутыя ва Ўкраіну. Ад гэтай базы застаўся толькі «футарал». Палітычна гэтая база прызначаная фактычна не для таго, каб Армэнію абараняць, а каб Армэнію трымаць у «яжовых рукавіцах» і паказваць, хто ў хаце гаспадар. Аднак у гэтым доме гаспадаром зьяўляецца армянскі народ. Пытаньне будучыні базы абмяркоўваецца ў СМІ і ў грамадзтве. Дамінуючы пункт гледжаньня — што гэтая база павінна быць выведзеная з Армэніі, як і расейскія памежныя войскі, якія разьмешчаныя на армяна-турэцкай і армяна-іранскай межах. Гэта абмяркоўвалася і падчас нядаўняга візыту ў Ерэван прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту і памежнай службы ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пратэстаў у Ерэване па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 98 чалавек, улады завялі справу— Цяпер у Армэніі адбываюцца масавыя акцыі пратэсту супраць ураду Пашыньяна. Наколькі яны сурʼёзныя і ці могуць прывесьці да зьмены ўлады? І наколькі істотны ў іх фактар замежнага ўплыву?
— Да гэтага трэба ставіцца сурʼёзна. Расея кінула ў бой у сваёй гібрыднай вайне лепшыя рэзэрвы, усе схаваныя «кансэрвы», яна абвясьціла іх мабілізацыю. Тое, што адбываецца цяпер у Армэніі, — гэта клясычны Антымайдан, спроба контрарэвалюцыі. Гэта будзе спыняцца ў адпаведнасьці з законамі Армэніі. У Армэніі ўлада не слабая, і гэта было прадэманстравана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў Пашыняна да «збліжэньня і супрацоўніцтва»— У сваёй заяве наконт Беларусі Пашыньян сказаў, што палітыка ў дачыненьні да Менску можа зьмяніцца, калі Лукашэнка папросіць прабачэньня ў армянскага народу за заявы, зробленыя ў Баку. Чаму гэта было сказана і якімі бачацца шанцы на тое, што Лукашэнка гэта зробіць?
— Ніякіх шанцаў на гэта няма. Армянская прыказка кажа, што чырвоная карова не мяняе сваёй скуры. Таму лепш такой надзеі ня мець. Я думаю, гэта было сказана, каб пазначыць тэарэтычна магчымы шлях нармалізацыі адносін. Але гэта толькі тэарэтычна. Насамрэч гэты сцэнар ня мае шанцаў рэалізавацца на практыцы, улічваючы сутнасьць Лукашэнкі і ягонага рэжыму.