Ужо сёньня: 105 гадоў таму пачалося Браслаўска-Дзісенскае паўстаньне супраць бальшавіцкіх уладаў

Браслаў

Падзеі 14 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

14 чэрвеня 1919 пачалося Браслаўска-Дзісенскае паўстаньне супраць бальшавіцкіх уладаў. Асаблівую незадаволенасьць сялянства двух паветаў выклікала палітыка ваеннага камунізму і харчпадатку, а таксама мабілізацыя мужчынскага насельніцтва ад 16 да 43 гадоў, праведзеная бальшавікамі.

Паўстаньне пачалося ў Германовічах на Дзісеншчыне. Ксёндз Міхал Буклярэвіч заклікаў людзей браць зброю. Мясцовыя маладзёны адразу раззброілі прысутных там бальшавіцкіх вайскоўцаў. Вялікі ўплыў у паўстаньні мелі беларускія эсэры. Неўзабаве арыштавалі бальшавіцкіх дзеячоў у Мёрах, бальшавіцкага камісара расстралялі.

Паўстанцы ўзялі некалькі вёсак. Але затым бальшавікі пачалі іх адваёўваць. 26 чэрвеня ксяндза Буклярэвіча і ягоную сястру Аліцыю забілі каля Бігосава. Да канца месяца паўстаньне здушылі. Адбылася зьмена павятовых кіраўнікоў, але агульную палітыку ваеннага камунізму гэта не зьмяніла.

Дзень у гісторыі

1634 — Палянаўскі мір. Мірная дамова паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай, якая закончыла Смаленскую вайну 1632–1634 гг.

1792 — Барысаў атрымаў ад уладаў Расеі новы герб.

1905 — пачалося паўстаньне каманды расейскага браняносца «Пацёмкін» на Чорным моры, адна са знакавых падзеяў рэвалюцыі 1905–1907 гадоў у Расеі.

1906 — у Беластоку адбыўся пагром габрэяў. Загінулі 89 чалавек.

1937 — у Маскве арыштаваны Мікалай Галадзед, старшыня Савету народных камісараў БССР. Пасьля арышту ў Маскве яго скіравалі ў Менск, дзе ў часе допыту ў будынку НКВД Галадзед выкінуўся з акна 5-га паверху.

Мікалай Галадзед

1938 — заснаваны Беларускі дзяржаўны тэатар лялек.

1941 — савецкія войскі пачалі масавую дэпартацыю грамадзян Латвіі, Літвы і Эстоніі ў аддаленыя расейскія рэгіёны.

1982 — перамога Брытаніі над Аргентынаю ў вайне за Фолклэнды.

1995 — тэрарыстычная група Шаміля Басаева захапіла ў закладнікі каля 1600 чалавек у шпіталі расейскага гораду Будзёнаўску.

2015 — катастрофа Іл-103 пад Берасьцем, два чалавекі загінулі.

У гэты дзень нарадзіліся

1867 Мітрафан Доўнар-Запольскі, нарадзіўся ў Рэчыцы, гісторык, этнограф і фальклярыст, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай гістарыяграфіі.

Мітрафан Доўнар-Запольскі з жонкай, 1925

1894Ян Гамарнік, кіраўнік БССР (1928–1929).

1896Пётра Татарыновіч, каталіцкі сьвятар, журналіст, перакладнік, першы кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

1900 Міхась Забэйда-Суміцкі — беларускі опэрны сьпявак і музычны пэдагог, саліст La Scala (Мілян), выканаўца беларускіх народных песень. Папулярызаваў беларускую народную песьню ў сьвеце.

Міхась Забэйда-Суміцкі

1928Чэ Гевара, аргентынскі рэвалюцыянэр, адна з цэнтральных фігураў Кубінскай рэвалюцыі.

1931 Ігар Сарокін, беларускі опэрны сьпявак, народны артыст Беларусі.

1946Дональд Трамп, 45-ы прэзыдэнт ЗША.

Дональд Трамп

У памяці

1903 Ян Карловіч, лінгвіст, этнограф, фальклярыст і музыказнаўца.

1920 Макс Вэбэр, нямецкі сацыёляг, эканаміст, юрыст.

Макс Вэбэр


1936Гільбэрт Кійт Чэстэртан, брытанскі пісьменьнік і журналіст.

Гільбэрт Кійт Чэстэртан

1986 Хорхэ Люіс Борхэс, аргентынскі празаік, паэт і публіцыст.

Хорхэ Люіс Борхэс