Паводле судовых дакумэнтаў, на якія спасылаецца праваабарончы цэнтар «Вясна», абвінавачаньне 63-гадовай Галіне Лагацкай выставілі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Крыніца, якая ў мэтах бясьпекі прасіла не называць яе імя, расказала апошнія зьвесткі пра Галіну Лагацкую.
«Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў маршы пэнсіянэраў 2020 году, але невядома, у якім дакладна. І як яна ставіцца да абвінавачаньня, невядома. Трымаюць Галіну ў жодзінскай сьледчай турме № 8. У яе камэры няшмат людзей, усе забясьпечаныя месцамі. Лісты ад яе даходзілі, на ўмовы асабліва не наракала, настрой перад судом быў нармальны», — паведаміла крыніца пра Галіну Лагацкую.
Галіну Лагацкую неаднаразова затрымлівалі падчас вулічных акцыяў і каралі з надуманых прычын. Так, 9 траўня 2021 году Лагацкую затрымалі побач з плошчай Перамогі з партрэтам бацькі-франтавіка, пасьля чаго прысудзілі 20 дзён арышту за «хуліганства», нібыта яна «чаплялася да мінакоў». Сама пэнсіянэрка пасьля адбыцьця арышту сказала, што зьбіралася перадаць Лукашэнку, які прысутнічаў на ўскладаньні кветак, ліст са скаргай.
Перадапошні раз Галіну Лагацкую затрымалі ў сакавіку 2022 году і зноў адправілі на 15 дзён пад арышт за ўлётку «Не — вайне», якую суд палічыў «недазволеным пікетаваньнем».
Падчас таго арышту міліцыянты забралі ў Галіны Лагацкай мабільны тэлефон, які не аддавалі цягам больш як 2 гадоў. На пачатку красавіка 2024 году Галіне Лагацкай пазванілі з упраўленьня міліцыі Кастрычніцкага раёну Менску і прапанавалі прыйсьці да іх па тэлефон. Крыніца расказала, як Галіна адрэагавала на тое запрашэньне з міліцыі.
«Яна ўжо баялася арышту і таму вагалася, падазраючы, што гэта можа быць пасткай, што яе завабліваюць. Але яна сьмелая жанчына і ўсё ж адважылася, пайшла. І, на жаль, яе асьцярогі спраўдзіліся, дамоў яна пакуль не вярнулася. Але будзем чакаць», — сказала пра Галіну Лагацкую крыніца.
Судзіць пэнсіянэрку будзе судзьдзя Вольга Лаўрыновіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 красавіка: затрымалі актывістку Галіну Лагацкую і беларуску, якая ў 2020-м «перашкаджала праезду» ДАІ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новы фашызм на нашых вачах падняў галаву». За што пэнсіянэрку чацьвёрты раз са жніўня пакаралі «суткамі»