Праваабарончая арганізацыя Freedom Now і міжнародная юрыдычная фірма Dechert LLP 12 чэрвеня падалі пэтыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманьнях ад імя зьняволенага журналіста Дзяніса Івашына.
У пэтыцыі сьцьвярджаецца, што затрыманьне Івашына ў Беларусі парушае яго фундамэнтальнае права на свабоду выказваньня думак, у парушэньне Міжнароднага пактуаб грамадзянскіх і палітычных правах і Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.
«Дзяніс Івашын імкнуўся выкрыць парушэньні правоў чалавека, якія зьдзяйсьняюцца рэпрэсіўным рэжымам Лукашэнкі, і цяпер сам стаў ахвярай рэжыму, — заявіў юрыст Freedom Now Адам Ледмат. — Мы ўпэўненыя, што Рабочая група ААН па адвольных затрыманьнях прыйдзе да высновы, што асноўныя правы чалавека Дзяніса былі парушаныя і што яго трэба вызваліць з-пад варты».
- Журналіст Дзяніс Івашын асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц нібыта за здраду дзяржаве (артыкул 356 КК) і незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці (артыкул 179 КК).
- На момант затрыманьня Івашын быў пазаштатным рэпартэрам незалежнай беларускай газэты «Новы час» і валянтэрам-рэдактарам беларускамоўнай вэрсіі навінавага сайта расьсьледаваньняў InformNapalm.
- Да арышту ў сакавіку 2021 году Дзяніс Івашын шмат дасьледаваў уплыў «русского мира» на беларускіх сілавікоў, пісаў пра абарону Курапатаў і ўладкаваньне ўкраінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.
- Пасьля некалькіх месяцаў, праведзеных у магілёўскай калёніі, у чэрвені 2023 году Дзяніса Івашына перавялі на турэмны рэжым у жодзінскую турму № 8.