Акрамя Беларусі, у дзясятцы найгоршых краін для працоўных — Банглядэш, Гватэмала, Эгіпет, М’янма, Туніс, Турэччына, Філіпіны, Эквадор і Эсваціні, піша «Позірк».
Мэтадалёгія складаньня індэксу грунтуецца на «стандартах асноўных правоў у сфэры працы — права на свабоду аб’яднаньня, на вядзеньне калектыўных перамоваў, на забастоўку». Яго аўтары абапіраюцца на вынікі анкетаваньня 340 нацыянальных прафсаюзаў у 169 краінах. Зьвесткі ацэньваюць дасьледчыкі ў галіне права, якія аналізуюць нацыянальнае заканадаўства і выяўляюць разьдзелы, якія не забясьпечваюць належнай абароны міжнародна прызнаных калектыўных працоўных правоў.
У індэксе Беларусь аднесьлі да пятай катэгорыі з шасьці — да краінаў, дзе выкананьне правоў працоўных не гарантуецца.
Адзначаецца, што працоўныя ў Беларусі сутыкаюцца з сыстэматычнымі рэпрэсіямі, неабгрунтаванымі затрыманьнямі, адвольным закрыцьцём прафаюзаў.
«З красавіка 2022 году беларускія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных прафсаюзаў: запалохваньне, арышты і зьмяшчэньне пад вартай лідэраў і сяброў прафсаюзаў, гвалтоўнае закрыцьцё, вобшукі ў офісах і канфіскацыя маёмасьці, — гаворыцца ў дакумэнце. — 42 лідэраў і актывістаў прафсаюзаў незаконна затрымалі або пасадзілі ў турму, многія іншыя пазбаўленыя сваіх правоў і свабодаў. Тых, хто выходзіць на волю, улады называюць „экстрэмістамі“, робяць ізгоямі».
Згодна з індэксам, «дэградацыя правоў прафсаюзаў, грамадзянскіх і палітычных свабодаў, якая шакуе, заахвоціла Міжнародную канфэрэнцыю працы прыняць рэзалюцыю паводле арт. 33 Статута МАП, каб дамагчыся ад уладаў выкананьня рэкамэндацыяў Камісіі па расьсьледаваньні МАП».
Затрыманьні неляяльных да ўладаў працоўных, падкрэсьліваецца ў дакумэнце, фіксаваліся на працягу ўсяго 2023 году і ў 2024-м. Палітвязьні, у ліку якіх прафсаюзныя дзеячы, «утрымліваюцца ў бесчалавечных умовах»: «у перапоўненых турмах палівязьням адмаўляюць у элемэнтарных сродках гігіены, зьмене адзеньня і пасьцельнай бялізны, ім забаронена прымаць душ або мець доступ да сьвежага паветра, а сьвятло застаецца ўключаным днём і ноччу», гаворыцца ў індэксе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Споўнілася 2 гады зьняволеньня лідэраў незалежных прафсаюзаў. Што вядома пра ўмовы іх утрыманьня і здароўе- 19–21 красавіка 2022 году, па Беларусі пракацілася хваля вобшукаў і затрыманьняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Тады затрымалі больш за 20 прадстаўнікоў і актывістаў незалежных прафсаюзаў. Гэта можна лічыць пачаткам сплянаванага ўладамі разгрому ўсіх незалежных прафсаюзаў у Беларусі.
- У красавіку 2022 году пад перасьлед адначасова трапілі кіраўніцтва і супрацоўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), лідэры і актывісты Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ), Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) і некаторыя іншыя рабочыя актывісты. Большасьць зь іх пасьля асудзілі, а некаторыя ўжо пасьпелі адбыць пакараньне.
- У ліпені 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў усе незалежныя прафсаюзныя арганізацыі: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыі, якія ўваходзілі ў яго склад — Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз мэталістаў, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, рабочых, энэргетыкаў, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.
- Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны» на канец 2023 году, агулам ад красавіка 2022 году затрымалі больш за 35 актывістаў незалежных прафсаюзаў, дагэтуль за кратамі застаюцца 18 абаронцаў правоў працоўных, большасьць зь якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Частка зь іх адбывае «хатнюю хімію».