«Ён думае, як будзе ўладкоўвацца на працу ў Беларусі»
Натальля стэлефаноўвалася з мужам 12 чэрвеня некалькі разоў, калі ён быў ужо на тэрыторыі Беларусі. Зь ягоных словаў яна ведае, што допыту на польска-беларускай мяжы ў яго не было. Ягоныя нешматлікія асабістыя рэчы таксама не надглядалі. Пакуль ён стаяў на Варшаўскім мосьце, да яго падыходзіў маёр зь беларускага боку і заахвочваў перайсьці да іх, абяцаўся, што допытаў ня будзе. Так і выйшла.
«Тое, што яго не затрымалі на мяжы, ня значыць, што яго не затрымаюць пры прыезьдзе ў родны горад», — адзначыла Натальля.
Яна ня бачыла сюжэту дзяржаўнай тэлевізіі, дзе выказаўся і ейны муж. Але мяркуе, што беларускім уладам выгадна не затрымліваць Дзьмітрыя і паказаць сябе ў добрым сьвятле на фоне таго, што польскі бок дэпартаваў беларуса.
Па стане на 19:00 12 чэрвеня Дзьмітры яшчэ быў у дарозе ў родны Бабруйск, расказала жонка. Там мужчыну ёсьць дзе спыніцца. У яго там жывуць маці, бабуля, цётка, сябры, калегі.
«Я не перажываю, што ён апынецца бяз даху над галавой», — кажа жонка.
Натальля ведае, што Дзьмітры едзе ў аўтобусе на Гомель. Кіроўца ўзяў яго безь білета. Беларусу далі зарадзіць тэлефон. У аўтобусе ёсьць wi-fi, таму ён мог выходзіць на сувязь.
«Ён спакойны. Ён ужо гэты стрэс перажыў. Ён думае, што ён будзе рабіць далей, як будзе ўладкоўвацца на працу ў Беларусі, як ён будзе фінансава нам дапамагаць, бо ўсе ягоныя дакумэнты, працоўная (кніжка), засталіся тут (у Польшчы. — РС)», — кажа суразмоўца.
Натальля мяркуе, што муж будзе спрабаваць вярнуцца да сям’і. Яна сама вырашыла зь дзецьмі ў Беларусь ня ехаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Смактуновіч зьявіўся ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу. Што вядома пра беларуса, якога ранкам дэпартавалі з Польшчы ў БеларусьЗьехалі ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне
Сям’я Смактуновічаў зьехала ў польскі Беласток пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Ён у лютым 2022-га, яна зь дзецьмі — у сакавіку. Тады з вайсковага аэрадрому ў Бабруйску, дзе яны жылі, узьляталі самалёты ў бок Ўкраіны.
«Было вельмі страшна, калі адна з траімі дзецьмі, малодшай 8 месяцаў, муж недзе ў Эўропе ў рэйсе, і тут ледзь не ваеннае становішча можа пачацца. Вельмі страшна», — успамінае суразмоўца.
Сярод прычын былі эканамічныя, нізкі ўзровень даходу ў Беларусі. Дзьмітрыю таксама прыходзілі позвы з камісарыяту як зьверка зьвестак, да яго прыходзілі людзі нібыта адтуль.
Больш яны ў Беларусь ня езьдзілі. Натальля кажа, што была занятая працай, атрымала статус індывідуальнага прадпрымальніка. Яна стварыла агенцыю нянек для дзяцей, сама працуе нянькай. Палітычнага перасьледу ў Смактуновічаў не было.
Дазвол анулявалі год таму, даведаўся толькі цяпер
Дзьмітры з канца 2019 году працаваў дальнабойнікам у літоўскай фірме. Меў часовы дазвол на жыхарства. Апошні ён атрымаў у траўні 2022 году. Што зь ягонымі дакумэнтамі нешта ня так, Дзьмітры ня ведаў. Не было ніякіх намёкаў на гэта, кажа Натальля.
Калі тэрмін літоўскага ДНЖ набліжаўся да канца, як ён меркаваў, мужчына падаў дакумэнты на часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы, бо жыў там разам зь сям’ёй. Натальля расказала, што падавалася на «побыт» (дазвол на жыхарства. — РС) на падставе свайго бізнэсу, а Дзьмітры — на падставе ўзьяднаньня зь сям’ёй.
Што ягоны ДНЖ анулявалі яшчэ ў траўні 2023 году, Смактуновіч даведаўся толькі ранкам 12 чэрвеня, калі яго спынілі на дарозе ў Беластоку для праверкі дакумэнтаў.
Кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal Status Алесь Міхалевіч патлумачыў, што такое магло адбыцца, бо Дзьмітры ўжо не пражываў па літоўскім адрасе. Таму апавяшчэньня, якое яму маглі даслаць туды, ён не атрымаў. Літоўскі бок падаў зьвесткі ў міжнародную базу, да якой ёсьць доступ і ў Польшчы.
Пры гэтым у Дзьмітрыя быў дазвол на працу ў Польшчы, кажа Натальля. Ён плаціў падаткі, страхавыя ўнёскі. Як такое магло атрымацца пры нядзейным ДНЖ, яна не разумее. Дзьмітры працаваў у таксі. Хацеў вяртацца дальнабойнікам у польскую фірму.
Суразмоўца адзначыла, што ануляваньне ДНЖ супала з хваляй, калі многім беларусам адмаўлялі ў легалізацыі ў Літве праз тое, што яны служылі ў беларускім войску, працавалі ў сілавых структурах або Міністэрстве надзвычайных сытуацый.
Працаваў у калёніі, бо больш нікуды ня бралі
Натальля мяркуе, што дазвол анулявалі, бо Дзьмітры ў пачатку 2000-х гадоў працаваў у бабруйскай калёніі дзяжурным. Ён там прабыў менш за тры гады. Яна кажа, што ўтаіць тое, што Дзьмітры працаваў у калёніі, было немагчыма, бо пры падачы дакумэнтаў на легалізацыю прыкладаюць копію працоўнай кніжкі.
Суразмоўца тлумачыць, што муж пайшоў працаваць у калёнію, бо толькі вярнуўся з арміі. Працы ў маленькім горадзе не было. Перад гэтым ён скончыў прафэсійна-тэхнічную вучэльню. З адукацыі быў электраманцёрам. Досьведу ня меў. Калёнія была адзіным месцам, куды яго ўзялі на працу.
«Абяцалі стабільны графік, высокі заробак і магчымасьць пабудаваць жытло пад нізкі працэнт. Урэшце ён не атрымаў ні стабільнага графіку, ні добрага заробку, ні жытла. Як толькі ён гэта зразумеў, ён адтуль звольніўся са скандалам. У ягоным вайсковым білеце ёсьць запіс: „Непадпарадкаваньне вышэйшаму начальству“», — кажа суразмоўца.
Са словаў Натальлі, канфлікт здарыўся праз тое, што Дзьмітрыю дадавалі падпрацоўкі ў графік, а заробак не асабліва павялічвалі. Калі яму накіпела, ён выказаў усё, што думае, начальству.
Пасьля калёніі яны зь сябрамі заснавалі фірму пасажырскіх перавозак з Бабруйску ў Менск «МінскЛайн». Адзін з заснавальнікаў цяпер сядзіць праз нясплату падаткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Рэжым Лукашэнкі хоча ўзаконіць у Беларусі расейскі варыянт так званай спэцапэрацыі», – Жыгар з BelPol«У пабліках мусуецца: „Да сьценкі і расстрэл“»
Натальля патлумачыла, як Дзьмітры перавозіў мігрантаў. Калі яны пераехалі ў Польшчу, мужа не выклікалі на працу ў Літву. Не хапала грошай, часам нават на ежу. Ён стаў шукаць падпрацоўкі. Што гэта нелегальны падвоз, ён ня ведаў, кажа Натальля. Хаця на ейную думку, прапанова была падазроная ад пачатку.
«Была завуаляваная абвестка: „Просім падвезьці іншаземных турыстаў“. Трэба было забраць іх каля Белай Падляскай. Яно не выглядала так, што гэта мігранты», — зазначае суразмоўца.
Зрабілі аблаву, Дзьмітрыя злавілі. Канфіскавалі аўтамабіль і пашпарт. На яго завялі крымінальную справу, але ён знаходзіўся на свабодзе. Смактуновіч рэгулярна адзначаўся ў паліцэйскім ўчастку. Яму нельга было выяжджаць з Польшчы. Урэшце мужчыну далі штраф, які ён заплаціў. Цяпер ягоная судзімасьць цалкам пагашаная. Яму вярнулі аўтамабіль, які бралі пад заклад сплаты штрафу.
«Тое, што ў пабліках пішуць: „Да сьценкі і расстрэл“, ніхто ж ня ведае сытуацыю знутры. Любы адэкватны мужчына, які будзе бачыць, што яго сям’я ў такой сытуацыі… Вы думаеце, ён не спрабаваў у Беластоку ўладкавацца кудысьці? Вы думаеце, так проста тут знайсьці мігранту працу крыху больш, чым за мінімалку? Яму трэба было карміць усю сям’ю. Я на той момант не працавала, бо не магла», — кажа Натальля.
Яна кажа, што не апраўдвае мужа, але і не асуджае. Грошы яму так і не перавялі, бо іх плацяць па факце перавозкі. Яна тлумачыць, што ва ўсіх ягоных «падзельнікаў» былі няпростыя жыцьцёвыя сытуацыі: у кагосьці дзіця было зь інваліднасьцю, у кагосьці жонка хварэла.
Натальля кажа, калі б тады Дзьмітрыя пасадзілі, то ім не было б за што жыць. Яна сама ня ведала польскай мовы, ня мела працы. Выхоўвала траіх дзяцей. Была ў дэпрэсіі пасьля пераезду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь ня выдасьць забойцу польскага памежніка? Думка аналітыка Каміля Клысіньскага«У нас яшчэ ў школе здарылася першае каханьне»
Дзьмітры і Натальля разам каля пяці гадоў, хаця ведаюць адно аднаго зь дзяцінства. Гадаваліся ў адным двары.
«У нас яшчэ ў школе здарылася першае каханьне. Лёс нас трошку разьвёў, раскідаў. Потым мы сышліся», — кажа Натальля.
У абаіх былі іншыя шлюбы. Дзьве старэйшыя дочкі Натальлі — ад першага шлюбу, а малодшая — іхная сумесная зь Дзьмітрыем. Дзяўчатам 4,5, 10 і 15 гадоў.
Натальля кажа, што працавала цэлы дзень, калі затрымалі мужа. Не адмяняла кліентаў, ня брала адпачыну, бо праца дапамагае ёй адцягнуцца ад сумных думак. Кажа, што адпісалася ад чатаў, дзе абмяркоўваюць выпадак Дзьмітрыя, бо і так нэрвы на мяжы.
«Людзі абмяркоўваюць, ня ведаючы ўсёй карціны. Ім так прасьцей. У мяне няма права апусьціць рукі. У мяне дзеці. Маё чацьвёртае дзіця — гэта мой бізнэс. У мяне кліенты, дзеці-кліенты, яны мяне чакаюць, яны сумуюць, яны рады бачыць мяне. Я ня маю права ўсё зьвярнуць. Я павінная рухацца наперад», — кажа Натальля.
Што адбылося
Беларуса Дзьмітрыя Смактуновіча спынілі ранкам 12 чэрвеня ў Беластоку на дарозе для праверкі дакумэнтаў. Высьветлілася, што ў яго ўжо год як ануляваны літоўскі дазвол на жыхарства. Мужчына пра гэта ня ведаў.
Яго адвезьлі на памежны пераход Тарэспаль — Берасьце, каб дэпартаваць у Беларусь. Там мужчына стаяў на Варшаўскім мосьце і адмаўляўся вяртацца на радзіму. Спрабаваў скантактавацца з адвакатам. Адвакат да яго не прыехаў. Польскія памежнікі і сілавікі вымусілі яго перайсьці на беларускую тэрыторыю.
Смактуновіч прайшоў кантроль на мяжы. Яго не дапытвалі, не даглядалі, не затрымлівалі, хаця ён асьцерагаўся, што так можа быць. Дэпартаванага беларуса запісала дзяржаўная тэлевізія.
Падставай для дэпартацыі стаў ануляваны дазвол на жыхарства. Прычынай магла стаць ягоная праца ў бабруйскай калёніі 20 гадоў таму.
Беларускія ўлады заявілі, што ў іх няма прэтэнзтй да Смактуновіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса дэпартавалі з Польшчы, пасьля чаканьня на мяжы і перакрыцьця палякамі руху ён перайшоў на беларускі бок