З пачатку расейскага ўварваньня ў 2014 годзе Алена была валянтэрам і інструктарам па тактычнай мэдыцыне — яна зарэгістравала грамадзкую арганізацыю, якая праводзіла адпаведныя трэнінгі для вайскоўцаў. Гэтай дзейнасьцю яна займалася і пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
«Дзеці засталіся з маімі бацькамі ў Кіеве», — паведаміла Свабодзе Алена.
У Васіля і Алены нарадзіліся сын Мілан і дачка Саламея. Таксама разам зь імі жыў Любамір — старэйшы сын Алены.
Алена Гергель мяркуе, што ўкраінскаму войску вельмі патрэбныя матываваныя людзі. «Патрэбныя патрыёты, людзі, якія прагнуць перамогі», — перакананая яна.
Паводле яе, больш дакладна сфэра яе службы будзе вызначаная празь месяц, пасьля так званай «вучэбкі».
Алена Гергель паведаміла, што некалькі дзён таму на фронце загінуў кіраўнік добраахвотніцкага руху «АУН» Мікола Каханіўскі. У ягоным батальёне з 2014 году ваявалі беларусы, у тым ліку і яе муж Васіль Парфянкоў. Мікола Каханіўскі заўсёды падтрымліваў патрыятычны рух беларусаў — удзельнічаў у акцыях салідарнасьці з затрыманымі ў Беларусі ў часе пратэстаў, з палітвязьнямі, выступаў супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі.
«Ён загінуў пад Ваўчанскам (Харкаўская вобласьць. — РС). Нядаўна я перадавала яму і ягоным хлопцам аптэчкі. Дагэтуль не магу паверыць. Апошнія нітачкі зь мінулым разарваныя, ужо ніколі ня будзе як раней», — сказала яна.
Алена кажа, што ад такіх зьвестак яна становіцца толькі «больш злой, і ўсё».
«І таму я ўхваліла гэтае цяжкае рашэньне, бо вельмі люблю дзяцей, але ў нас ні ў кога ня будзе жыцьця, калі мы не пераможам. Ані мяне, ані дзяцей ня будзе ўвогуле. У Саламеі днямі выпуск у садочку, які я прапушчу, бо не змагу прысутнічаць, але ёсьць вышэйшая мэта. І шмат чаму якраз я навучылася ў Міколы Каханіўскага», — адзначыла Алена Гергель.
Алена Гергель у якасьці валянтэркі таксама падтрымлівала беларускі праект «З Украінай у сэрцы», створаны фондам «Вольная Беларусь» і ўкраінскімі актывістамі. Выстава пра загінулых ва Ўкраіне беларускіх добраахвотнікаў прэзэнтавалася ў абласных цэнтрах Украіны, а таксама ў Літве і Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні адкрылася выстава пра беларускіх добраахвотнікаў. На вайне ва Ўкраіне загінулі больш за 40 беларусаў. ФОТАЯе муж Васіль Парфянкоў меркавана загінуў 26 чэрвеня пад Лісічанскам Луганскай вобласьці. Ён быў разам зь іншымі беларусамі з палку імя Кастуся Каліноўскага на заданьні — дапамагаў украінскім салдатам выйсьці з гораду. Ягонае цела пакуль няма магчымасьці вярнуць на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю.
Парфянкоў ад пачатку 2000-х быў у нацыянальным руху, уваходзіў у незарэгістраваную Беларускую партыю свабоды, удзельнічаў у акцыях «Маладога фронту» і «Зубра».
Удзельнічаў у абароне Курапатаў. Некалькі разоў яго прызнавалі палітвязьнем. У 2014 годзе Васіль зьехаў ва Ўкраіну, дзе далучыўся да батальёну добраахвотніцкага руху «АУН». Быў паранены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даўжэй за ўсіх трымаў абарону Курапатаў; пачуваўся не на месцы ва ўтульным Кіеве; узяў хаскі з прытулку. Якім быў Васіль Парфянкоў