Месяц Васіля Быкава — чэрвень. У гэтым месяцы 100 гадоў таму ён нарадзіўся і ў ім жа назаўсёды застаўся — 22 чэрвеня 2003 году.
Менск: У цэнтры памятная дошка
У сталіцы Беларусі Васіль Быкаў жыў з 1978-га да 1998 году (да ад’езду ў Фінляндыю, а потым у Чэхію). У Менск ён вярнуўся ў 2003 годзе ўжо цяжка хворым, там жа і памёр.
Адразу пасьля сьмерці народнага пісьменьніка зьявілася прапанова перайменаваць сталічны праспэкт Дзяржынскага ў праспэкт імя Быкава (бо вуліца, на якой жыў Васіль Быкаў, раней была пераназваная ў гонар іншага пісьменьніка: была Танкавая, а ў 1998 годзе стала вуліцай імя Максіма Танка. Таксама прапаноўвалі назваць імем Быкава станцыю мэтро, якую плянавалі пабудаваць у тым раёне.
Шмат гадоў тагачасны старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец абяцаў, што вуліца Быкава абавязкова ў Менску будзе. Называў і канкрэтныя месцы. На яго думку, варта было назваць імем Васіля Быкава менскую вуліцу Фрунзэ, дзе стаіць Дом літаратара, а непадалёк паставіць помнік Быкаву — каля кінатэатру «Мір».
У тым, што вуліцы дагэтуль няма, Чаргінец вінаваціў паэта і палітыка Ўладзімера Някляева. У 2011 годзе ініцыятыва «Гавары праўду», якой тады акурат кіраваў Някляеў, сабрала больш за 100 тысяч подпісаў за перайменаваньне вуліцы Ўльянаўскай у вуліцу Быкава.
«Была б ужо вуліца Васіля Быкава, калі б Някляеў ня ўзяў у свае рукі ініцыятыву, ведаючы, што мы ўнесьлі такую прапанову. І ператварыў гэта ў палітычны сьцяг свайго абраньня ў прэзыдэнты», — казаў Мікалай Чаргінец у 2018 годзе.
У 2021 годзе Менскі гарвыканкам адмовіўся абмяркоўваць перайменаваньне вуліцы Карла Маркса ў гонар Васіля Быкава. Тады пад адпаведным зваротам падпісалася больш за тысяча чалавек.
«Перайменаваньне вуліцы Карла Маркса ў вуліцу імя Васіля Быкава ўвекавечыць памяць пра чалавека, якім ганарыцца краіна, народнага пісьменьніка з сусьветнай вядомасьцю, чый вялікі ўклад у культуру сучаснай Беларусі ня можа застацца бяз памяці на вуліцах сталіцы», — напісалі аўтары таго звароту. Але намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Арцём Цуран адмовіў нават у арганізацыі такога грамадзкага абмеркаваньня. Паколькі перайменаваньне, на думку ўладаў, магло «стварыць значныя нязручнасьці грамадзянам і запатрабуе дадатковых фінансавых затрат».
Амаль трыццаць гадоў, з 1947-га па 1978-ы, Васіль Быкаў жыў у Горадні, працаваў там у абласной газэце «Гродзенская праўда». У Горадні таксама няма вуліцы Быкава. Рашэньне аб яе зьяўленьні быццам бы прынялі ў 2014 годзе. Тады хацелі назваць імем Васіля Быкава новую вуліцу ў мікрараёне Альшанка. У далёкай занёманскай частцы гораду, за птушкафабрыкай. Але цяпер горадзенскія ўлады кажуць, што тады былі толькі размовы, а пісьмовага рашэньня не было.
І калі ў гарадах, дзе народны пісьменьнік некалі жыў — Вушачах, Віцебску, Горадні, Менску — няма вуліц, названых ягоным імем, то ў невялікіх гарадах і пасёлках — Фаніпалі, Смалявічах, Лельчыцах, Жлобіне — такія вуліцы зьявіліся. Першая зь іх — у 2003 годзе на ўскраіне Ждановічаў, у катэджным пасёлку.
Бюст у Вушачах
Праз паўтара года пасьля сьмерці Васіля Быкава, на Дзяды 2004 году, на яго магіле на Ўсходніх могілках паставілі помнік. З балтыйскага ўзьбярэжжа Фінляндыі ў Беларусь прывезьлі вялікі валун. На ім цяпер надпіс: «Васіль Быкаў», даты жыцьця і сьмерці пісьменьніка. Паставіць такі помнік-валун на магіле было апошнім жаданьнем Быкава.
Толькі 9 верасьня 2020 году на доме № 10 на вуліцы Танка зьявілася мэмарыяльная дошка, што ў гэтым доме жыў народны пісьменьнік. Аўтар — скульптар Ігар Засімовіч.
На радзіме пісьменьніка ў Вушачах ў 2021 годзе усталявалі бюст Васіля Быкава (разам зь бюстам Рыгора Барадуліна). Але памяць выбітных ураджэнцаў Вушаччыны ўвекавечылі ня ўлады. Бюсты зьявіліся па ініцыятыве грамадзкага актывіста Глеба Лабадзенкі. Аўтар іх таксама скульптар Ігар Засімовіч.
У СМІ шмат пісалі пра неабходнасьць паставіць помнік Васілю Быкаву. У кабінэце былога старшыні праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца былі яго макеты. Аўтарамі аднаго праекту сталі скульптар Аляксандар Батвінёнак і архітэктар Армэн Сардараў. Што да месца, то было прапанавана некалькі варыянтаў: 1) каля Дома літаратара на вуліцы Фрунзэ, 2) плошча на скрыжаваньні вуліц Казлова і Зьмітрака Бядулі, 3) сквэр на вуліцы Танкавай насупраць дома, дзе жыў народны пісьменьнік.
«Клясык, трохі згорбіўшыся, сядзіць у задуменнай позе. Яго рукі, сашчэпленыя разам, ляжаць на працоўным стале ў форме чырвонай пяціканцовай зоркі. Кожная зь яе граняў сымбалізуе раскрытую кнігу, унутры якой будуць напісаны цытаты з твораў пісьменьніка», — пісала ў 2015 годзе газэта «Звязда».
Але варыянт зь пяціканцовай зоркай раскрытыкавалі — Быкаў не любіў савецкай сымболікі. Скульптар Аляксандар Батвінёнак працаваў над іншымі варыянтамі. У выніку працэс зацягнуўся, а ў 2018 годзе Батвінёнак памёр.
Помніка народнаму пісьменьніку Васілю Быкаву ні ў Менску, ні ў Горадні няма.
Прыватны музэй у Горадні, згорнутыя выставы
19 чэрвеня 2014 году, да 90-годзьдзя пісьменьніка, адкрыўся мэмарыяльны музэй на лецішчы Васіля Быкава ў Ждановічах-6. Лецішча бязвыплатна перадала дзяржаве ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава. Стварэньню музэю паспрыяў тагачасны міністар культуры Павал Латушка. Музэй разьмешчаны ў невялікім будынку на ўскрайку дачнага пасёлка: два паверхі, дом зь белай цэглы зь невялікай крытай вэрандай.
Цяпер музэй працуе толькі летам, але ўжо склалася традыцыя да дня нараджэньня пісьменьніка ладзіць там «Васільковыя пленэры».
Музэй-сядзіба ў вёсцы Бычкі адкрылася амаль праз год пасьля сьмерці пісьменьніка, 18 чэрвеня 2004 году. Музэй разьмешчаны ў адноўленай сядзібе сямʼі Быкавых: дом плошчай 42 кв.м. — дакладная копія арыгінальнага. Яшчэ хлеў, гумно, дрэвы. У доме адноўлены побыт Быкавых, экспануюцца дакумэнты, фатаздымкі, копіі малюнкаў, асабістыя рэчы народнага пісьменьніка.
У Горадні амаль 20 гадоў праіснаваў прыватны музэй Васіля Быкава. Разьмяшчаўся ў невялікім пакоі плошчай 13,5 кв. мэтра ў доме на цэнтральнай пешаходнай вуліцы Савецкай. Аднак у 2019 годзе ён закрыўся з прычыны адсутнасьці фінансаваньня.
У 2008-м, да 85-годзьдзя пісьменьніка, у Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры адкрылі вялікую экспазыцыю, прысьвечаную Васілю Быкаву. Яна працавала 2 гады, пакуль музэй не закрылі на рамонт. Пасьля рамонту яе пакуль не аднавілі.
Пэрыядычна адбываліся выставы, прысьвечаныя Быкаву, у іншых месцах. Да прыкладу, у 2016 годзе вялікая дакумэнтальна-літаратурная выстава «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому» адкрылася ў Міністэрстве замежных спраў.
Сёлета да 100-годзьдзя Быкава ў Музэі беларускай літаратуры 25 студзеня пачала працаваць выстава «Жыцьцё праз абрысы і лініі»
У экспазыцыі было прадстаўлена больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Быкава: замалёўкі краявідаў, хат, падворкаў з часоў дзяцінства, а таксама ўспаміны аб вайне, выпадкі з жыцьця, самаіранічныя накіды, засваеньне аўтамабільнай справы, будаўніцтва лецішча ў Ждановічах.
Выстава павінна была працаваць больш за 2 месяцы — з 25 студзеня да 5 траўня, але пратрымалася ўсяго 10 дзён. Аб прычынах датэрміновага закрыцьця нічога не вядома.
ТЮГ: «Альпы. Сорок первый» — па-расейску
З нагоды 100-годзьдзя Васіля Быкава спэктаклі паводле яго твораў ідуць толькі ў трох тэатрах краіны.
Пастаноўка «Альпы. Сорак першы» па аповесьці «Альпійская баляда» ў Тэатры юнага гледача ідзе на расейскай мове. Да прызначэньня ў 2022 годзе дырэктаркай ТЮГа Веры Паляковай-Макей ён быў адным зь нешматлікіх беларускамоўных тэатраў краіны. Цяпер бальшыня пастановак у ТЮГу ідзе па-расейску.
У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі таксама ідзе «Альпійская баляда» (прэм’ера адбылася 6 траўня 2022 году, рэжысэрка Сьвятлана Навумава). Спэктакль ідзе па-беларуску.
У рэпэртуары Віцебскага абласнога драматычнага тэатру імя Якуба Коласа з 2017 году ідзе монаспэктакль Зінаіды Гурбо «Незагойная рана» (па творах Васіля Быкава, Янкі Брыля і Ўладзімера Караткевіча).
А сёлета 10 траўня ў Коласаўскім тэатры адбылася прэмʼера ваеннай драмы «Сотнікаў». Спэктакль паставіў малады рэжысэр Канстанцін Ганчароў. Ролю Барыса Сотнікава выконвае актор Яўген Берасьнеў.
Раней творы Васіля Быкава ставіліся ў тэатрах па ўсім Савецкім Саюзе: «Апошні шанец», «Абэліск», «Альпійская баляда», «Дажыць да сьвітаньня» (Масква), «Знак бяды» (Гомель, Ленінград, Менск), «Пайсьці і не вярнуцца» (Кастрама, Масква, Чарнігаў), «Сотнікаў» (Ленінград, Магілёў), «Трэцяя ракета» (Кіеў, Масква) і г.д.
Кампазытар Яўген Глебаў напісаў балет «Альпійская баляда», а Генрых Вагнэр стварыў опэру «Сьцежкаю жыцьця» паводле аповесьці «Воўчая зграя».
Экранізацыі Шапіцькі, Пташука і Лазьніцы
Васіль Быкаў — самы экранізаваны беларускі аўтар. Першы фільм па яго творы «Трэцяя ракета» выйшаў у 1963 годзе, апошні — у 2021-м.
За паўстагодзьдзя па матывах аповесьцяў і апавяданьняў Быкава зьнята больш як два дзясяткі мастацкіх фільмаў. Бальшыня прыпадае на савецкі час, шмат калі Быкаў выступаў аўтарам сцэнару. У 1976 годзе Ларыса Шапіцька на «Масфільме» зьняла «Узыходжаньне» паводле аповесьці «Сотнікаў». У 1985-м Міхаіл Пташук экранізаваў «Знак бяды». Сяргей Лазьніца зьняў мастацкі фільм «У тумане» ў 2012-м. Стужка ўдзельнічала ў асноўнай праграме 65-га Канскага кінафэстывалю, дзе атрымала спэцыяльны прыз Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы (FIPRESCI).
Апошнюю кароткамэтражную стужку «Ўзнагароды» паводле аповесьці «Балота» ў 2021 годзе выпусьцілі «Купалаўцы». Ролі выконвалі Дзьмітры Тумас, Сяргей Чуб, Аляксандар Казела, Павал Паўлюць, Васіль Грынь, Юры Ўсьціновіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 фільмаў па творах Васіля Быкава. ВІДЭА
Адна кніга на год
Да 100-годзьдзя народнага пісьменьніка ў 2024 годзе толькі адно дзяржаўнае выдавецтва — «Вышэйшая школа» — выдала «Аповесьці, апавяданьні» Васіля Быкава. У прадмове адзначаецца, што кніга прымеркаваная да 100-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка. У зборнік увайшлі «Сотнікаў», «У тумане», «Сьмерць чалавека», «Адна ноч» (са спасылкамі ў выглядзе QR-кодаў на аўдыёзапісы тэкстаў).
Летась быў выдадзены 27-ы том «Васіль Быкаў» з «Залатой калекцыі беларускай літаратуры». Туды ўвайшлі аповесьці «Жураўліны крык», «Альпійская баляда», «Сотнікаў», «Пайсьці і не вярнуцца» і «Ў тумане». На сайце «Белкнігі» можна купіць дзьве кнігі Васіля Быкава: «Знак бяды», выдадзены «Папуры» ў 2022 годзе, і сьвежае выданьне «Аповесьцяў і апавяданьняў» «Вышэйшай школы».
Творы Быкава вывучаюцца толькі ў 8-й і 11-й клясах
У школьнай праграме ўпершыню Васіль Быкаў згадваецца ў 7-й клясе — для дадатковага чытаньня школьнікам прапануецца «Круты бераг ракі».
У праграме па беларускай літаратуры 8-й клясы на «эпічныя жанры» — «Хмарку» Якуба Коласа, «Паром на бурнай рацэ» Караткевіча, «Губатага» Далідовіча і «Жураўліны крык» Быкава — адведзена 13 гадзін. Што да аповесьці «Жураўліны крык», прапануецца засяродзіць увагу школьнікаў на такіх праблемах: «Мастацкая праўда ў паказе вайны. Паводзіны чалавека ў экстрэмальнай сытуацыі. Раскрыцьцё ў трагічных абставінах характараў герояў, глыбіня псыхалягічнага аналізу вобразаў. Праблема маральнага выбару ў раскрыцьці вобразаў».
Таксама для дадатковага чытаньня ў 8-й клясе ёсьць аповесьць «Страта», у 9-й клясе — «Альпійская баляда».
У 11-й клясе на Быкава адведзена 10 урокаў. Вывучаюцца ягоныя аповесьці «Сотнікаў», «Абэліск», «Знак бяды». Для дадатковага чытаньня раяць творы «У тумане», «Адна ноч», «Жыцьцё чалавека».
Прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава больш няма
Яна была заснаваная лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Праіснавала да 2019-га, уручалася на радзіме пісьменьніка ў вёсцы Бычкі.
Ляўрэатамі прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў розны час станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, літаратары і палітыкі Ўладзімер Някляеў і Павал Севярынец, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч, рэжысэр Валер Мазынскі, грамадзкі дзеяч Зьміцер Дашкевіч, журналіст Глеб Лабадзенка.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.