Як паведамляе Salidarnast.info, дэлегаты Канфэрэнцыі прагаласавалі за кандыдатуру асуджнага на 4 гады зьняволеньня палітвязьня Аляксандра Ярашука на пасаду намесьніка сябра Адміністрацыйнай рады МАП ад працаўнікоў.
На паседжаньні камітэту стандартаў і нормаў МАП прозьвішча Ярашука, як і імёны іншых прафсаюзных лідэраў, неаднаразова гучала пры разглядзе «беларускага пытаньня», піша Salidarnast.info.
Некаторыя ўдзельнікі канфэрэнцыі падтрымалі Ярашука, надзеўшы майкі зь яго фота і слоганам «Вызваліць прафсаюзных актывістаў».
Рашэньне аб выбраньні Ярашука носіць ня толькі сымбалічны характар, паведамляе Salidarnast.info. Адным з патрабаваньняў Рэзалюцыі аб Беларусі, прынятай летась, зьяўляецца вызваленьне прафсаюзных лідэраў, у тым ліку старшыні БКДП.
Адміністрацыйная рада зьяўляецца выканаўчым органам МАП, які прымае апэратыўныя рашэньні для выкананьня рашэньняў Канфэрэнцыі, забясьпечвае кіраваньне і кантралюе дзейнасьць Міжнароднага бюро працы ў пэрыяд паміж сэсіямі Канфэрэнцыі.
- Міжнародная канфэрэнцыя працы выбірае сяброўАдміністрацыйнай рады тэрмінам на 3 гады. Выбары праводзяцца паасобна па трох групах удзельнікаў тайным галасаваньнем, дзе групы ўраду, працадаўцаў і працаўнікоў выбіраюць сваіх адпаведных сяброў.
- Аляксандар Ярашук нарадзіўся ў 1951 годзе. Лідэра БКДП арыштавалі ў красавіку 2022 году і асудзілі на 4 гады зьняволеньня паводле 342 і 361 артыкулаў Крымінальнага кодэксу за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і «заклікі да дзеяньняў, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны». Сваёй віны Аляксандар Ярашук не прызнаў, праваабаронцы Беларусі лічаць яго палітвязьнем.