Як расказала Свабодзе ў першай палове дня 12 чэрвеня жонка дэпартаванага з Польшчы ў Беларусь Дзьмітрыя Смактуновіча Натальля, ён на той момант не выходзіў на сувязь каля гадзіны. Званкі праходзілі, значыць, сетка дзейнічала, але на іх ніхто не адказваў.
«Мы стэлефаноўваліся гадзіну таму. Ён праходзіў мытны кантроль. Сказаў, што ніхто нічога лішняга ў яго не пытаўся, не надглядаў. Проста прапусьцілі яго — нават самым першым. Потым ён перастаў выходзіць на сувязь», — кажа Натальля.
Раней Натальля тлумачыла, што ў Беларусь Дзьмітрыю вяртацца нельга з прычыны ягонай грамадзянскай пазыцыі. У Памежным камітэце Беларусі пасьля вяртаньня мужчыны на радзіму заявілі, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці.
«У грамадзяніна адсутнічаюць праблемы зь беларускім заканадаўствам, і, значыць, ён бесьперашкодна можа вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Раней гэты грамадзянін неаднаразова перасякаў беларускую мяжу», — заявілі ў ведамстве.
Аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol паведаміла, што праверыла інфармацыю пра Смактуновіча.
«Устаноўлена наступнае:
- Смактуновіч у базе „Беспарадкі“ на 2021 год не прысутнічае
- інфармацыі пра яго ўдзел у пратэстах ня выяўлена
- нэгатыўных камэнтароў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі ня выяўлена
- у сацыяльных сетках кампрамэтуючай інфармацыі, за якую яго могуць прыцягнуць у Беларусі да адказнасьці, ня выяўлена
- раней працаваў кантралёрам у пазаведамаснай ахове цывільным спэцыялістам».
Па стане на 14 гадзіну стала вядома, што Смактуновіч, якога дэпартавалі ў Беларусь, сеў у аўтобус на Менск. Ён прайшоў мяжу. Ці суправаджае яго хто, невядома. Як расказала Свабодзе Натальля Смактуновіч, яна размаўляла апошні раз з мужам каля 12:50 па беларускім часе. Ён сказаў, што сядае ў аўтобус у бок Менску, але не сказаў, адзін ён ці нехта яго суправаджае.
«Я запыталася ў яго, ці быў допыт. Ён на польскай мове адказаў мне, што ўсе падрабязнасьці потым. Я так зразумела, што хтосьці стаяў побач, відаць», — кажа Натальля.
Больш на сувязь з жонкай Дзьмітры не выходзіў. Гудок па-ранейшаму праходзіць, але на званок ніхто не адказвае.
Пазьней Смактуновіч зьявіўся ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу «Брэст».
«Скончыўся літоўскі дазвол на жыхарства два гады таму. Мяне Літва не апавясьціла пра гэта. Я пражываў там зь сям’ёй. Ну, і таму прабіваўся назад [у Польшчу]. Сямʼю ж я не хачу губляць», — сказаў у сюжэце Смактуновіч. У сюжэце таксама гаворыцца, што цяпер ён будзе праз амбасаду вырашаць пытаньне пра «ўзьяднаньне зь сям'ёй».
Натальля Смактуновіч адзначыла, што з польскага боку Дзьмітрыя штурхалі на беларускі бок. Газу не распылялі.
«Яны прынесьлі толькі балёнчык і накіравалі яго ў бок мужа», — патлумачыла суразмоўца.
Натальля расказала, што ў дакумэнтах на дэпартацыю мужа пазначана, што яго высылаюць праз ануляваньне літоўскага дазволу на жыхарства, а не за перавозку мігрантаў. У рэдакцыі ёсьць дакумэнты пра дэпартацыю Смактуновіча.
«Справа гэтая даўно пагашаная і закрытая. А польскі бок камэнтуе, што гэта за мігрантаў. Ну як празь мігрантаў, калі справа закрытая, штраф аплачаны, умоўную судзімасьць зьнялі? Я была ўпэўненая да апошняга, што польскі бок дасьць яму шанец. Выйшла як выйшла. Сям’я вельмі расчаравалася, як палякі сябе павялі», — кажа Натальля.
Па камэнтар адносна сытуацыі з Смактуновічам «Люстэрка» зьвярнулася да прэс-сакратара Надбужанскага аддзелу Памежнай службы Польшчы Дарыюша Сяніцкага. Ён адзначыў, што ў 11.30 рух у пункце пропуску быў адноўлены пасьля «невялікага перапынку»:
«Перапынак быў выкліканы тым, што грамадзянін Беларусі, які хацеў перасячы мяжу пешшу, быў адпраўлены назад, бо ў пераходзе „Тарэспаль“ дазволена перасякаць мяжу толькі на аўтамабілях, там не прапускаюць пешаходаў. Гэты чалавек прыйшоў пешшу з тэрыторыі Беларусі, яго разьвярнулі яшчэ на мосьце праз Буг, перад уваходам на тэрыторыю памежнага пераходу. Ён нават не пасьпеў дайсьці да тэрміналаў і быў затрыманы на лініі дзяржаўнай мяжы. Ужо знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, ён выйшаў за агароджу моста і спрабаваў саскочыць у раку. Пасьля перамоваў зь беларускімі службамі мужчына вярнуўся на дарогу і сышоў на тэрыторыю Беларусі».
Сям’я Дзьмітрыя, жонка з трыма дзецьмі, застаецца ў Польшчы, у Беластоку.
«Мы ня можам выехаць, бо мы чакаем „побыт“ (часовы дазвол на жыхарства. — РС)», — кажа суразмоўца.
Са словаў жонкі, Дзьмітры каля месяца таму таксама падаў дакумэнты, каб атрымаць часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы, і чакаў адказу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса дэпартавалі з Польшчы, пасьля чаканьня на мяжы і перакрыцьця палякамі руху ён перайшоў на беларускі бок11 чэрвеня беларуса Дзьмітрыя Смактуновіча дэпартавалі з Польшчы. Нейкі час ён знаходзіўся на паласе беларуска-польскай мяжы і спрабаваў папрасіць міжнароднай абароны, але безвынікова.
Польскія памежнікі на нейкі час перакрывалі мост, каб Смактуновіч не спрабаваў прарвацца ў Польшчу, а таксама перакрылі дарожны рух у пункце пропуску Берасьце — Тарэспаль на беларуска-польскай мяжы.
У выніку 12 чэрвеня беларус перайшоў на беларускі бок.
Паводле інфармацыі польскіх памежнікаў, якую атрымаў кіраўнік НАУ Павал Латушка, адной з галоўных прычын выдварэньня Смактуновіча з тэрыторыі краіны стала яго садзейнічаньне ў нелегальнай міграцыі.
Свабода таксама накіравала запыт у літоўскую міграцыйную і ў польскую памежную службы. У польскай памежнай ахове з спасылкай на адпаведны закон адзначылі, што даюць інфармацыю пра сытуацыю на мяжы толькі «судам, пракуратуры, органам дзяржаўнага кіраваньня» і іншым вызначаным упаўнаважаным дзяржаўным структурам.
Як Свабодзе паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», чалавек зь імем Дзьмітры Смактуновіч да іх па прававую дапамогу не зьвяртаўся. «Няма такога чалавека і ў зьвестках аб адміністрацыйным перасьледзе», — паведаміла «Вясна».