Украінскія памежнікі ўвечары 16 траўня затрымалі чацьвярых грамадзян Украіны недалёка ад пункту пропуску «Выступовічы» ў Жытомірскай вобласьці.
Памежнікі склалі пратакол аб перасячэньні мяжы паза пунктам пропуску ў групе асобаў і накіравалі ў суддля прызначэньня пакараньня. Парушальнікам пагражаў штраф у памеры ад 8500 да 13 600 грыўняў (ад 200 да 340 даляраў у эквіваленце) або адміністрацыйны арышт на тэрмін ад 10 да 15 содняў.
Суд прызнаў віну парушальнікаў, аднак палічыў правапарушэньне малазначным і абмежаваўся вуснай заўвагай.
Як высьветлілася, усе яны жывуць за 1,5 кілямэтра ад Беларусі ў Оўруцкім раёне і ў пачатку траўня вырашылі наведаць беларускіх сваякоў. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны межы зь Беларусьсю закрылі, таму ўкраінцы вырашылі ехаць у Беларусь праз Польшчу, а назад ужо не захацелі вяртацца такім жа шляхам — цяпер, пасьля закрыцьця некалькіх польскіх памежных пунктаў на беларускай мяжы, трэба чакаць ня менш за 14 гадзін, каб выехаць зь Беларусі ў кірунку Польшчы.
«Паехалі ў Беларусь праз Польшчу, каб наведаць сваякоў і ўшанаваць памяць родных на могілках. У мяне асабіста там жыве старэнькая маці. Магчымасьці вярнуцца назад праз Польшчу не было, бо зь Беларусі гэта складана і доўга, а здароўя не хапае, таму вырашылі перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу ў раёне Выступовічаў, бо гэта за 1,5 кілямэтра ад нашага сяла. Калі падышлі, то пабачылі дрот і сталі чакаць памежнікаў, бо самі баяліся ісьці», — паведаміла на судовым пасяджэньні адна з затрыманых украінак [Свабода мае яе імя і прозьвішча, але ў мэтах бясьпекі іх не публікуе].
Сёлета ў траўні праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што ў Беларусі за шпіянаж або выведную дзейнасьць на карысьць украінскіх спэцслужбаў затрымалі і асудзілі ня менш за 30 грамадзян Украіны. Але гэта толькі тыя выпадкі, калі праваабаронцы змаглі вэрыфікаваць гэтыя выракі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паехала да былога мужа па алімэнты, а пасадзілі за шпіянаж». Гісторыя яшчэ адной украінкі, якую асудзілі ў БеларусіРаней украінскія вайскоўцы паведамлялі аб стварэньні на мяжы зь Беларусьсю глыбокай абароны ў выглядзе фартыфікацый і інжынэрных загарод, а таксама замінаваньні памежнай украінскай тэрыторыі з выкарыстаньнем больш за 1,5 мільёна мінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жытомірскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю будуюць дадатковыя фартыфікацыіСёлета ў сакавіку кіраўнік Жытомірскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Бунечка паведаміў пра ўзьвядзеньне на мяжы зь Беларусьсю дадатковых фартыфікацыйных умацаваньняў у межах будаўніцтва глыбока эшалянаванай сыстэмы абароны, якую пачалі ствараць з 2022 году.
«У цеснай супрацы з вайсковым камандаваньнем пабудавалі доўгатэрміновыя агнявыя пазыцыі з армаванага жалезабэтону, паставілі інжынэрныя загароды: супрацьтанкавыя равы, мінныя тэрыторыі, „зубы цмока“», — удакладніў кіраўнік Жытомірскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя кантрабандысткі. Як праз паказаньні ўкраінкі асудзілі беларускіх мытнікаў, а праз сем гадоў яе саму абвінавацілі ў шпіянажы- Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.