11 чэрвеня беларуса Дзьмітрыя Смактуновіча дэпартавалі з Польшчы. Ён нейкі час знаходзіўся на паласе беларуска-польскай мяжы, а пасьля 12 чэрвеня перайшоў на беларускі бок. Рух транспарту на мяжы часова прыпынялі.
Раніцай 11 чэрвеня жонцы Смактуновіча Натальлі патэлефанаваў супрацоўнік польскай памежнай службы і паведаміў, што Дзьмітры знаходзіцца на памежным пераходзе ў Тарэспалі з дакумэнтамі на дэпартацыю, паведамляе выданьне MOST.
«Яму не далі забраць з машыны рэчы, надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і этапавалі на памежны пераход. Там яму падсунулі дакумэнты. З польскай мовай у яго ня вельмі добра. І ён усё падпісаў»,— расказала выданьню Натальля.
Пасьля гэтага памежнікі адвялі Смактуновіча ў зону паміж Беларусьсю і Польшчай і пакінулі яго там. Пачакаўшы, пакуль у памежнікаў памяняецца зьмена, ён сеў у аўтобус, пад’ехаў на польскую мяжу і паспрабаваў папрасіць міжнароднай абароны, але безвынікова. Раніцай 12 чэрвеня яго вярнулі на паласу паміж дзьвюма дзяржавамі.
Паводле інфармацыі Надбужанскага аддзелу Памежнай службы Польшчы, «адной з галоўных прычын выдварэньня Дзьмітрыя Смактуновіча з тэрыторыі Польшчы стала яго супрацьзаконная дзейнасьць, зьвязаная з садзейнічаньнем у нелегальным перасячэньні беларуска-польскай мяжы мігрантамі», паведаміў кіраўнік НАУ Павал Латушка, які кантактаваў з польскімі памежнікамі.
Натальля расказала Свабодзе, што ў дакумэнтах на дэпартацыю мужа пазначана, што яго высылаюць праз ануляваньне літоўскага дазволу на жыхарства, а не за перавозку мігрантаў. У рэдакцыі ёсьць дакумэнты пра дэпартацыю Смактуновіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Смактуновіч зьявіўся ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу. Што вядома пра беларуса, якога ранкам дэпартавалі з Польшчы ў БеларусьПольскія памежнікі на нейкі час перакрывалі мост, каб Смактуновіч не спрабаваў прарвацца ў Польшчу.
У Беларускім памежным камітэце пацьвердзілі перакрыцьцё руху ў пункце пропуску Берасьце — Тарэспаль на беларуска-польскай мяжы.
Па камэнтар адносна сытуацыі са Смактуновічам «Люстэрка» зьвярнулася да прэс-сакратара Надбужанскага адзьдзела Памежнай службы Польшчы Дарыюша Сяніцкага. Ён адзначыў, што ў 11.30 рух у пункце пропуску быў адноўлены пасьля «невялікага перапынку»:
«Перапынак быў выкліканы тым, што грамадзянін Беларусі, які хацеў перасячы мяжу пешшу, быў адпраўлены назад, бо ў пераходзе „Тэрэспаль“ дазволена перасякаць мяжу толькі на аўтамабілях, там не прапускаюць пешаходаў. Гэты чалавек прыйшоў пешшу з тэрыторыі Беларусі, яго разьвярнулі яшчэ на мосьце праз Буг, перад уваходам на тэрыторыю памежнага пераходу. Ён нават не пасьпеў дайсьці да тэрміналаў і быў затрыманы на лініі дзяржаўнай мяжы. Ужо знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, ён выйшаў за агароджу моста і спрабаваў саскочыць у раку. Пасьля перамоваў з беларускімі службамі мужчына вярнуўся на дарогу і сышоў на тэрыторыю Беларусі».
Беларус, якога дэпартавалі ў Беларусь, сеў у аўтобус на Менск
Ён прайшоў мяжу. Ці яго нехта суправаджае, невядома. Як расказала Свабодзе Натальля Смактуновіч, яна размаўляла апошні раз з мужам каля 12:50 па беларускім часе. Ён сказаў, што сядае ў аўтобус у бок Менску, але не сказаў, ён адзін ці яго нехта суправаджае.
«Я запыталася ў яго, ці быў допыт. Ён на польскай мове адказаў мне, што ўсе падрабязнасьці потым. Я так зразумела, што хтосьці стаяў побач, відаць», — кажа Натальля.
Больш на сувязь з жонкай Дзьмітры не выходзіў. Гудок па-ранейшаму праходзіць, але на званок ніхто не адказвае.
Раней Натальля тлумачыла, што ў Беларусь Дзьмітрыю вяртацца нельга з прычыны ягонай грамадзянскай пазыцыі. Аднак у Памежным камітэце Беларусі пасьля вятраньня мужыны на радзіму заявілі, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці.
«У грамадзяніна адсутнічаюць праблемы зь беларускім заканадаўствам, і значыць, ён бесьперашкодна можа вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Раней гэты грамадзянін неаднаразова перасякаў беларускую мяжу», — заявілі ў ведамстве.
Свабода таксама накіравала запыт у літоўскую міграцыйную і ў польскую памежную службы. У польскай памежнай ахове з спасылкай на адпаведны закон адзначылі, што даюць інфармацыю пра сытуацыю на мяжы толькі «судам, пракуратуры, органам дзяржаўнага кіраваньня» і іншым вызначаным упаўнаважаным дзяржаўным структурам.
Што вядома пра Смактуновіча
Дзьмітрыю Смактуновічу 40 гадоў, ён родам з Бабруйску. З канца 2019 году працаваў кіроўцам-дальнабойнікам у Эўропе, атрымаў часовы ДНЖ у Літве. Пэрыядычна вяртаўся ў Беларусь з рэйсаў, апошні раз быў там у 2022 годзе.
У лютым 2023 году ён перабраўся ў Польшчу, а празь месяц да яго пераехала і жонка Натальля з трыма дзецьмі.
Паводле слоў жанчыны, амаль год Дзьмітры нібыта легальна працаваў у таксі ў Беластоку — плаціў падаткі і рабіў сацыяльныя выплаты ў ZUS. Але ці сапраўды ён працаваў легальна бязь дзейнага ДНЖ, Свабодзе высьветліць пакуль не атрымалася.
Польскія памежнікі і міграцыйныя службы на гэты момант нічога не паведамілі пра выпадак на мяжы.
Як Свабодзе паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», чалавек зь імем Дзьмітры Смактуновіч да іх па прававую дапамогу не зьвяртаўся. «Няма такога чалавека і ў зьвестках аб адміністрацыйным перасьледзе», — паведаміла «Вясна».
Як паведамляў MOST, нагодай для затрыманьня магло стаць тое, што Смактуновіч нібыта перавозіў мігрантаў, якія нелегальна ўяжджаюць у Польшчу зь беларускага боку. Натальля кажа, што яго затрымлівалі за гэта яшчэ ў красавіку 2023 году, тады ён супрацоўнічаў са сьледзтвам, дзякуючы ягоным дзеяньням удалося выйсьці на іншых удзельнікаў канала перавозкі. Судзімасьць у Дзьмітрыя пагашаная.
Як піша выданьне, Смактуновіч актыўна камэнтаваў падзеі 2020 году ў сацсетках. Пасьля апошняга ад’езду зь Беларусі яму прыйшла позва з вайсковага камісарыяту. Да ягонай маці прыходзілі людзі, якія цікавіліся Дзьмітрыем, а потым зь ім зьвязаліся знаёмыя з «органаў» і рэкамэндавалі па магчымасьці не прыяжджаць у Беларусь, бо на яго ёсьць нейкія матэрыялы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля скандалу Літва забараніла ўезд былому міліцыянту Маціевічу, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні за дапамогу мігрантам у незаконным перасячэньні мяжы асудзілі беларуса і іншаземца