«Заява [міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна] зьяўляецца працягам расейскай кампаніі ядзернага шантажу, мэта якой — запалохаць партнэраў Украіны, паўплываць на рашэньні аб падтрымцы нашай дзяржавы», — заявілі ў Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
Як адзначаецца ў паведамленьні, дазвол заходніх краін на выкарыстаньне замежнай зброі па тэрыторыі Расеі прадэманстраваў, што «ядзерны шантаж Масквы праваліўся».
«Той факт, што Крэмль працягвае гістэрыю, сьведчыць, што Расея ня мае іншага пляну», — падкрэсьлілі ў Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар Хрэнін адрэгаваў на заяву МЗС Літвы аб нанясеньні ўдараў па расейскіх вайсковых аб’ектах у БеларусіМіністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін 10 чэрвеня заявіў аб пачатку другога этапу вучэньня сродкаў і носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі і ўдзеле ў іх беларускіх падразьдзелаў.
У сваёй заяве ён назваў ядзерную зброю «зброяй адплаты» і падкрэсьліў, што Расея і Беларусь «поўныя рашучасьці да рэагаваньня на любыя пагрозы, якія ствараюць як для нашай краіны, так і саюзнай дзяржавы».
Апроч таго, міністар абароны Беларусі заявіў, што такія вучэньні сталі вынікам «бескампраміснай агрэсіўнай палітыкі» кіраўніцтва заходніх краін, якое «дэманструе адсутнасьць гатоўнасьці да канструктыўнага дыялёгу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ў нас стабільна». Пуцін і Лукашэнка абмеркавалі другую фазу супольных вучэньняў носьбітаў ядзернай зброі- 6 траўня Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб правядзеньні ў найбліжэйшы час вучэньняў з тактычнай ядзернай зброяй у межах Паўднёвай вайсковай акругі ў адказ на «правакацыйныя заявы і пагрозы» Захаду. У камэнтарах амэрыканскіх чыноўнікаў гэта было названа безадказнымі паводзінамі.
- 7 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі заявілі пра пачатак праверкі гатоўнасьці сілаў і сродкаў носьбітаў тактычнай ядзернай зброі з прымяненьнем штурмавікоў Су-25, апэратыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і «Палянэз».
- Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што раптоўная праверка ядзернай гатоўнасьці ў Беларусі накіраваная на ўзмацненьне кампаніі ціску Крамля на Захад дзеля зьмяншэньня дапамогі Ўкраіне.