Журналістку-фрылансэрку Алену Цімашчук абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў, паведамляе Dissidentby.com.
Справу Алены Цімашчук разглядаў судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Дзьмітры Карасінскі. Журналістку абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК), распальваньні варожасьці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК) і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні (ч. 3 арт. 361-1 КК).
У выніку Цімашчук прысудзілі 5 гадоў калёніі і штраф 46 тысяч рублёў.
Раней Алена Цімашчук як фрылансэрка супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданьнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданьнем «Виртуальный Брест», а таксама з «Брестским зелёным порталом».
БАЖ паведамляў, што, паводле інфармацыі ад мясцовых журналістаў, Алена Цімашчук, супрацоўнічаючы зь незалежнымі выданьнямі, не рыхтавала публікацый на палітычныя тэмы. Часам яна рабіла рэклямныя артыкулы і пісала на тэмы псыхалёгіі, бо мае вышэйшую адукацыю па гэтай спэцыяльнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэляцыю журналіста Карнея адхілілі. Ён рыхтуецца да калёніі, скардзіцца на цыгарэтны дым ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта перавялі з турмы пад хатні арышт у Сэрбіі