Пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі Польшчы пра сытуацыю на польска-беларускай мяжы прайшло ў Беластоку, што за 54 км ад мяжы зь Беларусьсю.
Як паведаміла інфармагенцтва РАР, пасяджэньне пачалося з хвіліны маўчаньня ў памяць пра вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю, які пазьней памёр. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, на Сітэка напаў мігрант, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў на пасяджэньні, што за апошні час агулам адбылося 50 нападаў на польскіх вайскоўцаў. Дуда падкрэсьліў, што Польшча павінна прыкласьці ўсе намаганьні, каб выявіць выканаўцаў забойства вайскоўца і пакараць іх. «Мы ня можам дапусьціць, каб рука падымалася ня толькі на нашых салдат і афіцэраў, але перш за ўсё на Рэспубліку Польшча. Гэта падняцьце рукі замежнікаў на Рэспубліку Польшча», — сказаў польскі прэзыдэнт.
Сустрэча таксама тычылася такіх падзей, як арышт двух салдат, якія ўвесну ўжылі зброю падчас апэрацый на мяжы, і абвінавачаньне іх у перавышэньні паўнамоцтваў і стварэньні небясьпекі для жыцьця іншых людзей. Таксама абмяркоўвалі ўнесены ў Сэйм прэзыдэнцкі законапраект аб дзейнасьці органаў дзяржаўнай улады ў выпадку зьнешняй пагрозы дзяржаўнай бясьпецы. Праект, сярод іншага, рэглямэнтуе правілы прымяненьня зброі войскам.
Рада нацыянальнай бясьпекі — дарадчы орган прэзыдэнта Польшчы ў пытаньнях унутранай і замежнай дзяржаўнай бясьпекі. У яго склад уваходзяць сьпікеры Сэйму і Сэнату, прэмʼер-міністар, кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў, нацыянальнай абароны, унутраных спраў і адміністрацыі, а таксама міністар — каардынатар спэцслужбаў. Сябрамі СНБ таксама зьяўляюцца кіраўнікі прадстаўленых у парлямэнце палітычных партый ці іх фракцый, адміністрацыі прэзыдэнта і Бюро нацыянальнай бясьпекі.
«Зброя на мяжы ўжывалася больш за 770 разоў»
На пасяджэньні польскага ўраду, якое сёньня ж прайшло ў Беластоку, прэм'ер-міністар Дональд Туск зазначыў, што ў адным толькі траўні польскія вайскоўцы на мяжы зь Беларусьсю папераджальна ўжывалі зброю больш як 770 разоў.
Польскі прэм'ер паведаміў, што на пасяджэньні ўраду прынялі рашэньне стварыць на мяжы зь Беларусьсю спэцыяльную «буфэрную зону». «Мы гаворым пра 10 км, 200 м глыбіні», — цытуе Туска агенцтва «Позірк».
Туск яшчэ 29 траўня казаў пра пляны аднавіць 200-метровую буфэрную зону каля мяжы зь Беларусьсю. Меркавалася, што яе вернуць 4 чэрвеня, але пасьля было заяўлена, што спачатку гэтае пытаньне абмяркуюць зь мясцовымі ўладамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы высьвятляюць, ці маглі падазраваныя ў дывэрсіях беларусы трапіць у краіну па праграме Poland. Business HarbourСьпікер Сэйму Польшчы Шыман Галоўня паведаміў агенцтву РАР, што ў Беластоку таксама пройдзе арганізаваны зь ягонай ініцыятывы саміт сьпікераў парлямэнтаў Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Ўкраіны. На яго думку, прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін будзе ўсімі мэтадамі «ўзмацняць ціск» падчас фармаваньня большасьці ў Эўрапарлямэнце (выбары адбыліся 6–9 чэрвеня), складу эўрапейскіх інстытутаў і Эўрапейскай камісіі, таму на пасяджэньні РНБ «трэба гаварыць пра бясьпеку ў доўгатэрміновай пэрспэктыве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варшава патрабуе ад Менску спыніць правакацыі на мяжы і выдаць нападніка, падазраванага ў забойстве польскага вайскоўца6 чэрвеня стала вядома пра сьмерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, на Сітэка напаў мігрант, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
За некалькі гадзін да нападу на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі. Аднаго зь іх ударылі пабітай бутэлькай, ён атрымаў траўмы твару, на другога памежніка напалі з палкай, да якой быў прымацаваны нож. Абодвум спатрэбілася дапамога мэдыкаў.
На фоне гэтых здарэньняў Польшча скіравала на мяжу дадатковыя сілы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лінія Лукашэнкі» на мапе Эўропы. Чым скончацца новыя міграцыйныя атакі Менску і Масквы на мяжу Эўразьвязу