Францыя
Перамога ўльтраправых на выбарах у Эўрапарлямэнт у нядзелю прымусіла прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона прызначыць пазачарговыя нацыянальныя выбары. Гэта ўнесла яшчэ большую нявызначанасьць у будучы палітычны кірунак Эўропы, піша Reuters.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон распусьціў парлямэнт Францыі і абвясьціў датэрміновыя выбарыНямеччына
Лібэральныя і сацыялістычныя партыі павінны захаваць большасьць у 720-мясцовым парлямэнце, аднак галасаваньне нанесла ўнутрыпалітычны ўдар лідэрам Францыі і Нямеччыны. Макрон прызначыў пазачарговыя парлямэнцкія выбары, першы тур якіх адбудзецца 30 чэрвеня. Оляф Шольц таксама атрымаў кепскія вынікі. Ягоныя сацыял-дэмакраты паказалі найгоршы вынік у гісторыі, страціўшы ў параўнаньні з кансэрватарамі ХДС/ХСС і ўльтраправай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (AfD). Апошняя партыя супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі.
Італія
Прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні ўмацавала пазыцыі, яе кансэрватыўная партыя «Браты Італіі» набрала найбольшую колькасьць галасоў, што паказалі апытаньні на выхадах з участкаў. На прамежкавым этапе падліку гэтая палітычная сіла мае 28,3%, апазыцыйная Дэмакратычная партыя мае 23,7%, а дэмакратычны папулісцкі «Рух 5 зорак» 10,5%.
Гішпанія
У Гішпаніі правацэнтрысцкая Народная партыя, частка ЭНП, выйшла на першае месца — 34,20%, апярэдзіўшы прэм’ер-міністра-сацыяліста Пэдра Санчэса, чыя партыя мае 30,18%. Ультраправая партыя Vox мае 9,62%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стартуюць выбары ў Эўрапейскі парлямэнт. Тлумачым, што пра іх трэба ведацьАўстрыя
У Аўстрыі падлік галасоў, пададзеных на выбарчых участках у нядзелю, а таксама прагноз галасаваньня па пошце пацьвердзілі, што ўльтраправая Партыя свабоды перамагла, але зь меншым адрывам, чым прагназавалася, паведаміла нацыянальная тэлерадыёкампанія ORF.
Нідэрлянды
У Нідэрляндах ацэнкі, заснаваныя на большасьці падлічаных галасоў, паказалі, што аб’яднаньне лейбарыстаў і зялёных левых атрымала 8 месцаў, крыху апярэдзіўшы антыімігранцкую партыю Герта Вілдэрса з 6 месцамі.
Польшча
У Польшчы ў выніку падліку 100% галасоў першае месца займае кіроўная «Грамадзянская кааліцыя», якую ўзначальвае кіраўнік ураду Дональд Туск — 37,06%. Партыя «Закон і справядлівасьць» (PiS) адстала нязначна — 36,16%.
Галоўным вынікам выбараў тут можна лічыць узмацненьне ўльтраправых эўраскептыкаў і праціўнікаў дапамогі Ўкраіне з «Канфэдэрацыі», якая набрала 12,08%, пры тым што «Трэцяя дарога» і «Лявіца» 6,91% і 6,30% адпаведна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы пачынае працу камісія па расьсьледаваньні беларускага і расейскага ўплывуЛітва
Літва выбрала сваіх прадстаўнікоў у Эўрапарлямэнт, захоўваючы пераемнасьць. Сама больш мандатаў — тры — ізноў здабыў кансэрватыўны «Зьвяз Айчыны» — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты. Ад спадкаемцаў Саюдзісу ў Брусэль паедуць колішнія прэм‘ер Андрус Кубілюс і міністарка абароны Раса Юкнявічэне (яны былі і ў папярэднім складзе ЭП), а таксама Паўлюс Саўдаргас.
Сацыял-дэмакраты зноў займелі два месцы, дэпутатамі будуць старшыня партыі Вілія Блінкявічуце і ганаровы старшыня Віцяніс Андрукайціс. А Юозас Олекас, кіраўнік Дэлегацыі ЭП для сувязяў зь Беларусьсю, гэтым разам не прайшоў.
Наступная паводле колькасьці галасоў — Партыя сялянаў і зялёных, у яе адно месца, якое зойме Аўрэліюс Вярыга. Таксама па адным дэпутаце Эўрапарлямэнту будуць мець: дзьве лібэральныя партыі — Партыя Свабоды (удзельнічалі ўпершыню, правялі ў дэпутаты былога старшыню Канстытуцыйнага суду Дайнюса Жалімаса) і Рух лібэралаў (Пятрас Аўштравічус, цяперашні эўрадэпутат і аўтар праектаў рэзалюцыяў аб сытуацыі ў Беларусі); Зьвяз «У імя Літвы» (эўракамісар Віргініюс Сінкявічус); Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Зьвяз хрысьціянскіх сем’яў, якая заняла першае месца ў раёнах Віленшчыны (Вальдэмар Тамашэўскі); Зьвяз нацыі і справядлівасьці (Пятрас Гражуліс, выгнаны зь Сейму за парушэньне прысягі і Канстытуцыі). Іншыя партыі не прайшлі.
Чэхія
Паводле папярэдніх вынікаў у Чэхіі апазыцыйная цэнтрысцкая партыя ANO заняла першае месца, атрымаўшы 26,1% галасоў і 7 месцаў. Такім чынам, партыя на чале з былым прэм’ерам, мільярдэрам Андрэем Бабішам атрымае на адзін мандат больш, чым у 2019 годзе. На другім месцы апынуўся кансэрватыўны выбарчы альянс Spolu («Разам») прэм’ер-міністра Пэтра Фіялы, які атрымаў 22,3% і 6 месцаў.
Яўка на выбарах у Чэхіі была найвышэйшай за ўвесь час пасьля ўступленьня ў ЭЗ у 2004 годзе — 36,45%.
Вугоршчына
У Вугоршчыне перамагла партыя «Фідэс» дзейнага прарасейскага прэм’ера Віктара Орбана, але яе вынікі істотна ніжэйшыя за папярэднія — 44,2%. Істотна скарачае разрыў у папулярнасьці сярод народу апызыцыйная правацэнтрысцкая партыя Tisza Пэтра Мадзяра, яна набрала 30%, значна больш, чым ёй прагназавалі напярэдадні выбараў.
Яшчэ да галасаваньня многія экспэрты былі ўражаныя маштабным пратэстам супраць уладаў з боку апазыцыі — сотні тысяч вугорцаў сабраліся ў Будапэшце, каб выказаць пратэст супраць мэтадаў кіраваньня краінай, антыэўрапейскай і прамаскоўскай палітыкі з боку Орбана.
Пры гэтым сам Орбан пра зьніжэньне лічбаў не сказаў, заявіўшы, што «Фідэс» перамог і старую, і новую апазыцыю. Тым ня менш ягоная партыя зьменшыць прадстаўніцтва ў Эўрапарлямэнце з 13 да 11 мандатаў. Вугорскія экспэрты прадказваюць далейшыя посьпехі партыі Мадзяра — ягоны рух паўстаў толькі некалькі месяцаў таму і яшчэ набірае сілу. У той жа момант у грамадзтве расьце незадаволенасьць Орбанам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бэльгія ініцыюе абмежаваньне магчымасьцяў старшынёўства Вугоршчыны ў ЭЗРазьмеркаваньне месцаў у Эўрапарлямэнце
Зрух управа ў Эўрапарлямэнце можа ўскладніць прыняцьце новага заканадаўства, якое можа спатрэбіцца для рэагаваньня на выклікі бясьпецы, праблемы клімату або прамысловай канкурэнцыі з боку Кітаю і Злучаных Штатаў.
Правацэнтрысцкая Эўрапейская народная партыя (ЭНП) стане самай вялікай палітычнай партыяй у новым заканадаўчым органе, дадаўшы пяць месцаў. Яна выставіць 189 дэпутатаў, паказала цэнтралізаванае апытаньне выбарнікаў.
135 мандатаў у новым Эўрапарлямэнце можа пайсьці левацэнтрыстам, дэмакратам і сацыялістам. Ультраправыя аб’яднаньні і партыі эўраскептычнага кірунку, імаверна, атрымаюць дадатковыя 19 месцаў і пашыраць прадстаўніцтва да 146 дэпутатаў.
Паводле першых высноваў, праэўрапейскія правацэнтрысцкія, левацэнтрысцкія, лібэральныя партыі і партыі зялёных захаваюць большасьць у 460 месцаў, але колькасьць іх месцаў значна меншая ў параўнаньні зь цяперашнімі 488 з 705.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узмацненьне санкцыяў, сталы від на жыхарства ў ЭЗ для беларусаў — інтэрвію кіраўніцы Эўрапарлямэнту Рабэрты Мэтсалы