Паветраныя сілы Ўкраіны: частка перададзеных Захадам самалётаў F-16 будуць базавацца за межамі краіны

Самалёты F-16. Ілюстрацыйнае фота

Аб перадачы Ўкраіне самалётаў F-16 заявілі Бэльгія, Нідэрлянды, Нарвэгія і Данія. Украіна разьлічвае ўжо сёлета летам атрымаць гэтую авіяцыйную тэхніку.

Начальнік авіяцыі камандаваньня Паветраных сіл Украіны Сяргей Галубцоў заявіў, што частка перададзеных заходнімі краінамі баявых самалётаў F-16 будуць знаходзіцца на «бясьпечных авіябазах, не ва Ўкраіне».

«Ёсьць лічба [самалётаў], якая зойдзе ва Ўкраіну. Ёсьць пэўная колькасьць самалётаў, якія будуць захоўвацца на бясьпечных авіябазах, не ва Ўкраіне, для таго, каб яны тут не былі мішэнямі», — сказаў Сяргей Галубцоў у інтэрвію праекту Радыё Свабода Донбас. Реалії.

Начальнік авіяцыі камандаваньня Паветраных сіл Украіны Сяргей Галубцоў

Паводле яго, гэта будуць рэзэрвы на выпадак замены няспраўных самалётаў і рэглямэнтных работ. «Каб мы маглі пастаянна мець у апэрацыйным складзе пэўную колькасьць самалётаў, якая будзе адпавядаць колькасьці пілётаў, якія ў нас будуць. Будзе больш пілётаў — будзе больш самалётаў», — патлумачыў ён.

Сяргей Галубцоў дадаў, што ўжо падрыхтавалі пэўную частку аэрадромаў, дзе будуць разьмешчаныя F-16. «Разьлічана, колькі будзе пілётаў у нас, колькі будзе інжынэраў, колькі будзе абслуговага пэрсаналу аэрадромаў. У нас ёсьць пэўная колькасьць падрыхтаваных аэрадромаў і мы ведаем лічбу самалётаў, якія зойдуць сёлета ў першую чаргу», — дадаў начальнік авіяцыі камандаваньня Паветраных сіл Украіны.

Паводле яго, ва Ўкраіне вельмі складана абараніць аэрадромы ад абстрэлаў.

«Аэрадромы, на якіх цяпер нас знаходзіцца авіяцыйная тэхніка, амаль кожную ноч атакуюць дзясяткамі дронаў. Туды ляціць шмат крылатых ракет. Ёсьць чым адбіваць, мы гэта рабіць умеем. Адзінае, чаго бракуе, — няма чым адбівацца. Таму найбольшай праблемай ёсьць прыкрыцьцё авіябазаў, дзе будуць базавацца F-16. Гэта мусіць быць прынамсі дзьве батарэі Patriot. Гэта мусіць быць як мінімум дзьве батарэі тыпу NASAMS, каб працаваць па аэрадынамічных цэлях, па бесьпілётніках, а таксама прыкрываць сам Patriot ад іх. І сродкі непасрэднага прыкрыцьця, зэнітна-гарматныя ўстаноўкі тыпу Gepard. Яны таксама паказваюць сваю эфэктыўнасьць супраць крылатых ракет, супраць „Шахедаў“. Гэта той мінімум актыўнай абароны, які патрэбны», — падкрэсьліў Сяргей Галубцоў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністар Даніі Мэтэ Фрэдэрыксен у самалётце F-16 на авіябазе Скідструп у Данії, 20 жніўня 2023 году

Апроч таго, паводле яго, патрэбная і пасіўная абарона — загароды, тэхнічныя сродкі руху супраць дывэрсійных груп. «Найбольшае, чаго мы асьцерагаемся, што расейцы ня будуць лічыць колькасьць „Кінжалаў“ і „Іскандэраў“, каб пацэліць у F-16 на аэрадроме», — адзначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У складзе экіпажу зьбітага ў студзені каля Белгарада Іл-76 быў беларус. Што пра яго вядома

Начальнік авіяцыі камандаваньня Паветраных сіл Украіны таксама паведаміў, што Расея пачала выкарыстоўваць «пілётаў-наймітаў», якія кіруюць самалётамі Су-25 для атакі ўкраінскай тэрыторыі.

«Год таму ў нас была інфармацыя, што на гэтых самалётах выконваюць палёты ня кадравыя афіцэры расейскіх вайскова-касьмічных сіл, а нехта накшталт наймітаў Прыгожына, толькі ў паветры. Таму, напэўна, расейцам іх не шкада, яны іх выкарыстоўваюць як мяса», — паведаміў начальнік авіяцыі камандаваньня Паветраных сіл Украіны Сяргей Галубцоў.

Раней аб перадачы Ўкраіне самалётаў F-16 заявілі Бэльгія, Нідэрлянды, Нарвэгія і Данія. Украіна разьлічвае ўжо сёлета летам атрымаць гэтую авіяцыйную тэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра Беларусь, дэфіцыт снарадаў, мабілізацыю. Асноўнае з новага інтэрвію Зяленскага

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.