Беларускі і беларусы на ЛГБТ-прайдзе ў Вільні. Фотарэпартаж

Парад у абарону правоў ЛГБТ у Вільні, Літва, 8 чэрвеня, 2024

8 чэрвеня ў Вільні прайшоў ЛГБТ-парад. Сёлета асобнай беларускай калёны не было. Да прайду далучылася каля 20 000 чалавек, у тым ліку беларусы. Свабода запыталася ў беларусак і беларусаў, што для іх значыць прайд і чаму яны прыйшлі на яго.

Чэрвень – месяц ЛГБТ-прайдаў ва ўсім сьвеце. Месяц памяці прысьвечаны сьвяткаваньню гонару лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгэндэраў (ЛГБТ), а таксама руху за іх правы. Месяц гонару пачалі адзначаць пасьля Стоўнвалскіх бунтаў, сэрыі пратэстаў 1969 году ў ЗША за вызваленьне геяў.

Аляксандра Гушча

Аляксандра Гушча, мастачка і дызайнэрка:

— Вельмі важна паказваць усяму сьвету, але таксама і беларусам, што мы не адзіная шэрая маса, а ў нас перакрэсьліваюцца розныя ідэнтычнасьці. Напрыклад, я беларуска, я жанчына, я чалавек з інваліднасьцю, я таксама квір-пэрсона. І мне заўсёды балюча сутыкацца з гамафобіяй у колах беларускіх пратэставых і апазыцыйных сіл. Я лічу, што гэта жорстка супярэчыць ідэям дэмакратыі, роўнасьці, ідэям, якія пісалі на плякатах і крычалі ў 2020-м годзе на вуліцах беларускіх гарадоў. Без прыняцьця таго факту, што існуюць розныя групы, але ўсе мы маем права існаваць, бяз гэтага сапраўдная роўнасьць і салідарнасьць немагчымыя, у тым ліку ў беларускай нацыі. Таму я ўжо трэці год хаджу на прайд у Вільні зь бел-чырвона-белым сьцягам, таму што я ў роўнай прапорцыі беларуска, жанчына і ЛГБТК+-пэрсона.

Вольга Гарбунова

Вольга Гарбунова, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы:

— Прайд — гэта «лякмусавая паперка». Калі ён ёсьць і ты ў ім ёсьць, гэта значыць, што твае правы абароненыя. У Беларусі цяпер — інстытуцыяналізацыя дыскрымінацыі, гвалту, рэпрэсій. ЛГБТК+-супольнасьць стала чарговай мішэньню. І мы бачым, як мяняецца цяпер заканадаўства: закон «аб прапагандзе», які праваабаронцы чакаюць, магчыма, ужо ў наступным годзе ў Беларусі. Гэта такі паступовы рух на правы чалавека, калі аўтарытарны рэжым шукае ўсё новых і новых ворагаў унутры краіны. Я думаю, такая «лякмусавая паперка» будзе і ў Беларусі калі-небудзь: будуць зразумелыя гэтыя суадносіны сіл, наколькі мы гатовыя застацца ў Сярэднявэччы ці мы рухаемся ў сучасную і бясьпечную будучыню.

Глеб Сандрас

Глеб Сандрас, актывіст, былы работнік «Беларуськалію»:

— Я прыходжу сюды падтрымліваць людзей, якія зьяўляюцца ўразьлівай групай. Я лічу, што правы чалавека ўнівэрсальныя. Яны не залежаць ад колеру скуры, нацыянальнасьці, сэксуальнай арыентацыі. Калі мы, беларусы, таксама ўразьлівая група, ня будзем падтрымліваць ЛГБТК+-супольнасьць, то і нас будуць цкаваць, што ўжо адбываецца. Таму каханьне — гэта каханьне, любоў — гэта любоў.

Аліна Нагорная

Аліна Нагорная, моўная актывістка:

— Мы прыйшлі зь дзецьмі. Я за роўныя правы для ўсіх. Гэта нармальная, здаровая пазыцыя. Я не разумею, як можна быць супраць роўных правоў. Беларускае грамадзтва гамафобнае, і трэба з гэтым штосьці рабіць. Дзеці — гэта грамадзтва будучыні. І мы як бацькі павінныя паказваць, што людзі маюць права на рэалізацыю сваіх правоў — у тым ліку моўных і любых увогуле.

Сеня

Сеня, дызайнэрка:

— Я хачу верыць, што ў Беларусі, якую мы спрабуем пабудаваць, ня будзе месца нянавісьці і ня будзе такога, што камусьці дастанецца новая прыгожая Беларусь з дэмакратыяй, а камусьці не дастанецца, і мы будзем шмат сварыцца, і нам трэба будзе змагацца за правы, нават калі дыктатура сыдзе. Але я ўпэўненая, што ў нас атрымаецца і што ў Беларусі будзе месца толькі любові.

Ганна Шымановіч

Ганна Шымановіч, мэнэджарка НДА:

— Для мяне прайд — гэта сьвята любові і каханьня. Мне здаецца, нашаму сьвету бракуе любові, салідарнасьці, дапамогі адно аднаму. Як беларуска, я вельмі раю ўсім беларусам паглядзець фільм «Pride». Ён заснаваны на рэальных падзеях, якія адбываліся падчас кіраваньня Маргарэт Тэтчэр, калі ЛГБТК+-супольнасьць падтрымала шахтароў, якія баставалі. Гэта пра тое, што мы павінны падтрымліваць адно аднаго, каб перамагчы. Таму я падтрымліваю ўсіх беларусаў, незалежна ад таго, з кім яны кахаюцца.

Уладзь Гарбацкі зь плякатам у перакладзе з літоўскай «Наўседа, больш не магу чакаць»

Уладзь Гарбацкі, выкладчык, пісьменьнік:

— На маім плякаце напісана: «Наўседа, больш не магу чакаць». Гэта значыць, што я як беларус больш не магу чакаць, як гей не магу чакаць, таму што мы тут у Літве без правоў. Тут няма партнэрства, не легалізаваныя на юрыдычным узроўні аднаполыя адносіны. Я стаміўся чакаць. Таксама я тут за свайго партнэра-літоўца. Літоўскі грамадзянін жыве ў дэмакратыі, але ён маргіналізаваны. І Наўседа як прэзыдэнт не абараняе літоўцаў і літовак. І я, беларускі партнэр, абараняю свайго партнэра. Таму я стаміўся, я хачу, каб у нас былі поўныя правы. Ясна, што гэтая фраза — жарт, алюзія на песьню Літвы «Luktelk» на Эўравізіі, што зь літоўскай азначае «Пачакай крыху». Але я і крыху ўжо не магу чакаць. Я не хачу.

Прайд сутыкнуўся з апазыцыяй з боку хрысьціянскіх арганізацый. Каля Нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса невядомы спальваў вясёлкавыя сьцягі, яго затрымала паліцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь паказала найгоршы ў гісторыі паказьнік у выкананьні правоў прадстаўнікоў ЛГБТК+
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры Савецкім Саюзе ж неяк выжывалі». Што цяпер адбываецца з ЛГБТ-супольнасьцю ў Беларусі