Сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамэну, які 55,5 тысяч выпускнікоў школ сёлета праходзілі па 13 профільных вучэбных прадметах.
Максымальна магчымы вынік у 100 балаў па профільных вучэбных прадметах змаглі атрымаць 636 навучэнцаў. Больш за ўсё стобальных вынікаў па матэматыцы — 248 чалавек, але па ўсіх 13 прадметах былі тыя, хто здаў іспыт на 100 балаў, паведамляе Мінадукацыі Беларусі.
Нуль балаў па выніках экзамэнаў атрымалі 64 выпускнікі, зь іх найбольш — таксама па матэматыцы (50 чалавек).
Сярэднія балы па ўсіх 13 прадметах перавысілі адзнаку ў 50 балаў. Так, сярэдні бал па матэматыцы склаў 58,4 бала, па хіміі — 63,8; па гісторыі Беларусі — 64,2; па грамадазнаўстве — 60,9 бала.
Тыя выпускнікі, якія не змаглі прыняць удзел у цэнтралізаваным экзамэне ў асноўныя даты, змогуць прайсьці яго ў рэзэрвовыя дні — 21 і 23 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць аддала перавагу расейскай. У Беларусі прайшлі ЦТ і ЦЭ па беларускай і расейскай мовах- Так званы цэнтралізаваны экзамэн — адначасова і выпускны, і ўступны ў ВНУ, яго вынікі можна падаваць пры паступленьні. Да 2023 году выпускнікі здавалі выпускныя экзамэны ў школе, а пасьля цэнтралізаванае тэставаньне для паступленьня.
- У 2023 годзе выпускнікі ўпершыню праходзілі цэнтралізаваны экзамэн. Першапачатковы падлік балаў на ЦЭ спарадзіў скандал у сувязі з мэтодыкай падлікаў, пра якую вучняў не папярэдзілі. Выпускнікі чакалі, што падлікі будуць такія самыя, як і на рэпэтыцыйным тэставаньні, але балы атрымаліся значна ніжэйшыя: у некаторых пры двух часткова правільных адказах атрымаўся канчатковы вынік тэсту на 86 балаў са 100. Бацькі пісалі пэтыцыю за пералік вынікаў ЦЭ, езьдзілі ў рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. У выніку стварылі спэцыяльную камісію, балы пералічылі па спрошчанай мэтодыцы, якая ўжывалася падчас рэпэтыцыйнага тэставаньня. У выніку пераліку балы вырасьлі.
- Пасьля леташняга скандалу з ЦЭ ў 2024 годзе ў Беларусі стварылі дзяржаўную камісію па кантролі за ўступнай кампаніяй.