Калі я дагэтуль чую, што ў вайсковых шоў у школах няма «нічога такога», штораз зьдзіўляюся, наколькі эфэктыўнай можа быць прапаганда. Гэта ж яна прышчапіла нам думку, што вайскоўцам і зброі ёсьць месца ў школе нароўні зь візытамі міліцыянтаў, якія палохаюць дзяцей расповедамі пра турму і расказваюць пра тое, як добра жыць пры Лукашэнку. Гэта асабліва сымбалічна, калі такія расповеды адбываюцца замест аднаго ці двух урокаў.
Звычайных школ рэжыму аказалася мала, і ён працягвае мілітарызаваць дзяцей праз так званыя вайскова-патрыятычныя школы. Я кажу «так званыя», бо ў рэальнасьці гэтыя школы максымальна далёкія ад патрыятызму, як і ўсё Міністэрства ўнутраных спраў, якому яны належаць. Усе гэтыя ўстановы маюць на мэце прышчапіць дзецям ідэалы «русского мира» і забіць у іх любыя зачаткі беларускай ідэнтычнасьці. Усё беларускае для тамтэйшых «настаўнікаў» — варожае. А калі яны гавораць пра нацыянальныя інтарэсы, маюць на ўвазе інтарэсы толькі аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеці Кубракова». Расказваем пра «патрыятычныя клюбы» МУС, куды ўцягнутыя 4,5 тысячы маладых беларусаўАдпаведнай будзе і «журналістыка», якой яны стануць вучыць дзяцей. Навучэнцы школ ужо сустрэліся з адыёзным прапагандыстам Рыгорам Азаронкам і «атрымалі сваё першае заданьне». І няцяжка прадказаць, чаму будзе вучыць дзяцей аўтар беларускага аналягу «Радыё тысячы пагоркаў». Але цікава тое, што гэтае навучаньне ідзе ў зьвязцы з ваеншчынай. Можна, вядома, узгадваць пра звычайную спэцыяльнасьць «вайсковы журналіст», аднак відавочна, што спалучэньне Азаронка і вайскоўцаў ня будзе ў выніку мець нічога агульнага з прафэсійнай журналістыкай.
Аўтары ідэі такім чынам адначасова і гадуюць новае пакаленьне прапагандыстаў, і пашыраюць мілітарызацыю грамадзтва. Я лёгка ўяўляю сцэнар, пры якім празь некалькі гадоў менавіта гэтыя, напалову вайсковыя школы юнага журналіста застануцца адзінымі даступнымі для падлеткаў. Хочаш вучыцца пісаць тэксты? Ідзі ў вайсковую школу. Журналістыцы як такой цябе там не навучаць, але альтэрнатывы ўсё адно няма.
Мне цікава, калі ўжо зьявяцца вайскова-патрыятычныя дзіцячыя садочкі, ясьлі, і калі ў радзільнях будуць працаваць ня мэдыкі, а вайскоўцы? Каб кожнае дзіця ў Беларусі ад самага нараджэньня звыкалася да людзей у вайсковай форме.
Безумоўна, мне хочацца верыць, што да гэтага ніколі ня дойдзе і што лукашызм проста не дажыве да такой стадыі. Але, відаць, нам лепей прадумаць стратэгію дзеяньняў на выпадак, калі гэта ўсё ж стане рэальнасьцю.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.