Новая вайсковая брыгада, узброеная «Іскандэрамі», падобна, фармуецца ў Беларусі. Спадарожнікавыя здымкі

Тэрыторыя вайсковай часткі ў Асіповічах Магілёўскай вобласьці. Апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М». Каляж

На тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах Магілёўскай вобласьці будуюцца два новыя ангары. Памерамі і вонкавым выглядам яны падобныя да сховішчаў для «Іскандэраў», якія пабудавалі тут год таму. Там жа ідзе рэканструкцыя закінутай казармы і адміністрацыйнага будынку. Свабода атрымала спадарожнікавыя здымкі гэтых ангараў і паразмаўляла з экспэртамі.

У артылерыйскай вайсковай частцы № 12147 месьціцца, сярод іншых, 465-я ракетная брыгада. Як мінімум адзін зь яе дывізіёнаў мае на ўзбраеньні апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», які можа несьці ядзерную зброю. Усяго ў Беларусі могуць знаходзіцца два такія дывізіёны.

«Іскандэр» — гэта расейскае сямейства апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў. Яго асноўнае прызначэньне — зьнішчаць сыстэмы супрацьпаветранай абароны імавернага праціўніка, а таксама важныя аб’екты (масты, склады, камандныя пункты і вузлы сувязі, самалёты і верталёты на аэрадромах, аб’екты інфраструктуры, зборы войскаў і тэхнікі, іншыя АТРК, дывізійную артылерыю, караблі). Афіцыйны радыюс дзеяньня ракет «Іскандэр-М» — да 500 км. Гэта значыць, ракеты, разьмешчаныя ў Беларусі, могуць пагражаць практычна ўсёй тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама большай частцы тэрыторыі Ўкраіны.

Спадарожнікавы здымак вайсковай часткі ў Асіповічах і будоўлі на яе тэрыторыі. 19 траўня 2024 году

На спадарожнікавым здымку ад сэрвісу Planet Labs, атрыманым 19 траўня 2024 году, можна заўважыць, што будоўля закранула значны кавалак вайсковай часткі, дзе знаходзяцца «Іскандэры». Ідзе, у прыватнасьці, рэканструкцыя двух закінутых будынкаў. Меркавана, гэта казарма і сталоўка або штаб, бо вонкава яны вельмі падобныя да тых, якія ўжо існуюць на тэрыторыі часткі.

Спадарожнікавыя здымкі працэсу ўзьвядзеньня двух новых ангараў і рэканструкцыі будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. Даты здымкаў — на чорных прастакутніках.

У правай частцы здымкаў бачым, што ўзводзяцца два ангары, якія памерамі і вонкавым выглядам абсалютна супадаюць з тым ангарам, які пабудавалі для захоўваньня «Іскандэраў» год таму. Яго будоўля доўжылася з восені 2022 па красавік 2023 году. Побач з новымі ангарамі відаць абрысы яшчэ двух вялікіх фундамэнтаў незразумелага пакуль прызначэньня.

Па нашых падліках, кожны з гэтых ангараў можа захоўваць 12 баявых машын. Гэта якраз памеры стандартнага дывізіёну «Іскандэраў» у расейскай арміі. У яго ўваходзяць да 6 розных тыпаў машын: камандна-штабная машына, машына жыцьцезабесьпячэньня, самаходная пускавая ўстаноўка з ракетамі, транспартна-зараджальная машына, рухомы пункт падрыхтоўкі інфармацыі і машына рэглямэнту і тэхабслугоўваньня.

Паводле інфармацыі, якую агучыў Лукашэнка ў лютым 2024 году, у Беларусі ўжо знаходзяцца два дывізіёны, то бок каля 24 такіх вайсковых машын, 8 зь якіх нясуць на сабе ракеты.

Спадарожнікавы здымак першага пабудаванага ў красавіку 2023 году на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах ангара для захоўваньня «Іскандэраў». 14 траўня 2024 году

Машыны з комплексу «Іскандэр-М», якія мы бачым на спадарожнікавым здымку вышэй. Скрыншот сюжэту ВоенТВ з вучэньняў на палігоне Рэпішча каля Асіповічаў. 1 лютага 2023

Конрад Музыка, абаронны аналітык, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца дасьледаваньнем і аналізам канфліктаў і бясьпекі на постсавецкай прасторы, адзначае ў камэнтары Свабодзе: калі зыходзіць з расейскага стандарту дывізіёну «Іскандэраў», як напрыклад на тэрыторыі 152-й ракетнай брыгады ў Калінінградзкай вобласьці Расеі, то пабудова яшчэ двух ангараў для захоўваньня комплексаў «Іскандэр» можа сьведчыць пра тое, што на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах хочуць стварыць новую брыгаду і, адпаведна, брыгадны камплект ракетнага комплексу «Іскандэр-М».

«Калі мы ведаем, што Беларусь атрымала два батальёны «Іскандэраў», гэта значыць восем пускавых установак з ракетамі, — выходзіць, што калі расейцы паставяць яшчэ адзін дывізіён, то гэта будзе поўная брыгада. На здымках якраз відаць, што беларусы будуюць аб'ект, дзе гэтая брыгада можа быць разьмешчаная. Агулам гэта 12 пускавых установак. Для абслугоўваньня спатрэбіцца каля 500 чалавек».

Самаходная пускавая ўстаноўка з ракетамі комплексу «Іскандэр-М» каля першага пабудаванага для іх ангара на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. 30 жніўня 2023 году

Пра перадачу Беларусі першых ракетных комплексаў «Іскандэр» Лукашэнка заяўляў падчас сустрэчы з Пуціным 19 сьнежня 2022 году. Ужо ў лютым 2023-га, пасьля навучаньня на расейскіх палігонах, беларускія вайскоўцы сталі эксплюатаваць іх самастойна.

25 сакавіка 2023 году Пуцін заявіў, што ядзерную тактычную зброю разьмесьцяць у Беларусі. У красавіку 2023 году беларускія вайскоўцы прайшлі навучаньне ў абыходжаньні з тактычнай ядзернай зброяй.

Сама вайсковая частка, дзе цяпер ідзе будаўніцтва, разьмешчаная ўсяго за 7 км ад Асіповіцкага палігону і за 12 км ад 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў, дзе, паводле інфармацыі выданьня New York Times, а таксама Фэдэрацыі амэрыканскіх вучоных, можа знаходзіцца сховішча ядзерных боегаловак.

Спадарожнікавы здымак паўночнай часткі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў за 12 км ад Асіповіч, дзе можа знаходзіцца сховішча тактычнай ядзернай зброі.

Палітоляг, экспэрт у замежнай і абароннай палітыцы Павел Лузін адзначае ў камэнтары Свабодзе, што ядзерныя боегалоўкі павінны захоўвацца недалёка ад вайсковых базаў з тэхнікай, якая зь імі працуе. Гэта робіцца, каб можна было хутка іх даставіць і запусьціць.

«Усё прывязана да лягістыкі: ня проста павінна быць чыгуначная ветка, па якой перавозіцца ядзерная зброя, напрыклад з Расеі ў Беларусь. Павінна быць яшчэ і сетка аўтадарог, якія дазволяць з аб’екта захоўваньня даставіць ядзерную зброю “спажыўцу”. То бок той частцы, для якой яна прызначана. Лягістычнае плячо дастаўкі абмежаванае кілямэтражом».

Кіраўнік праекту «Russian strategic nuclear forces» Павел Подвіг у камэнтары Свабодзе ставіць пад сумнеў знаходжаньне ядзернай зброі ў Беларусі:

«Мы бачым, што будуюцца сховішчы ў Асіповічах, якія набліжаныя да сродкаў дастаўкі. Але той факт, што гэтае сховішча будуецца і нават будзе пабудавана, зусім не азначае таго, што самі ядзерныя боезарады туды будуць дастаўленыя. У расейскай практыцы ёсьць прэцэдэнты таго, што сховішчы такога ўзроўню стаялі пустыя. Мы ведаем, што, напрыклад, вельмі доўгі час і, магчыма, нават цяпер сховішча ў Калінінградзе стаяла пустое».

На думку Паўла Подвіга, для Беларусі можа быць выкарыстаны расейскі альгарытм прымяненьня ядзернай зброі. Ён уключае ў сябе цэнтральныя сховішчы, якія знаходзяцца па ўсёй тэрыторыі Расеі. Для Беларусі гэта можа быць сховішча ў Бранску. У выпадку неабходнасьці зброя з цэнтральных сховішчаў дастаўляецца да меншых рэгіянальных сховішчаў, бліжэй да тых баявых машын, якія іх выкарыстоўваюць. Як адзначае Павел, такая схема дзейнічае ў выпадку базы ў Калінінградзкай вобласьці.

Пятага чэрвеня прадстаўнік Беларускага аб’яднаньня сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў са спасылкай на свае крыніцы заявіў, што для аховы сховішча тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі можа быць разьмешчаная расейская вайсковая частка — 3,5–5 тысяч вайскоўцаў зь цяжкай тэхнікай. Паводле ягонай вэрсіі, першапачатковыя перамовы быццам бы вяліся менавіта пра Магілёўскую вобласьць, да якой адносяцца і Асіповічы.

Але аналітык і дырэктар кампаніі Rochan Consulting Конрад Музыка лічыць, што ствараць такую вялікую вайсковую частку для абароны некалькіх боегаловак немэтазгодна:

«Ніхто не пашле войска захопліваць гэтыя боегалоўкі. Замест гэтага NATO, напрыклад, можа нанесьці па ёй ракетныя ці авіяўдары. Я проста ня бачу важкіх прычын, навошта беларусам ствараць вялікую базу толькі для абароны гэтых боегаловак».

Сумнеў выказвае і расейскі палітоляг, экспэрт у зьнешняй і абароннай палітыцы Павел Лузін:

«На звычайных вайсковых ракетна-тэхнічных базах, акрамя інжынэраў ядзернага забесьпячэньня, аўтароты, іншага дадатковага складу, ёсьць і рота аховы. Цэнтральныя базы захоўваньня ахоўваюцца батальёнамі аховы і інш. Калі гаворка ідзе пра 3500–5000 чалавек, то гэта вялікая паўнавартасная вайсковая база, мэты якой ня могуць зводзіцца да аховы ядзернай зброі».

Рэканструкцыя казармы на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. Здымак 26 красавіка 2024 году

Для чыіх менавіта вайскоўцаў — расейскіх ці беларускіх — узводзяцца паказаныя пабудовы ў вайсковай частцы ў Асіповічах, невядома.

Кіраўнік праекту «Russian strategic nuclear forces» Павел Подвіг падкрэсьлівае:

«Трэба дакладна разумець адну рэч, якая ў мяне асабіста не выклікае ніякіх сумневаў: усе апэрацыі зь ядзернымі боезарадамі, ці то на тэрыторыі Расеі, ці то на тэрыторыі Беларусі, калі раптам яны туды будуць дастаўленыя, усе апэрацыі будуць ажыцьцяўляцца выключна 12-м Галоўным упраўленьнем Міністэрства абароны Расеі. Гэта значыць, усе апэрацыі — абслугоўваньне, транспартаваньне боезарадаў, ахова аб'екта і ахова пэрымэтру — усё гэта будзе рабіцца выключна расейскімі вайскоўцамі. Іншых варыянтаў тут няма».

Як прагназуе Конрад Музыка з Rochan Consulting, Беларусь працягне будаваць інфраструктуру для брыгады «Іскандэраў» і ўдасканальваць ядзернае сховішча побач, каб нэрваваць краіны NATO.

«Яны могуць правесьці некаторыя ядзерныя вучэньні ў Беларусі. Могуць сказаць, што мэта вучэньняў — адбіць уварваньне NATO, або для прыкладу могуць трэніраваць вайсковыя злучэньні дастаўляць гэтыя боегалоўкі, і гэтак далей. Але, ведаеце, гэта ўсё не заходзіць далей за рыторыку і пагрозы, якія гучаць з вуснаў Пуціна і Лукашэнкі. Гаворка ідзе толькі пра нейкія вучэньні. Вельмі малаімаверна, што гэта пойдзе далей. Я маю на ўвазе, што імавернасьць таго, што гэтыя пагрозы матэрыялізуюцца ва ўдар любога роду, неймаверна нізкая. Я б сказаў, што блізкая да нуля».

Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.

  • Наш нумар у Signal +380502605369