Аршанца паўторна асудзілі за абразу Аляксандра Лукашэнкі
У судзе Аршанскага раёну і Воршы 4 чэрвеня разгледзелі крымінальную справу палітвязьня Сяргея Гняўко. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.2 арт. 368 Крымінальнага кодэксу), прычым паўторна. Справу разглядала судзьдзя Юлія Вяршыніна, паведамляе «Вясна».
Першы раз Сяргея Гняўко асудзілі па гэтым жа артыкуле (ч. 1 арт. 368 КК) у судзе Кастрычніцкага раёну Менску 5 траўня. Прысуд праваабаронцам невядомы, аднак у большасьці выпадкаў за абразу Лукашэнкі людзей пазбаўляюць волі.
Паводле выраку суду, Сяргей Гняўко, ужо раней судзімы за публічную абразу Лукашэнкі, падчас дастаўкі ў ізалятар Аршанскага РУУС за дробнае хуліганства (арт. 19. 1 КаАП), публічна выказаўся ў адрас Аляксандра Лукашэнкі з ужываньнем «ненарматыўнай формы маўленчага выказваньня».
Суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў яму 4 гады пазбаўленьня волі. Па сукупнасьці прысудаў (да прызначанага раней пакараньня суд часткова далучыў неадбытае пакараньне паводле папярэдняга прысуду) яму канчаткова прызначылі пакараньне ў выглядзе 4 гадоў 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.
Сілавікі апублікавалі відэа са сьпеваком Сашам Нэмам
На відэа сілавікоў беларускі сьпявак Саша Нэма «просіць прабачэньня» за тое, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пасьлявыбарных акцыях пратэсту, заўважыла «Вясна».
ГУБАЗіК сьцьвярджае, што сьпявак сам прыйшоў да іх, але ніякіх доказаў гэтаму не прыводзіцца і пра гэта ня кажа сам Нэма.
Пазней прапагандысты апублікавалі яшчэ адно відэа, на якім сьпявак з аўтамабіля кажа, што ў яго «ўсё добра», а таксама што ён «быў у ГУБАЗ» і «гэта была вельмі складаная размова з паказаньнямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 чэрвеня: суды за абразу Лукашэнкі ў Слоніме і Воршы, за падтрымку Ўкраіны — у МаладэчнеПэнсіянэрку зь Ліды асудзілі за абразу Лукашэнкі
У судзе Лідзкага раён4 вынесьлі прысуд пэнсіянэрцы з пасёлку Бердаўка Тацяне Чэкель, якую абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Мішураў, паведамляе «Вясна».
Да суду жанчына была пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Паводле матэрыялаў сьледзтва, Тацяна Чэкель нібыта «наўмысна і публічна выказала фразу, якая зьмяшчае нэгатыўную ацэнку Аляксандра Лукашэнкі ў непрыстойнай абразьлівай форме».
У прысутнасьці міліцэйскага патруля, які выклікала пэнсіянэрка, у якой прапаў мабільны тэлефон, жанчына абражала Лукашэнку.
Суд прызнаў пэнсіянэрку вінаватай і прызначыў ёй 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, так званую «хатнюю хімію».
У Менску мужчыну судзяць за данаты — яму пагражае да 12 гадоў калёніі
У Менскім гарадзкім судзе 6 чэрвеня распачынаецца чарговы суд за данаты над Анатолем Валадзько, паведамляе «Вясна».
Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 290-1 («Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці») і арт. 361-2 («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня») Крымінальнага кодэксу. Сутнасьць абвінавачаньня праваабаронцам не вядомая. Мужчыну пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.
Справу будзе разглядаць Алена Ананіч.
Паводле інфармацыі «Нашай нівы», Анатолю Валадзько 56 гадоў і ён IT-спэцыяліст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 чэрвеня: жыхара Гомля судзяць паводле 9 артыкулаў; затрымалі мэнэджара event-агенцтва