Сьледчы камітэт Беларусі наклаў арышт на дом актывіста Сяргея Верамеенкі, сябра партыі БХД, былога гаспадара крамы з нацыянальнай сымболікай «Адметнасьць» у Горадні. Пра гэта Верамеенка паведаміў у сваім Фэйсбуку.
«Вось так зараз выглядае наш дом у Гародні. Той самы дом, які калісьці належыў маяму дзеду — вэтэрану Другой Сьвятовай вайны, кавалеру ордэна „Айчынная вайна“, Пракопчыку Сьцяпану Васільлевічу», — напісаў Сяргей Верамеенка і апублікаваў фота апячатанага дома.
Цяпер Сяргей Верамеенка знаходзіцца за мяжой.
«Той, хто „набудзе“ дом, абавязкова атрымае ад мяне ліст з падрабязным апісаньнем: чый гэта дом, у каго скрадзены, і з тлумачэньнем ступені адказнасьці за скупку скрадзенага. Нароўні з адказнасьцю той банды, якая „проста выконвае загады“», — дадае ў допісе ад 30 траўня Сяргей Верамеенка.
У камэнтары Свабодзе 5 чэрвеня Верамеенка паведаміў:
«Я ня ведаю, ці яны зьбіраюцца прадаваць мой дом, ці ён ужо канфіскаваны. Яны са мной так і не зьвязаліся, хоць ведаюць мае кантакты...
Я правёў сваё расьсьледаваньне і ведаю, хто гэта ўсё праводзіць, я таксама знайшоў на спэцыяльным сайце „Белюрзабесьпячэньне“ выстаўленую на аўкцыён маёмасьць з гэтага дому: канапа, фатэлі, пральная машына, газавая пліта, а лядоўню ўжо прадалі».
Паводле Сяргея Верамеенкі, на яго завялі справы за так званы «экстрэмізм» і за дзеяньні, накіраваныя на захоп улады.
- Сяргей і Вольга Верамеенкі — уладальнікі колішняй крамы нацыянальнай сымболікі «Адметнасьць» у Горадні. Пасьля перасьледу на радзіме зьехалі за мяжу.
- У сакавіку КДБ Беларусі прызнала краму «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 14 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі распачаў «спэцыяльнае вядзеньне» (завочны разгляд справы) супраць Сяргея Верамеенкі, яго абвінавачваюць паводле артыкула аб «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
- У траўні СК распачаў «спэцыяльнае вядзеньне» ў дачыненьні да Вольгі Верамеенкі, ёй таксама інкрымінуюць арт. 361-4 КК (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).