У Польшчы пачынае працаваць урадавая камісія па дасьледаваньні беларускага і расейскага ўплыву ў пэрыяд з 2004 да 2024 году, абвясьціў прэмʼер-міністар краіны Дональд Туск 5 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі, паведамляе Polska Agencja Prasowa.
«Камісія пачне працу ўжо сёньня, — заявіў Туск. — Вынікі працы камісіі, уключаючы імёны, вы даведаецеся вельмі хутка, праз два месяцы будзе першая справаздача».
Камісію ўзначаліў кіраўнік службы контравыведкі Польшчы генэрал Ярослаў Стружык.
Туск падкрэсьліў, што камісія будзе вольная ад палітычнага ўплыву. Яе задача ў тым, каб даць польскім дзяржаўным органам і грамадзкай думцы «надзейныя веды пра рэальныя пагрозы з боку Расеі і Беларусі ў Польшчы ў мінулым і сёньня», — заявіў польскі прэмʼер. Яго цытуе Radio ZET.
«Мы ўжо дакладна ведаем, што гэтыя дзьве краіны і іх спэцслужбы найбольш актыўныя ў Польшчы», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік вайсковай контравыведкі Польшчы ўзначаліць камісію па расьсьледаваньні беларускага і расейскага ўплыву- Камісію па расьсьледаваньні расейскага ўплыву афіцыйна стварылі ў Польшчы з ініцыятывы былой кіроўнай партыі «Закон і справядлівасьць» у 2023 годзе.
- Пасьля таго як 29 лістапада 2023 году камісія прадставіла частковую справаздачу, у якой рэкамэндавала не давяраць дзяржаўныя пасады, сярод іншага, цяперашнім прэм’еру Польшчы Туску і кіраўніку МУС Томашу Семоняку — палітычным праціўнікам кіроўнай на той момант партыі, Сэйм Польшчы распусьціў камісію.
- Тэму расейскага і беларускага ўплыву пачалі зноў абмяркоўваць у Польшчы, калі ў Беларусь уцёк былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт.
- Пра падрыхтоўку законапраекту аб стварэньні канстытуцыйнай камісіі па расьсьледаваньні ўплыву Беларусі і Расеі Туск заявіў 10 траўня.
- Праца камісіі ахопіць пэрыяд з 2004 да 2024 году. Яе працу будзе забясьпечваць Міністэрства юстыцыі Польшчы. Камісію ўзначаліў польскі генэрал Ярослаў Стружык, кіраўнік вайсковай контравыведкі. У склад камісіі ўвайшлі 12 экспэртаў з розных польскіх міністэрстваў.