У Менскім абласным судзе 6 чэрвеня распачнецца суд над Рыка Крыгерам. Праваабаронцы мяркуюць, што ён грамадзянін Нямеччыны.
Амбасада ФРГ у Менску адказала на запыт Свабоды, ці вядома ёй пра такі выпадак з грамадзянінам Нямеччыны:
«Амбасада Нямеччыны ў Менску ведае пра выпадак і аказвае консульскія паслугі. Мы просім вас разумець, што мы ня можам камэнтаваць далейшыя дэталі асобных консульскіх спраў».
Іншаземца абвінавачваюць адразу паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Наёмніцтва» (арт. 133), «Агентурная дзейнасьць» (арт. 358-1), «Акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289), «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1), «Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (ч. 4 арт. 309), «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» (ч. 4 арт. 295).
Гэта першы суд у Беларусі за «наёмніцтва». За намер далучыцца да вайсковых фармаваньняў ва Ўкраіне беларусаў судзяць паводле арт. 361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні»).
Праваабаронцам не вядомая сутнасьць абвінавачаньня. Афіцыйныя ведамствы нічога не паведамлялі пра затрыманьне ў такой справе.
Мужчыну пагражае да 25 гадоў калёніі. Справу разглядае Алег Лапека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці двум украінцам прысудзілі зьняволеньне за «агентурную дзейнасьць» для СБУ