Пра тое, што памочнік і даўні паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман збудаваў цэлую бізнэс-імпэрыю, заснаваную на кантрабандзе і шэрых схемах, але нічым сам не валодае, выйшла новае расьсьледаваньне «Бюро». У ім расказваюць пра Сяргея і Тацяну Аношкаў, якія працуюць у атачэньні Шэймана з 2010-х і актыўна ўдзельнічаюць у «сямейных» схемах Лукашэнкі.
Паводле «Бюро», яшчэ ў ліпені 2011 году, калі яе муж Сяргей Аношка заслужыў давер Віктара Шэймана, Тацяна Аношка атрымала пасаду фінансавага дырэктара ў кампаніі «Белфэрумгруп», якая мела эксклюзіўныя для бізнэсу правы паводле ўказу Лукашэнкі. Нароўні зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі ёй было дазволена займацца зборам, нарыхтоўваньнем, перапрацоўваньнем і пастаўкамі лому і адыходаў чорных і каляровых мэталаў.
Цяпер Тацяна Аношка — намесьніца старшыні праўленьня ў «групе кампаній» «Алексвіт». Журналісты знайшлі прынамсі 5 дзейных кампаній, што ўваходзяць у групу. Гэтыя кампаніі займаюцца мытным афармленьнем, лягістыкай, дапамагаюць абыходзіць санкцыі і ўдзельнічаюць у паралельным імпарце. Сукупная выручка «групы кампаній» «Алексвіт» у 2023 годзе склала каля мільярда рублёў.
Як выявіла «Бюро», аднайменная кампанія ТАА «Алексвіт лтд» — буйная лягістычная фірма з выручкай у сотні мільёнаў рублёў — працуе па розных схемах для абыходу санкцыяў, рээкспарту і паралельнага імпарту.
- Схема першая: фірма дапамагае абыходзіць санкцыі праз Турэччыну, гэта адкрыта напісана на сайце. Паслуга называецца «Зборныя грузы»: Эўропа — Турэччына — Расея».
- Схема другая: паслугі мытнага афармленьня аўтазапчастак, якія прыбываюць з ЭЗ, ЗША, краін Паўднёва-Ўсходняй і Ўсходняй Азіі, з наступнай рэалізацыяй у Расеі. Па сутнасьці, кампанія ўдзельнічае ў абыходзе санкцыяў і ў схемах так званага паралельнага імпарту. ЗША і Японія ў 2023 годзе ўвялі санкцыі на пастаўку шэрагу аўтазапчастак у Расею.
- Схема трэцяя: рээкспарт кветак. Крыніца «Бюро» з кветкавага бізнэсу паведаміла, што ў 2022 годзе фірма «Алексвіт лтд» актыўна займалася рээкспартам кветак у Расею празь беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Схема ўзаконеная беларускімі ўладамі і заснаваная на недаплаце падатку на дабаўленую вартасьць у беларускі бюджэт для атрыманьня выбранымі кампаніямі звышпрыбытку.
- Кампанія не цураецца і стандартных схемаў паставак кантрафактнай прадукцыі ў Расею: так, у 2023 годзе кампанія завезла рыбу невядомага паходжаньня, але нібыта зь Фінляндыі, перапрацавала яе на рыбакансэрвавым камбінаце «Сталічны», а пасьля павезла ў Расею (пра гэта паведамляў «Рассельгаснагляд»).
Таксама Тацяна Аношка ўзначальвае кампанію «ДБК — Шаўковы шлях», зарэгістраваную ў 2020 годзе. Фірма сталася вельмі прыбытковай — за два апошнія гады яна выплаціла сваім акцыянэрам 33,5 мільёна рублёў дывідэндаў. Кампанія зьяўляецца лягістычным хабам, асноўная мэта якога — экспарт мясной прадукцыі і субпрадуктаў у Кітай і краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Яшчэ адна кампанія, «Авангард Грузатранс», якою валодае брат Тацяны Юры Грышук, таксама пераарыентавалася на ўсходні рынак і займаецца кантэйнэрнымі перавозкамі мяса і субпрадуктаў у Азію, гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Таксама, паводле «Бюро», раней Аношка працавала ў кампаніі «Глобалкастам», якую лавілі на нелегальных пастаўках адзеньня і санкцыйных прадуктаў у Расею. Беларускія журналісты таксама расказвалі, як «Глобалкастам» удзельнічала ў шэрай схеме рээкспарту кветак. «Глобалкастам» зьвязаная з правай рукой Лукашэнкі, ягоным старым паплечнікам Віктарам Шэйманам. У 2020 годзе кампанія спыніла сваю дзейнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты-расьсьледнікі высьветлілі падрабязнасьці бізнэсу сяброўкі Віктара ШэйманаСяргей Аношка — далёка не апошні чалавек у асяродзьдзі Віктара Шэймана, адзначаецца ў расьсьледаваньні «Бюро». Ён трапіў у кола давераных асобаў Шэймана ў 2009 годзе і пад яго заступніцтвам пачаў нарошчваць і ўсё больш умацоўваць свае пазыцыі, адзначаюць журналісты. У 2013 годзе, калі Віктар Шэйман узначаліў кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, сьледам за ім у гэтую структуру прыйшоў і Сяргей Аношка. У сыстэме Кіраўніцтва спраў Аношка адпрацаваў не адзін год.
З 2015 па 2017 год Сяргей Аношка кіраваў ЗТАА «Белавескія далікатэсы», якое займалася вытворчасьцю розных мясных вырабаў. У 2017-м ён пакінуў кампанію з даўгамі (за час ягонага кіраўніцтва кампанія ні разу не была «платаздольнай») і пасьля звальненьня зь «Белавескіх далікатэсаў» часова зьнік зь бізнэс-радараў.
У сакавіку 2021 году зноў зьявіўся, ужо ў якасьці саўладальніка і дырэктара кампаніі ТАА «Апстрым» (замяніўшы на пасадзе сястру другой жонкі Шэймана) разам зь іншай даверанай асобай Шэймана — Антонам Новікам. Кампанія займалася прадуктамі нафтаперапрацоўкі і малатанажнай хіміі, але ў лютым 2023 году пайшла на ліквідацыю, паведамляецца ў расьсьледаваньні.
У той жа дзень, калі Сяргей Аношка стаў саўладальнікам «Апстрыму», ён арганізаваў у Менску яшчэ адну кампанію — ЗАТ «Вэктар Капітал Груп», разам са звольненым напярэдадні намесьнікам Шэймана Андрэем Сьвірыдавым і былым першым намесьнікам кіраўніка спраў Мікалаем Селіванавым.
У жніўні 2021 году Сяргей Аношка, паводле зьвестак BelPol, стаў выканаўчым дырэктарам Vector Energy Innovation FZCO з заробкам 11 тысяч даляраў на месяц. Кампанія засьвяцілася ў шэрай схеме канфіскацыі і перадачы прыналежнай Беларусі зямлі ў Сочы прыватнай кампаніі для забудовы. BelPol ацэньвае ўгоду ў паўмільярда даляраў. У расьсьледаваньні гаворыцца, што «Комплекс-Інвэст» зьбіраецца будаваць у Сочы жылы комплекс «Красная Паляна», які будзе ўключаць тры элітныя катэджы плошчай больш за 300 м² кожны, гатэль, сетку рэстаранаў і гаспадарскае шале плошчай 1002 м².
Як падсумоўваюць журналісты «Бюро», сям'я Аношкаў абслугоўвае інтарэсы кампаній, зьвязаных зь Віктарам Шэйманам. На гэтым пара зарабіла вялікае багацьце і можа дазволіць сабе ў Беларусі і за яе межамі сапраўднае «лакшэры-жыцьцё». Журналісты публікуюць фота з сацсетак сямʼі, якія пацьвярджаюць шматлікія буйныя выдаткі.
Цалкам расьсьледаваньне «Бюро» можна пачытаць па спасылцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol прэзэнтаваў расьсьледаваньне пра «вайсковую кампанію» Шэймана