У Кіеве паказалі, у якім стане вяртаюцца з Расеі ўкраінскія палонныя

Украінец Раман Гарылык пасьля расейскага палону, зь якога вярнуўся 31 траўня 2024. Фота праекту «Хачу жыць»

31 траўня Раман Гарылык вярнуўся дадому з расейскага палону разам зь яшчэ 74 украінскімі вайскоўцамі і цывільнымі.

Створаны ва Ўкраіне праект «Хачу жыць», які заклікае здавацца ў палон расейскіх вайскоўцаў, апублікаваў здымак моцна схуднелага ўкраінца Рамана Гарылыка, якога расейцы захапілі ў палон на Чарнобыльскай АЭС і вывезьлі празь Беларусь у часе свайго адыходу з Кіеўскай вобласьці ў сакавіку 2022 году.

31 траўня Раман Гарылык вярнуўся дадому з расейскага палону разам зь яшчэ 74 украінскімі вайскоўцамі і цывільнымі.

«Стан Рамана і іншых украінскіх ваеннапалонных выклікае жах і асацыяцыі з самымі цёмнымі старонкамі гісторыі чалавецтва — нацысцкімі канцэнтрацыйнымі лягерамі сьмерці», — паведамілі ў праекце «Хачу жыць».

У паведамленьні адзначаецца, што Раман Гарылык ня ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях — ён старэйшы кантралёр КПП у ахове Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

«Яго і іншых 168 нацгвардзейцаў, якія ахоўвалі ЧАЭС, расейцы літаральна ўзялі ў закладнікі і вывезьлі з Украіны празь Беларусь у сакавіку 2022 году. 89 зь іх дагэтуль знаходзяцца ў палоне, а расейскі бок выкарыстоўвае іх для абмену на ўзятых у палон у часе баёў расейскіх вайскоўцаў», — удакладнілі аўтары праекту.

Паводле іх, за ўвесь час палону да Рамана, як і да іншых 74 палонных, не дапускалі назіральнікаў Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

«Не пускаць назіральнікаў да ваеннапалонных у парушэньне палажэньняў Жэнэўскіх канвэнцый — сьвядомая і мэтанакіраваная палітыка расейскай улады. Гэта робяць знарок, каб Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ня мог зафіксаваць тое, як расейскі бок абыходзіцца з ваеннапалоннымі. Каб схаваць ад усяго сьвету нялюдзкае стаўленьне Расеі да ўкраінцаў, літаральна палітыку генацыду ўкраінскага народу», — падкрэсьлілі ў праекце.

Асобна аўтары праекту паведамілі Свабодзе, што сярод тых украінскіх вайскоўцаў, якія ў межах абмену 31 траўня вярнуліся ва Ўкраіну, беларускіх добраахвотнікаў, захопленых Расеяй у палон, няма.

Беларусаў Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева паланілі падчас бою, які адбываўся ля гораду Лісічанск Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. Тады група беларускіх добраахвотнікаў трапіла ў расейскую пастку.

У тым баі загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван «Брэст» Марчук і трое добраахвотнікаў — Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Шатроў і Вадзім «Папік» Шатроў.

Відэа з палоннымі «Тромблі» і «Кляшчом» зьявіліся на расейскіх z-каналах. Хлопцы сьведчылі, што трапілі ў палон. З таго бою выйшлі трое беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне на руках памерлі „Волат“ і „Брэст“». Аповед беларускага парамэдыка «Бровара», які ўжо паўтара года на вайне

У ліпені 2022 году полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што абодвух палонных байцоў уключылі ў сьпіс на абмен ваеннапалоннымі.

31 траўня паміж Расеяй і Ўкраінай адбыўся другі з пачатку 2024 году абмен палоннымі і целамі загінулых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Ўкраіна правялі новы абмен палоннымі. Пасярэднікам у перамовах былі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны: у Расеі катавалі мінімум 2200 палонных украінцаў

Генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін заявіў, што ў Расеі ўкраінскіх ваеннапалонных катуюць і ўтрымліваюць у нялюдзкіх умовах.

«Пацярпелымі ў выніку знаходжаньня ў палоне прызналі больш за 2 200 украінскіх абаронцаў. Больш за 500 зь іх сьведчылі аб прымяненьні да іх фізычнага гвалту ў часе варожых допытаў, у тым ліку катаваньне электратокам», — сказаў Андрэй Косьцін у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Паводле яго, адной з прычын жорсткага стаўленьня зьяўляецца выкарыстаньне ўкраінскай мовы ў размовах. «Ёсьць выпадкі, калі ўкраінскія палонныя, якія вярнуліся дадому, расказваюць, што былі сьведкамі забойстваў іншы’ палонных», — дадаў генэральны пракурор Украіны.

Андрэй Косьцін паведаміў, што Расея ўтрымлівае ўкраінскіх палонных у 25 калёніях, што знаходзяцца ў 15 рэгіёнах.

Генэральны пракурор дадаў, што сьледчыя ўжо ідэнтыфікавалі 12 расейцаў, падазраваных у жорсткім стаўленьні да ўкраінцаў, а таксама завялі справы паводле фактаў забойства 61украінскіх палонных. «У суд ужо накіравалі два абвінаваўчыя акты, і маем адзін вырак. Работу па вызначэньні ўсіх датычных да забойстваў і катаваньняў украінскіх палонных працягваем», — падкрэсьліў Андрэй Косьцін.