Беларуская дэлегацыя прымае ўдзел у Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме, які пройдзе з 5 па 8 чэрвеня. Яе ўзначаліць першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў, паведамляе БелТА.
Таксама ў беларускую дэлегацыю ўвойдуць амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты, міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч, міністар эканомікі Юры Чабатар, міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Аляксей Багданаў, старшыня Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў і інш.
Таксама сёлета Расея запрасіла на форум рух «Талібан», прызнаны тэрарыстычным і пакуль забаронены на тэрыторыі РФ. У МЗС Расеі заявілі, што разам зь Міністерствам юстыцыі падтрымліваюць выключэньне руху са сьпісу забароненых арганізацый. Паводле дырэктара другога дэпартамэнту Азіі МЗС РФ Заміра Кабулава, з талібамі плянуюць абмеркаваць «вялікую колькасьць тэмаў, па якіх у будучыні можна было б супрацоўнічаць», у іх ліку — закупка нафтапрадуктаў і транзытныя магчымасьці Афганістану «для пашырэньня таваразвароту з шырокім рэгіёнам».
Пуцін: Расея павінна нармалізаваць адносіны з талібамі
Прадстаўнікі кіроўнага ў Афганістане руху «Талібан» (арганізацыя знаходзіцца пад санкцыямі ААН за тэрарыстычную дзейнасьць) 5 чэрвеня прыбылі ў Санкт-Пецярбург для ўдзелу ў Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме. Пра гэта паведамілі ў пасольстве Афганістана ў Расеі, перадае ТАСС. Дэлегацыя наведвае форум на чале з міністрам працы і сацыяльнай палітыкі Афганістана Альхаджы Шэйхам Абдулбарам. Іншыя падрабязнасьці не паведамляюцца. Талібан фармальна ў Расеі прызнаецца забароненай арганізацыяй.
Расея павінна нармалізаваць адносіны з урадам талібаў у Афганістане, заявіў Уладзімір Пуцін, паведамляе Інтэрфакс.
«Неабходна выбудоўваць адносіны з урадам талібаў. І ў цэлым мы з імі ў кантакце і будзем рухацца наперад. Бо з суседняй краінай трэба неяк наладжваць адносіны, асабліва з улікам таго, што Ўзбэкістан мае вялікую мяжу з Афганістанам, і неабходна забясьпечваць бясьпеку і разьвіваць матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне», – сказаў Пуцін на сустрэчы з топ-мэнэджарамі замежных інфармацыйных агенцтваў, адказваючы на пытаньне ўзбэкскага журналіста аб сытуацыі ў Афганістане.
27 траўня стала вядома, што міністэрствы замежных спраў і юстыцыі Расеі далажылі Ўладзіміру Пуціну, што забаронены ў Расеі рух «Талібан» можна выключыць са сьпісу забароненых арганізацый. Але рашэньня пакуль няма.
Паводле РБК, сярод гасьцей форуму таксама чакаюцца прэзыдэнт Сэрбіі Міларад Додзік і кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта. Уладзімір Пуцін таксама наведае форум, паведаміў ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў.
Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум праводзіцца штогод. Сёлета яго галоўнай тэмай заяўлена «Аснова шматпалярнага сьвету — фармаваньне новых кропак росту». Праграму форуму падзялілі на 4 кірункі: «Пераход да шматпалярнай мадэлі сусьветнай эканомікі», «Расейская эканоміка: мэты і задачы новага цыклю», «Тэхналёгіі, якія забясьпечваюць лідэрства» і «Здаровае грамадзтва, традыцыйныя каштоўнасьці і сацыяльнае разьвіцьцё — прыярытэты дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі «Талібану» прыедуць на форум у Расею, Пуціну прапанавалі выключыць яго са сьпісу забароненых арганізацый ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Вугоршчыны паабяцаў Беларусі «любую падтрымку». Але не ў абыход санкцый ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Лукашэнкі прыехаў лідэр басьнійскіх сэрбаў Додзік. Ён апраўдвае расейскую агрэсію супраць Украіны