Пасьля вучобы ў ВНУ бюджэтніка накіравалі на працу па разьмеркаваньні. Абавязковая адпрацоўка яму не спадабалася, і празь некаторы час малады спэцыяліст паехаў жыць у Дубай. Суд вынес рашэньне аб кампэнсацыі сродкаў, якія дзяржава выдаткавала на яго навучаньне — сума склала амаль 48 тысяч рублёў, паведамляе Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму.
«Доўгі час судовым выканаўцам не ўдавалася наладзіць кантакт з даўжніком. Да таго часу, пакуль той ня вырашыў вярнуцца на радзіму.
Высьветліўшы, што органы прымусовага выкананьня абмежавалі яго ў праве перасячэньня мяжы, ён зьвязаўся з судовым выканаўцам праз сацсеткі і зрабіў неабходныя крокі, каб пагасіць доўг у поўным абʼёме», — распавялі судовыя выканаўцы.
Рэкорднай сумай кампэнсацыі расходаў на аплату навучаньня да гэтага часу лічыцца сума, якую налічылі курсанту Вайсковай акадэміі, які кінуў вучобу: яго абавязалі кампэнсаваць дзяржаве звыш 90 тысяч рублёў на навучаньне, а таксама выплаціць дзяржаўны збор — больш за 4,5 тысячы рублёў, нагадвае выданьне «Люстэрка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даносы, масавыя звальненьні, адлічэньні з палітычных матываў: «Кібэрпартызаны» узламалі ўнутраную сетку БДУ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць аддала перавагу расейскай. У Беларусі прайшлі ЦТ і ЦЭ па беларускай і расейскай мовах