Аварыя адбылася 4 чэрвеня каля 15.00 на аўтадарозе Бабруйск — Мазыр паблізу вёскі Брожка Бабруйскага раёну. 32-гадовы кіроўца маршрутнага таксі Mercedes-Benz Sprinter сутыкнуўся з трактарам МТЗ, які рухаўся наперадзе ў спадарожным кірунку і зьдзяйсьняў паварот налева, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкаму.
У выніку ДТЗ з 17 пасажыраў 13 чалавек зьвярнуліся па дапамогу да спэцыялістаў хуткай мэдычнай дапамогі, якія прыбылі на месца аварыі, паведамляе Мінздароўя.
Двое пацярпелых самастойна зьехалі ў Рэчыцу, яшчэ 11 зьвярнуліся ў Бабруйскую бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі (БХМД) і ў Бабруйскую цэнтральную лякарню.
У Бабруйскую БХМД шпіталізавалі 4 пацярпелых: адзін зь іх у рэанімацыі, яшчэ трое — у аддзяленьнях. У Бабруйскую цэнтральную бальніцу шпіталізавалі 6 пацярпелых: адзін зь іх цяпер у рэанімацыі, яшчэ 5 шпіталізавалі ў аддзяленьні. 11-га пасажыра пасьля агляду і рэкамэндацыяў адправілі лекавацца амбуляторна.
На месцы працуюць супрацоўнікі ДАІ, высьвятляюцца абставіны здарэньня.
- У Беларусі штогод адбываецца ад 7000 да 8000 ДТЗ, пры гэтым за год гінуць 1,5–2 тысячы чалавек, некалькі тысяч атрымліваюць траўмы.
- Пасьля аварыі з удзелам маршруткі 20 лютага 2023 году, у выніку якой загінулі 11 пасажыраў маршруткі, а праз два тыдні ў бальніцы памерлі яшчэ адзін пасажыр і кіроўца таксі, транспартная інспэкцыя Мінтранса і Дзяржаўтаінспэкцыя пачалі ўзмоцненыя праверкі маршрутных таксі.
- За 2023 год у выніку праверак у Беларусі канфіскавалі ў «нядобрасумленных» перавозчыкаў больш за 100 маршрутак.
- 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае стварэньне ў Беларусі «рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспэтчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры — ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестар, трэба плаціць. За адну машыну — дзьве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу — адну (37 рублёў). За дыспэтчара — 100 базавых (3700 рублёў).
- Таксама, паводле закону, кіроўцы за свае грошы мусяць абсталяваць салён машыны камэрай відэаназіраньня, каб паездка фіксавалася на відэа. Перавозчыкаў і дыспэтчараў прымусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых замовах, а таксама адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.