У параненага на мяжы зь Беларусьсю польскага памежніка дактары дыягнаставалі пералом асновы чэрапа, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Таксама ў мужчыны пашкоджаная вачніца, ёсьць рызыка, што «вока ня ўдасца ўратаваць», піша выданьне. Стан памежніка мэдыкі ацэньваюць як цяжкі.
Пра тое, што чарговы супрацоўнік Памежнай аховы Польшчы атрымаў раненьне на мяжы зь Беларусьсю, прэс-служба ведамства паведаміла раніцай 4 чэрвеня. Інцыдэнт здарыўся 3 чэрвеня ў раёне Белавескай пушчы. Паводле Памежнай службы Польшчы, «група агрэсіўна настроеных людзей» ударыла яго па галаве галінай дрэва. Памежніка шпіталізавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы паведамілі аб трох параненых памежніках на мяжы зь Беларусьсю. ВІДЭА- Пра напады мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі, на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў паведамлялі таксама 28 і 31 траўня. Стан шпіталізаванага памежніка, якога тыдзень таму параніў мігрант на мяжы зь Беларусьсю, па-ранейшаму цяжкі, але стабільны, перадаюць польскія СМІ.
- 29 траўня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск пабываў ля мяжы зь Беларусьсю ў Дубічах Царкоўных (Падляскае ваяводзтва) і заявіў пра пляны аднавіць 200-мэтровую буфэрную зону каля мяжы зь Беларусьсю.
- 1 чэрвеня віцэ-прэмʼер Польшчы — міністар нацыянальнай абароны Ўладыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што буфэрную зону на мяжы зь Беларусьсю адновяць 4 чэрвеня. Аднак 3 чэрвеня кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк паведаміў, што вяртаньне буфэрнай зоны будзе перанесена на пазьнейшы тэрмін.