Хроніка перасьледу 4 чэрвеня: суды за абразу Лукашэнкі ў Слоніме і Воршы, за падтрымку Ўкраіны — у Маладэчне

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюць перасьледаваць за выказваньне асабістых поглядаў у інтэрнэце.

Жыхарцы Маладэчна пагражае да 10 гадоў калёніі за падтрымку Ўкраіны і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»

Суд над жанчынай пачаўся 3 чэрвеня 2024 году ў Менскім абласным судзе, паведамляе «Наша ніва». Жанну Дашкевіч судзяць паводле двух артыкулаў — «вэрбаваньне, навучаньне або падрыхтоўка да ўдзелу ў вайне, а таксама матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361-3) і «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім» (ч. 3 арт. 361). Ёй пагражае ад 5 да 10 гадоў калёніі.

Невядома, калі затрымалі Жанну Дашкевіч і за што. Яна перастала быць онлайн з кастрычніка 2023 году, хоць раней актыўна вяла сацсеткі.

Жанне Дашкевіч 54 гады. Родам яна зь вёскі Сваткі Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Скончыла Бабруйскі мэдыцынскі тэхнікум, а ва ўзросьце 41 году паступіла ў БДПУ на псыхоляга. Мяркуючы па сацсетках, жанчына жыла ў Маладэчне, хоць яе ІП зарэгістраванае ў вёсцы Маркава Маладачанскага раёну. У яе двое дарослых дзяцей, дачка і сын, і сама меней трое ўнукаў.

Жанчына займалася сеткавым маркетынгам, кансультавала ў правільным харчаваньні і ладзіла псыхалягічныя сэансы. У сацсетках яна пазыцыянуе сябе як «спэцыяліста ва ўсходняй мэдыцыне, нутрыцыёляга, псыхоляга-практыка і нацыянальнага кансультанта кампаніі „Цяньшы“ (Tiens)».

За падтрымку Ўкраіны па арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паводле падлікаў выданьня, асудзілі ўжо сама меней 30 чалавек.

https://nashaniva.com/344237

Прысуд жыхару Слоніма

Суд Дзятлаўскага раёну 30 траўня разгледзеў крымінальную справу супраць і жыхара Слоніма Дзьмітрыя Данільчыка, абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Сёмуха.

Па матэрыялах абвінавачаньня, Данільчык «неаднаразова разьмяшчаў у экстрэмісцкіх чатах мэсэнджара Telegram і ў публічных чатах відэагостынгу YouTube інфармацыю абразьлівага характару ў дачыненьні да прэзыдэнта, якая зьневажае ягоны гонар, годнасьць асобы і аўтарытэт».

Дзьмітрыю канчаткова прызначылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 2 гады са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 чэрвеня: затрымалі супрацоўніка БДУ і вартаўніка будаўнічага каледжу

За абразу Лукашэнкі аршанца судзяць паўторна

У судзе Аршанскага раёну 4 чэрвеня разглядаюць крымінальную справу Сяргея Гняўко. Як піша «Вясна», яго вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК), прычым паўторна. Справу разглядае судзьдзя Юлія Вяршыніна.

Першы раз Сяргея асудзілі паводле гэтага ж артыкулу ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска 5 траўня. Той прысуд невядомы, аднак у большасьці выпадкаў за абразу Лукашэнкі людзей пазбаўляюць волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 чэрвеня: затрымалі актора, які здымаўся для «Белсату»