Прадстаўнік Кіева Кізім: Згадка Лукашэнкам Чынгісхана — апраўданьне падтрымкі агрэсіі

Ігар Кізім

Амбасадар у асаблівых даручэньнях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім пракамэнтаваў заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя падчас візыту ў Манголію.

Лукашэнка ўва Ўлан-Батары некалькі разоў прыгадаў стваральніка Мангольскай імпэрыі Чынгісхана. Паводле яго, Чынгісхан змагаўся за краіну і абараняў сваіх людзей. «Яны гінулі на полі бою тысячамі. Але калі нехта сьмеў пакрыўдзіць яго воіна, ён мячом і агнём зьмятаў паселішчы і гэтых людзей. Што ж адбылося паміж Украінай і Расеяй? А тое ж самае», — сказаў Лукашэнка. Ён таксама заявіў, што Ўкраіна першай увяла санкцыі адносна Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў у Манголіі пра Чынгісхана і адказаў на крытыку мангольскіх СМІ

Ігар Кізім пракамэнтаваў у фэйсбуку гэтыя словы: «Магчыма, для тых, хто меў цярпеньне паслухаць (паглядзець) „гістарычнае“ трызьненьне А.Лукашэнкі з тлумачэньнямі прычынаў удзелу Беларусі ва ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны падчас яго знаходжаньня ў Манголіі, будзе цікава даведацца, што Ўкраіна ня ўводзіла санкцый супраць беларусаў і беларускіх прадпрыемстваў да лістапада 2022 году, гэта значыць усяго праз паўгода пасьля таго, як Беларусь „далучылася“ да расейскай агрэсіі (за што такія санкцыі, уласна, і былі ўведзеныя).

І менавіта гэтым ён тлумачыць свае „дзеяньні“ супраць Украіны. Прычым у 2021-м – пачатку 2022 году адзначаны найбольшы прырост узаемнага гандлю (больш як на 40%, да 7,5 млрд даляраў). Пра гэта я пісаў у сваіх паведамленьнях у Facebook яшчэ ў кастрычніку 2022 году, калі быў амбасадарам Украіны ў Беларусі. За гэта, дарэчы, беларускія апазыцыянэры раскрытыкавалі Ўкраіну за тое, што яна нібыта падтрымлівае дыктатара.

Яны ня могуць патлумачыць Лукашэнку з 2021 году, што ўвядзеньне забароны на палёты „Белавія“ ва Ўкраіну пасьля „вымушанай“ пасадкі самалёта Ryanair у траўні 2021 году — гэта не пытаньне санкцыяў, а выключна бясьпека палётаў, якая рэгулюецца ICAO. Важным для ўсіх было заключэньне ICAO ў гэтым пытаньні, якое паспрыяла б магчымаму аднаўленьню палётаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэзыдэнт Манголіі ў сацсетцы Х: Беларускі дыктатар Лукашэнка — самазванец, яму месца ў турме

Але так сталася, што беларускае кіраўніцтва вырашыла інакш, і цяпер, каб патлумачыць, яго „прыхільнасьць“ да расейскай агрэсіі дайшла нават да фігуры Чынгісхана. Але выглядае, што ўся гэтая гістарычная „блытаніна“ і скажэньне гістарычных фактаў накіраваныя на спробу апраўданьня далейшага ўцягваньня Беларусі ў вайну Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, толькі цяпер у складзе „абноўленай“ імпэрыі пад назвай „саюзная дзяржава“.

І згадка пра Чынгісхана якраз і зьяўляецца апраўданьнем падтрымкі беларускімі ўладамі несправакаванай агрэсіі, жорсткасьці, забойстваў і разбурэньняў Украіны. Хочацца спадзявацца, што беларускі народ усё яшчэ больш падзяляе эўрапейскія каштоўнасьці і прынцыпы суіснаваньня, чым „мэтады“ Чынгісхана раньняга Сярэднявечча», напісаў Ігар Кізім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь ужо частка вайны». Амбасадар Кізім пракамэнтаваў заяву Алейніка пра «спробы прымусіць Менск стаць часткай канфлікту»