«Праходзіў вэрыфікацыю для ўступленьня ў полк „Пагоня“, аднак ва Ўкраіну так і не паехаў», — ByPol пра затрыманага ў Польшчы беларуса

29 траўня 2024 году ў СМІ зьявілася інфармацыя пра затрыманьне Агенцтвам унутранай бясьпекі Польшчы (ABW) двух беларусаў і паляка за падрыхтоўку дывэрсіяў, у тым ліку падпалаў, у Польшчы на заданьне расейскай вайсковай выведкі.

ByPol дае больш падрабязную інфармацыю пра аднаго з затрыманых.

ByPol адзначае, што на абнародаваным здымку пазначаны нумар аўтамабіля, на якім перасоўваліся затрыманыя: 8678 РЭ-7. Як высьветліў ByPol, гэты аўтамабіль належыць грамадзяніну Беларусі Сьцяпану Касьцючэнку, 1987 г.н. Касьцючэнка ў 2019–2020 гады неаднаразова перасякаў на ім беларуска-польскую і беларуска-ўкраінскую мяжу, прычым у аўтамабілі зь ім таксама знаходзіліся грамадзяне Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абвінаваціла двух беларусаў у дзеяньнях па заданьні выведкі Расеі, максымальнае пакараньне — пажыцьцёвае зьняволеньне

Касьцючэнка атрымаў апошні беларускі пашпарт 21.06.2021, у разгар рэпрэсіяў. Інфармацыі пра ягоны ўдзел у пратэстах няма.

Акрамя таго, Касьцючэнка праходзіў 02.03.2022 вэрыфікацыю для ўступленьня ў полк «Пагоня», аднак ва Ўкраіну так і не паехаў, — адзначае ByPol.

Дарадца-пасланьнік амбасады Беларусі ў РФ Аляксандар Шпакоўскі 31 траўня напісаў у сваім тэлеграм-канале: «Адзін з затрыманых беларусаў — „расейскіх шпіёнаў“, па вэрсіі сьледзтва — браў удзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне ў складзе „беларускіх“ бандфармаваньняў кіеўскага рэжыму».