Прэзыдэнтам Мэксыкі ўпершыню стане жанчына

Кляўдыя Шэйнбаўм

Сталі вядомыя папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Мэксыцы.

Наступным прэзыдэнтам Мэксыкі стане Кляўдыя Шэйнбаўм — пераемніца цяперашняга прэзыдэнта і першая жанчына на гэтай пасадзе. Гэта вынікае з вынікаў хуткага падліку галасоў, апублікаванага ЦВК краіны.

Хуткі падлік заснаваны на выпадковай выбарцы выбарчых участкаў. На іх Шэйнбаўм набірае каля 59%, яе галоўная суперніца ад апазыцыі Сочытль Гальвэс — каля 27%, трэці кандыдат Хорхэ Альварэс Майнэс — каля 10%. Перадвыбарныя апытаньні таксама паказвалі перамогу Шэйнбаўм.

Пасьля абвяшчэньня хуткіх вынікаў Шэйнбаўм выступіла зь пераможнай прамовай, адзначыўшы, што супернікі таксама яе ўжо павіншавалі.

Шэйнбаўм адзначыла, што спадзяецца працаваць над будаўніцтвам міру ў ахопленай гвалтам Мэксыцы і зрабіць яе разнастайнай і дэмакратычнай краінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эквадоры штурмавалі амбасаду Мэксыкі і выкралі былога віцэ-прэзыдэнта. Што здарылася

Шэйнбаўм — вучоная ў галіне энэргетычнай інжынэрыі. Яна аўтарка больш за сотню работ па энэргетыцы, экалёгіі і ўстойлівым разьвіцьці. Шэйнбаўм была міністаркай навакольнага асяродзьдзя Мэксыкі яшчэ ў пачатку 2000-х. Урад тады ўзначальваў прэзыдэнт Андрэс Мануэль Лопэс Абрадор, які цяпер сыходзіць.

У 2018 годзе Шэйнбаўм стала першай жанчынай-мэрам сталіцы — Мэхіка. У 2023 годзе яна пакінула пасаду дзеля прэзыдэнцкай гонкі.

Падлік галасоў працягваецца, новы прэзыдэнт Мэксыкі ўступіць на пасаду 1 кастрычніка.

Мэксыка шмат гадоў сутыкаецца з праблемай вайны наркакартэляў паміж сабой. Акрамя таго, вялікая колькасьць мэксыканцаў штогод імкнецца прарвацца ў ЗША, спрабуючы палепшыць сваё жыцьцё. У выніку ўлады ЗША распрацавалі і збудавалі на мяжы загароду, якая абмяжоўвае патрапленьне мэксыканцаў у іх краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз Мэксыку, зь цяжарнай жонкай і дзіцем. Былы азотавец расказаў пра няўдалую спробу страйку і ўцёкі ў ЗША