У пунктах пропуску на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу раніцай 3 чэрвеня, у чэргах прастойваюць 545 легкавікоў і 75 аўтобусаў. Самая напружаная сытуацыя — на беларуска-польскай мяжы, пра гэта сьведчаць зьвесткі маніторынгу Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Па зьвестках на 10:00 3 чэрвеня, у чарзе на выезд у пункце пропуску «Берасьце» чакалі 75 аўтобусаў і 450 аўтамабіляў.
Час чаканьня ў чарзе на мяжы з Польшчай для аўтобусаў перавышае 14 гадзін. Некаторыя перавозчыкі прапануюць сваім пасажырам перасесьці ў аўтобусы, якія стаяць наперадзе, бліжэй да шлягбаўма. Ёсьць паведамленьні і аб большым часе чаканьня?
«Была ўчора ў Берасьці. Там поўны каляпс. 2-3 дні да ўезду ў ЗЧ (зону чаканьня перад пунктам пропуску). Патруль зь міліцыяй і ДПС са зброяй», — падзялілася зь «Люстэркам» сваім досьведам аб сытуацыі з легкавікамі падпісчыца аднаго з чатаў аб перасячэньні мяжы.
Пры гэтым у зваротным кірунку чэргаў практычна няма, паведамляе сайт польскай памежнай службы.
На мяжы зь Літвой у пункце пропуску «Каменны Лог» (зь літоўскага боку — «Меднікі») у чарзе стаіць 45 легкавых аўтамабіляў, вялікай колькасьці аўтобусаў няма. Яшчэ 50 легкавікоў прастойваюць на памежным пераходзе «Беняконі» (зь літоўскага боку — «Салечнікі»). На мяжы з Латвіяй — свабодна.
Акрамя таго, на выезьдзе ў краіны ЭЗ сабралася 2475 фур, больш за ўсё — на беларуска-літоўскай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі пункт пропуску Меднікі прыпыніў афармленьне фураў. Што з чэргамі на мяжы Беларусі і ЭЗ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пункце пропуску «Каменны Лог» правядуць маштабную рэканструкцыю: узмоцняць кантроль і відэанагляд