У ноч на 1 чэрвеня некалькі дзясяткаў чалавек у масках паспрабавалі прарвацца ў офіс найбуйнейшай апазыцыйнай партыі Грузіі — «Адзінага нацыянальнага руху», заснаванага ў 2001 годзе трэцім прэзыдэнтам краіны Міхаілам Саакашвілі, паведамляе «Эхо Кавказа».
«Вандальскі напад працягваўся больш за паўгадзіны. У ім удзельнічалі да сотні нападнікаў. Пашкоджаны фасад офіса, разьбітае шкло, пашкоджаны партыйны інвэнтар», — гаворыцца ў заяве партыі ў Facebook.
Паводле старшыні партыі Левана Хабеішвілі, які знаходзіўся падчас інцыдэнту ў будынку разам з малалетнім сынам, нападнікі былі ўзброеныя камянямі, палкамі і драўлянымі дзідамі. Хабеішвілі паказаў на відэа разьбітыя вокны і камяні, якія нападнікі кідалі ў офіс. Паводле яго, падчас нападу было чуваць гукі агнястрэльнай зброі.
Нападнікі спрабавалі трапіць унутр будынка, але ахова будынка аказала ім супраціў. Сутыкненьне каля дзьвярэй офіса працягвалася каля гадзіны, пасьля чаго пагромшчыкі зьехалі на некалькіх дзясятках аўтамашын, пакінутых непадалёк, распавёў старшыня партыі.
Леван Хабеішвілі лічыць, што пагром арганізавала кіроўная партыя «Грузінская мара» і ў ім нібыта ўдзельнічалі супрацоўнікі сілавых структур, у тым ліку байцы часткі спэцпрызначэньня МУС. Паводле яго, паліцыя прыбыла на месца прыкладна праз гадзіну, хоць цэнтральны офіс МУС знаходзіцца ўсяго за 3 кілямэтры.
У МУС Грузіі грузінскай службе Радыё Свабода паведамілі, што пачалі расьсьледаваньне па артыкуле аб пашкоджаньні чужой маёмасьці па факце нападу.
Старшыня партыі «Адзіны нацыянальны рух» перакананы, што напад сьведчыць пра страх уладаў перад пратэстам супраць так званага «закону аб іншаземных агентах». «Адзіны нацыянальны рух» рэзка крытыкуе дакумэнт.
«Грузінская мара» словы Хабеішвілі і сам інцыдэнт пакуль не камэнтавала.
Днём раней невядомыя пакінулі нецэнзурныя надпісы на офісах няўрадавых арганізацыяў і апазыцыйных партыяў у Тбілісі. Акрамя таго, палітыкі і актывісты пачалі паведамляць пра аднаўленьне тэлефонных званкоў з пагрозамі. А на пачатку траўня аналягічныя факты суправаджаліся зьбіцьцём крытыкаў улады ля пад'ездаў іх дамоў, піша «Эхо Кавказа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Грузіі пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб «іншаземных агентах». Пратэсты ў краіне не спыняюцца- 28 траўня парлямэнт Грузіі пераадолеў прэзыдэнцкае вэта на «закон аб іншаземных агентах». Згодна з канстытуцыйнымі працэдурамі, калі прэзыдэнт Грузіі за 5 дзён не падпіша закон, яго падпіша сьпікер парлямэнту, пасьля чаго закон канчаткова набудзе моц.
- Пасьля прыняцьця закона ў Міністэрства юстыцыі Грузіі будзе 60 дзён на стварэньне рэестру «арганізацый, якія праводзяць інтарэсы замежнай сілы». Рэгістравацца ў ім абавяжуць арганізацыі і СМІ, якія фінансуюцца з замежных крыніц больш як на 20%. За невыкананьне закона ім пагражаюць штрафы, крымінальны перасьлед не прадугледжаны.
- Сотні няўрадавых арганізацый і мэдыя-плятформаў Грузіі, якія фінансуюцца з заходніх фондаў, аб’явілі, што не будуць рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры Мінюсту.
- Закон рэзка раскрытыкавалі прадстаўнікі ЗША і Эўразьвязу.