29 траўня ў Бярозаўцы пахавалі Алену Міронаўну Ашурак. Публікуем фрагмэнты лістоў Вітольда да маці, напісаных у турме.
Алена Міронаўна нарадзілася 13 траўня 1938 году. Жыла ў вёсцы Агароднікі Лідзкага раёну на Горадзеншчыне. Была замужам за Зьбігневам Ашуркам. Той езьдзіў на заробкі будаваць Байкала-Амурскую магістраль. Там перапісаў імя з польскага Зьбігнеў на больш прывычнае ў Савецкім Саюзе Міхаіл. Таму іхныя сыны афіцыйна па бацьку «Міхайлавічы».
Калі старэйшы сын Віталік (так у дзяцінстве называлі Вітольда) быў зусім маленькі, а малодшы Андрэй яшчэ не нарадзіўся, Алена Міронаўна разышлася з мужам. За ўсё жыцьцё дзеці бачылі бацьку толькі некалькі разоў. Іх выхоўвала маці і баба Маня, яны жылі разам.
Маці Вітольда Ашурка працавала на бярозаўскім шклозаводзе. Калі дзецям было 5–6 гадоў, сям’я атрымала кватэру ў пасёлку Бярозаўка. Яны так і засталіся жыць у Бярозаўцы, нават калі вырасьлі і займелі сваіх дзяцей, часта бачыліся з маці.
«Нікуды ня лезьці»
Алене Міронаўне не падабалася палітычная актыўнасьць сына Вітольда, які шмат гадоў быў сябрам БНФ, пасьля — руху «За свабоду», займаўся экалягічнымі праблемамі рэгіёну. Яна прасіла яго «нікуды ня лезьці». Баялася, што яго арыштуюць. Апошні раз яны бачыліся 1 жніўня 2020 году на вясельлі аднаго са сваякоў. Потым Вітольд хаваўся перад прэзыдэнцкімі выбарамі, не выходзіў на сувязь да 9 жніўня, калі яго затрымалі.
Маці Вітольда не наведвала сына ў зьняволеньні праз кепскі стан здароўя. Ёй тады было больш за 80 гадоў. Рэгулярна перапісвалася зь ім. Агулам ад Вітольда маці прыйшло дзевяць лістоў. Ён пытаўся пра ейнае здароўе, запэўніваў, што ёй няма чаго саромецца за сына, і выказваў спадзеў, што ў тым жа годзе вернецца дадому.
21 траўня 2021 году стала вядома, што Вітольд загінуў у шклоўскай калёніі. 25 траўня цела аддалі сваякам і прывезьлі ў родны горад. Палова галавы ў яго была забінтаваная, на целе былі драпіны. Вязень моцна схуднеў. Маці была перакананая, што яго ў турме забілі. 26 траўня Вітольда пахавалі на каталіцкіх могілках у Бярозаўцы.
У канцы 2021 году зь Беларусі зьехаў праз палітычны перасьлед і малодшы сын Алены Міронаўны Андрэй. Больш яны не пабачыліся. Маці прасіла Андрэя, калі яна памрэ, то не прыяжджаць на пахаваньне, каб яго не пасадзілі.
Пакуль магла, Алена Міронаўна рэгулярна наведвала магілу сына. У апошнія паўтара года ейнае здароўе моцна пагоршылася. Яна ўжо не магла выходзіць з дому. Сёлета 27 траўня Алены Міронаўны ня стала. Ёй было 86 гадоў. Сына Вітольда яна перажыла на тры гады. Яе пахавалі асобна ад сына, на праваслаўных могілках у Бярозаўцы, 29 траўня.
Публікуем фрагмэнты лістоў Вітольда Ашурка да маці Алены Міронаўны з захаваньнем аўтарскага стылю і артаграфіі.
№ 1
«Прывітаньне, мама! [...]
Вельмі непакоюся, калі чую, што там, у вас на волі вельмі небясьпечная абстаноўка з „карона-вірусам“. Беражы сябе, мама! Я ведаю, як ты любіш пахадзіць па Бярозаўцы! Але, прашу цябе, сьцеражыся! Хоць маску насі. Упэўнены, што ты так і зробіш.
Як там А. з Т.? Спадзяюся, што яны жывыя-здаровыя. Зразумела, што мне цікава, як жывуць І. з Л. Часьцяком прыгадваю іх вясельле! Якія мы тады былі шчасьлівыя і вясёлыя!
Я ўпэўнены, што мы яшчэ зьбяромся ўсе разам! І А. будзе з намі абавязкова! Ён сьніцца мне. Ты, мама, і не ўяўляеш, якім я сябе адчуваю шчаслівым ад таго, што вы ёсьць у мяне!
Прашу цябе не забывацца і пра жоначку маю Вольгу! Звані ёй час ад часу! Перадавай прывітаньне ўсім, хто памятае і пытаецца пра мяне.
Люблю цябе, мама! Не сумуй, калі ласка!
04.11.2020. Твой сын Вітольд».
№ 2
«Прывітаньне, любая мама!
Ніколі ня думаў, што прыйдзецца пісаць табе з турмы. Але ты лепей за ўсіх ведаеш, што па-іншаму я зрабіць ня мог. Тым больш, што нічога такога, за што было б сорамна, я не зрабіў. Я не ўкраў, не забіў нікога і нікога нават не пакрыўдзіў. Наадварот, я быў на баку тых, каго падманулі. Я стаў на абарону тых, каго пакрыўдзілі і зьбілі. І побач са мною былі самыя лепшыя людзі нашай зямлі — настаўнікі, дактары, бацюшкі, ксяндзы, інжынэры і працоўныя. [...]
Ты мне прысьнілася, мама. Ты прыехала на машыне з Андрэем на вакзал, дзе я чакаў аўтобуса. Я падышоў да вас, абняў маму і спытаўся: „Як ты, мама?“ І ты мяне абняла і як заўжды адказала: „Ну вось будзе табе 80, тады і даведаесься, як мне жывецца“. Мы доўга стаялі і абдымалі адзін аднаго. І мне не хацелася прачынацца. [...]
Не злуйся на мяне, калі ласка за той клопат, што ты маеш цераз мяне! Памятай, што я люблю цябе і паважаю!
Твой сын Вітольд. 12.11.2020»
№ 3
«Мілая мама!
Віншую цябе з Новым годам і Калядамі!
Вельмі моцна хацеў бы апынуцца побач з Табою і абняць цябе і доўга-доўга трымаць у абдымках!!! Спадзяюся, што ў новым 2021 годзе мы абавязкова сустрэнемся! Я люблю цябе, мама! І заўсёды любіў! Трымайся, мама. Я абавязкова прыеду дадому.
18.12.2020 Твой сын Вітольд»
№ 4
«Мілая мама!
[...]
Ведаю, мама, што Ты ня любіш гэтых бальшавіцкіх „сьвятаў“, таму пасылаю Табе паштоўку і віншую з надыходам Вясны! Бо вясна гэта заўжды сонейка і надзея!
Я ўпэўнены, што менавіта вясна прынясе мне свабоду і даруе нам сустрэчу з Табою! Кожны вечар малюся за Тваё здароўе і за дзень, калі буду мець шчасьце абняць Цябе!
Будзь моцнай, мама, як твае сыны!
Абдымаю і люблю,
Твой сын Вітольд.
25.02.2021»
№ 5
«Мілая мая мама!
Пішу Табе, каб запэўніць, што я жывы-здаровы! Вось і зіму перазімавалі! Спадзяюся, што Ты таксама здаровенькая! [...]
Нават, калі нічога пакуль што і ня зьменіцца, то наконт майго пераезду ў калёнію пераймацца ня варта — умовы ў калёніі (як мне распавядалі) яшчэ больш мяккія, чым у турме. Тым больш, што „палітычных“ зараз вельмі шмат і стаўленьне да нас з боку адміністрацыі прымальнае.
Аднак, збольшага я спадзяюся на перамены ў нашай Беларусі, якія маюць адбыцца ў гэтым годзе. Гэта азначае, што я вярнуся дахаты ўжо сёлета.
Так што, мама, не сумуй, калі ласка!
Моцна-моцна Цябе абдымаю і цалую!
Твой сын, Вітольд.
14.03.2021».
№ 6
«Даражэнькая, любая мая мама!
Атрымаў твой ліст ад 14.03.
Яно разарвала маё сэрца.
Таксама як і той дзень у Лідзе, калі мяне мітусліва хутка вялі ў суд, каб ты, мама, мяне ня ўбачыла. А Ты стаяла здалёк і глядзела, каб толькі на хвілінку ўбачыць свайго сына!
Я ведаю, як табе цяжка, як ты пакутуеш ад немагчымасьці ўбачыць і абняць мяне. І ад гэтага маё сэрца камянее. Мацуйся, мая мілая мама! Будзь моцнай і дачакайся мяне.
Памятай, што ў гэтым годзе я прыеду дахаты і мы абдымемся з Табою!
Прабач мяне, што цераз мяне на Цябе звалілася столькі гора і смутку. Але, ты мама, ведаеш, што я павінен быў узначаліць Паўстаньне ў Лідзе! Калі ўжо я спалохаўся бы, то на што тады мы вартыя? Спадзяюся, што Твой бацька, дзед Мірон, ухваліў бы мой учынак. [...]
Люблю Цябе і моцна-моцна абдымаю!
Твой сын Вітольд
22.03.2021».
№ 7
«Прывітаньне, мая мілая, любая мама!
Пішу табе на прыгожай паштоўцы, каб хоць трохі парадаваць цябе! Вельмі сумую па табе і часта малюся, каб Бог даў табе здароўя і моцы дачакацца нашай сустрэчы! Час ад часу ты мне снісься, і ў снах мы з Табой ня сварымся, як бывала ў жыцьці. Увогуле, я з Табою, мама больш ніколі сварыцца ня буду і нікому ня дам цябе нэрваваць!
У мяне ўсё добра. Прыйшла вясна і я чакаю падзей, якія дадуць магчымасьць сустрэцца нам з Табою ўжо ў бліжэйшы час.
Твой сын Вітольд.
22.03.2021. P.S. Беражы сябе!»
№ 8
«Мая любая мама!
Атрымаў учора перад адбоем Твой ліст і доўга чытаў і перачытваў яго! Яно маленькае — усяго некалькі словаў, але такое эмацыйнае і пранізьлівае, што аж сэрца сціскаецца!
Я таксама сумую па табе, мама! Тыя людзі, што гавораць, маўляў дарослым людзям не патрэбна мама — памыляюцца! Я памятаю усё, як ты адна гадавала нас з Андрэем, як табе хацелася, каб мы вырасьлі прыстойнымі людзьмі! І цяпер мне вельмі важна, каб Ты была здаровенькая і радавалася за сваіх дзяцей і ўнукаў!
А яно так і атрымалася! Ты добра выхавала нас з Андрэем! Ніхто ня будзе пароць Табе вочы, што Твае сыны злодзеі, ці афэрысты! Наадварот, мяне пасадзілі менавіта таму, што я казаў праўду і заклікаў не мірыцца з жулікамі.
Каб я, мама, не ўзначаліў нашу Рэвалюцыю ў Лідзе, то пэўна што я сам сябе не паважаў бы! А калі ты ўжо сам сябе не паважаеш, то ці варта чакаць павагі ад другіх людзей? Калі на 135 тысяч людзей Лідчыны ў нас не знайшлося хаця б аднаго, хто ўзяў бы на сябе адказнасьць падняць паўстаньне за Праўду, то хто тады будзе нас, беларусаў, паважаць? [...]
Трымайся, мама! Вер, што 5 год я сядзець не буду! Ідуць перамены і яны прынясуць мне свабоду і сустрэчу з Табой! Памятай мама, што я абавязкова вярнуся дадому!
Моцна-моцна цябе абдымаю!
Твой сын, Вітольд.
14.04.2021».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бярозаўцы памерла маці палітвязьня Вітольда Ашурка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: Дзень памяці Вітольда Ашурка