Навіны палітвязьняў: на Аляксандра Францкевіча ў калёніі завялі новую крымінальную справу

Аляксандар Францкевіч, архіўнае фота

Палітвязьня Аляксандра Францкевіча будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі», паведамляе тэлеграм-канал анархістаў «АЧК-Беларусь».

Паводле інфармацыі каналу, на Аляксандра Францкевіча завялі справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі). Палітвязень да гэта часу знаходзіцца ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу — фактычна гэта камэра з больш строгім рэжымам утрыманьня, куды вязьняў зьмяшчаюць у якасьці спагнаньня за парушэньні).

Аляксандар Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня».

Яго затрымалі ў Менску 12 жніўня 2020 году. Францкевічу ставілі ў віну «арганізацыю масавых беспарадкаў», «стварэньне міжнароднай злачыннай арганізацыі анархістаў», «распальваньне нянавісьці» да міліцыі, зьнішчэньне маёмасьці і іншыя злачынствы (агулам 13 крымінальных артыкулаў КК). 6 верасьня 2022 году Аляксандру прысудзілі 16 гадоў і 9 месяцаў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязьня спачатку накіравалі ў івацэвіцкую калёнію № 5, але пазьней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, зь верасьня 2023 году Францкевіча зьмясьцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА (штрафны ізалятар).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Судзіць мяне вайскова-цывільная адміністрацыя беларускай акругі». Апошняе слова Аляксандра Францкевіча на судзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калёнію ў Івацэвічах, дзе сядзяць 7 палітвязьняў, ліквідуюць. Замест яе зробяць ЛПП