«Сыстэма Гомельскай вобласьці гатовая да пераводу на ваенны час», — заявіў 30 траўня першы намесьнік міністра па надзвычайных сытуацыях Аляксандар Худалееў падчас трэніроўкі па рэсурсным забесьпячэньні пажарнага аварыйна-ратавальнага атраду Гомельскага абласнога ўпраўленьня МНС у ваенны час.
Ён адзначыў, што на працягу двух дзён у паўднёва-ўсходнім рэгіёне адпрацавалі шэраг элемэнтаў гатоўнасьці ў цэлым — ня толькі МНС, але і ўсіх фармаваньняў грамадзянскай абароны да пераводу да дзеяньняў у ваенны час, піша БелТА.
«Правераная гатоўнасьць спэцыяльных фармаваньняў, іх укамплектаванасьць і іншае. У цэлым сыстэма рэгіёну гатовая пры неабходнасьці да пераводу на ваенны час. Разам з тым ёсьць шэраг карэктываў, якія патрабуюць апэратыўнага ўмяшаньня, таму мы выпрацуем кіраўнічыя рашэньні і прымем адпаведныя нарматыўна-прававыя акты, якія дадуць магчымасьць нам у цэлым рэалізаваць і забясьпечыць функцыянаваньне і ўзаемадзеяньне ў пэрыяд падрыхтоўкі і пераводу на ваенныя рэйкі», — заявіў ён.
Чыноўнік нагадаў, што аналягічныя трэніроўкі прайшлі ўжо ў двух рэгіёнах, Гомельская вобласьць — трэцяя.
29 траўня міністар унутраных спраў Іван Кубракоў загадаў правесьці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі тактыка-спэцыяльныя вучэньні для праверкі гатоўнасьці дзяржорганаў да «рэагаваньня і ўзаемадзеяньня ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомельскай вобласьці МНС праводзіць вучэньні «ва ўмовах ваеннага часу»